Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмеркаваньне справаздачы Харасьці

На сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве абмеркавалі справаздачу Спэцдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці.


Коратка

18:39 4.6.2013
Міклаш Харасьці ў заключнай прамове зазначыў, што толькі сёньня ён змог уступіць у дыялёг са спадаром Хвастовым.

Харасьці адказаў на крытыку на адрас сваёй справаздачы, настойваў на аб’ектыўнасьці і неперадузятасьці сваіх высноваў, патлумачыў, чаму парушэньні правоў чалавека ў Беларусі не толькі сыстэматычныя, але і сыстэмныя — паколькі яны зьяўляюцца вытворным ад існуючага ладу кіраваньня ў краіне. Спадар Харасьці назваў вельмі важным, каб працэс выкананьня рэкамэндацыяў быў двухбаковы, каб Менск не ўхіляўся ад супрацоўніцтва, паколькі ён ужо 10 гадоў адмаўляецца ад супрацы з камітэтам ААН па правах чалавека.

Як пазытыўныя навіны спадар Харасьці ацаніў паведамленьні аб сустрэчах міністра замежных спраў Беларусі Макея і ягонай намесьніцы Купчыной з прадстаўнікамі Эўразьвязу, іх заявы аб гатоўнасьці да супрацоўніцтва.

Спадар Харасьці заявіў, што ён гатовы далей працягваць мандат дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі, і рабіць гэта аб’ектыўна і неперадузята.


Рашэньне аб працягу мандата спадара Харасьці можа быць ухваленае 6 чэрвеня.
18:12 4.6.2013
У заключнай рэмарцы прадстаўнік афіцыйнага Менску Міхаіл Хвастоў выказаў падзяку тым краінам, якія выступалі за дыялёг па правам чалавека, і нагадаў краінам Эўразьвязу пра масавыя народныя пратэсты ў іх краінах і выказаў гатоўнасьць Менска да дыялёгу па праблемам гэтых краінаў.

«Што датычыць Бяляцкага, ён асуджаны за няўплату падаткаў, ягоныя даходы пацьверджаныя ўрадамі Польшчы і Літвы», — заявіў Хвастоў.
18:06 4.6.2013
Прадстаўніца Freedom House заявіла: «У Беларусі не было свабодных выбараў з 1994 года».
18:03 4.6.2013
Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч вітаў справаздачу Харасьці і заявіў:
  • сытуацыя ў краіне застаецца стабільна кепскай
  • у турмах працягваюць знаходзіцца палітвязьні,
  • выносяцца сьмяротныя прысуды
  • Беларусь ігнаруе рашэньні камітэту па правах чалавека ААН , не выконвае яго рашэньне па асобных скаргах.

Стэфановіч заклікаў ўлады Беларусі вярнуцца да супрацоўніцтва са структурамі ААН і дапусьціць дакладчыка ў краіну.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG