Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Панамі звацца!» і Віктар Марціновіч


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Неяк мы зь сябрамі жартавалі: лёзунг «Людзьмі звацца!» ўжо неактуальны. Цяпер трэба заклікаць «Панамі звацца!».

Тут ёсьць нюанс. Хто які сэнс укладае ў фразу «людзьмі звацца»?

На радзіме Максіма Танка ў вёсцы Пількаўшчына на Мядзельшчыне мы з прыяцелем спыніліся каля першай сустрэтай бабулі. І не памыліліся, у дзявочым веку бабуля працавала на падворку сям'і Скуркаў, добра памятае Яўгена Іванавіча (Танка) ў маладым узросьце. Сярод іншага пытаемся:

– Дык за кім было лепей: за саветамі ці за палякамі?

– Вядома, за саветамі! За палякамі працавалі не разгінаючыся, а цяперака мае ўнукі ў горадзе (Менску), маюць свае кватэры, свае аўтамабілі.

Працаваць за капейкі на вёсцы – з аднаго боку – і мець кватэру ў горадзе – зь іншага – гэта і ёсьць тая апазыцыя інтарэсаў, канфлікт, які вырашаецца, і пра чалавека гавораць «выбіўся ў людзі».

***
Ідэоляг Юры Шаўцоў піша пра новую кнігу Віктара Марціновіча:

– Я сумняюся ў посьпеху выхаду «сьвядомай» культуры са свайго «гета». Ня першы (раз) у гісторыі гэтай культурнай групы яны спрабуюць спыніць быць маргіналамі. У гэтым культурным коле нават слоган быў сто гадоў таму: «Людзьмі звацца». Але не атрымлівалася ані разу.

Бабулю зь Мядзельшчыны і Юрыя Шаўцова яднаюць уяўленьні пра людзьмі звацца, а адрозьніваюць шляхі да рэалізацыі сваіх жыцьцёвых праектаў.

Бабуля – просты, шчыры, па-дзіцячы наіўны чалавек, якая ня ўлоўлівае розьніцу між «тады» і «сёньня». Што сучасны матэрыяльны дабрабыт ейных унукаў непасрэдна з польскай ці савецкай уладай аніяк не зьвязаны.

У выпадку з Юрыем Шаўцовым і тысячамі іншых сытуацыя адрозная.

Імя Шаўцова ўзятае таму, што мэдыйнае, вядомае, прынамсі, спэцыялістам. У канцы 1980-х Юры – палымяны камсамолец, які рыхтуецца ехаць у Нікарагуа дабраахвотнікам, дапамагаць адстойваць сацыялістычныя ідэалы. На пачатку 1990-х Юры – першы дырэктар адноўленай «сьвядомай» газэты «Наша Ніва» (!). Пасьля лета 1994 Шаўцоў па-ціху пачынае крытыкаваць «сьвядомых», але і ўладу таксама. Дзесьці пасьля 2001 мы назіраем дрэйф палітоляга Шаўцова ў абслугоўваньне ўлады, якая відавочна замацоўваецца ўсур'ёз і надоўга.

Юрыю «пашанцавала», мэтадам спробаў і памылак ён намацаў кірунак, які дазволіў яму «выбіцца ў людзі», ня стаць «маргіналам».

***
«Ня быць скотам, ня быць скотам!», пасьля актуалізацыі вядомага твора Янкі Купалы гуртом «Ляпіс Трубяцкой», я досыць часта кручу ў галаве гэтыя словы.

Разгневаўся на кагосьці, хочаш сказаць крыўднае слова, а тут бац: рэфрэн голасам Сяргея Міхалка. Ня будзь скотам, не рабі, прынамсі, шкоду, калі добрага зрабіць ня можаш.

Што насамрэч меў на ўвазе Янка Купала, калі пісаў «людзьмі звацца», ня ведае ніхто. Таму існуе шмат інтэрпрэтацыяў.

Калі думаць пра сацыяльны кантэкст Расейскай імпэрыі пачатку ХХ ст., то ўсё збольшага памянялася. Нашчадкі герояў верша «А хто там ідзе...» даўно ўжо не «пагарджаныя век, сьляпыя, глухiя». Яны руляць цэлай незалежнай краінай: ад прэзыдэнта да дробных начальнікаў у ЖЭС.

Толькі ўнутрана яны пачуваюцца не панамі/гаспадарамі, а тымі самымі героямі верша «А хто там ідзе...».

Такім чынам «людзьмі звацца» і «ня быць скотам» ператвараюцца ў вартасныя катэгорыі ўнутранага сьвету чалавека.

Калі чалавек, каб «людзьмі звацца», можа дазволіць сабе быць скотам, то застанецца толькі другі пункт.

***
Уявіце, што выкрыцьцё «сьвядомых» робіцца ледзь не адной са спэцыялізацыяў абранай парфэсіі. «Сьвядомыя» гэта: «ралевікі, сэктанты, проста ворагі, якія ненавідзяць свой народ».

І тут раптам: малады аўтар перакладаецца на ангельскую, каціруецца ў літаратурных рэйтынгах Расеі, усё разам папулярызуецца па-беларуску, а адзін раман дык у арыгінале напісаны беларускай мовай.

І ўсё гэта суправаджаецца пасьпяховай PR-кампаніяй унутры і за межамі краіны. Зь вядомага ў вузкіх колах інтэлектуалаў, Віктар Марціновіч ператвараецца ледзь не ў парлямэнтара Беларусі ў сучасным культурным сьвеце.

Ня можа быць, ня вяжацца з канцэптам, які ўжо дзясятак гадоў актыўна прасоўваецца ў мэтавых аўдыторыях:

– Я сумняюся ў посьпеху выхаду «сьвядомай» культуры са свайго "гета" (с).

***
Навязаны тэрмін пра беларускае культурнае гета – панятак-перавёртыш як і «людзьмі звацца». Зь «людзьмі звацца» ўсё проста: для адных гэта сацыяльнае становішча і адпаведны даход, для іншых – унутраная праца і духоўнае мацаваньне.

У гета самі не заходзяць, у гета заганяюць. Гета ахоўваюць звонку. Гета жыве паводле чужых навязаных правілаў.

Асобы і асяродкі, якія спрабуюць прыўнесьці ў жыцьцё грамадзтва штосьці новае ў кожны час у кожнай краіне паўстаюць супраць плыні. Каб замацавацца, яны ствараюць крэпасьці.

Адрозьненьне беларускіх асяродкаў-крэпасьцяў ад гета, вайсковай часткі ці турмы ў тым, што дзьверы ў іх заўжды адкрытыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG