Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кругазварот шкла ў прыродзе, як вядома, бясконцы — і ня менш велічны за кругазварот вады, крыві і гарэлкі. Вось і 6 чэрвеня 1983 году адзін з жыхароў аўстралійскай выспы Мортан зьбіраў на марскім беразе пустыя бутэлькі, каб ператварыць іх увечары ў поўныя, якія затым зноў зробяцца пустыя — і гэтак далей. Карацей, звычайнае чараўніцтва. Адна з бутэлек прыцягнула ягоную ўвагу сваёй незвычайнай формай. Ён адкаркаваў, панюхаў і ўлавіў зусім слабы, але яшчэ адчувальны пах смачнага мужчынскага ласьёну, якім так файна пахмяляцца чэрвеньскай раніцай. Але бутэлька была пустая, як паштовая скрыня асуджанага на знос дома, дый наогул, яе не ўзялі б ні ў водным прыёмным пункце. Расчараваны мортанец з горкім уздыхам гэхнуў сваю знаходку аб камень. І, не даючы веры вачам, утаропіўся ў аскепкі: сярод іх ляжала паперка зь нейкім пасланьнем.

Тэкст быў кароткі, зьмястоўны і напісаны рашучым почыркам чалавека, якому няма чаго губляць. Падамо яго тут цалкам, зь меркаваньняў маралі замяніўшы нецэнзурныя словы і выразы зорачкамі:

«****!
****** ***** **** ********** *** ******, ****** ******* *****
****** ** ***** ******. ***** *** *****!
На борце карабля „Аравата“, 9 чэрвеня 1910 г.»


Узрушаны мортанец прадаў цыдулку журналістам. І ўжо празь некалькі дзён увесь сьвет даведаўся пра гэтае поўнае болю пасланьне зь мінулага, адпраўленае нам неабыякавым продкам.

Доўгі час гэтае падарожжа аднаго пісьма лічылася самым доўгім у гісторыі паштовых адпраўленьняў такога кшталту. Як бачым, яму не хапіла ўсяго нейкіх трох дзён, каб праплаваць у акіяне роўна семдзесят тры гады. Праўда, кажуць, што Хрыстафор Калюмб, толькі-толькі адкрыўшы сваю Індыю, напісаў пра гэта каралеве і кінуў бутэльку з радаснай весткай у мора — на выпадак, калі ніхто зь першаадкрывальнікаў ня зможа вярнуцца назад. Ягоны ліст знайшлі і прачыталі толькі праз трыста пяцьдзясят дзевяць гадоў. Кожнага разу, бываючы ля мора, думаеш пра тое, колькі яшчэ такіх непрачытаных пасланьняў плавае ў ягоных бяскрайніх прасторах. Цудоўная атрымалася б кніжка — анталёгія лістоў, знойдзеных у бутэльках. Хочацца дадаць да іх і свой, але рука не падымаецца. Нашчадкам усё адно, можа, яны і чытаць да таго часу развучацца, а вось мора шкада. Туды і так кожны дзень кідаюць што заўгодна, ***** ** **** *****.
XS
SM
MD
LG