Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што, напэўна, мацней за ўсё шакавала ў гэтай кнізе савецкага, а ў маім выпадку позьнесавецкага чытача: героі былі спрэс брытанцы (і Голдстэйн таксама, так!) і месца дзеяньня было адпаведнае, усё там было нянаскае — і пры гэтым настолькі пра нас.

Гэта ўражвала значна больш за палітычна ангажаваных сьвіньняў і сабакаў у «Фэрме» — да казак усе прывычныя; а вось брытанскі камуна-нацыянал-сацыялізм — гэта было акурат пад дых. Гэта неяк ня ўкладвалася ў галаве, прызвычаенай да таго, што дзе-дзе, а ў іх такое немагчыма. Як касьмічны пірат, якога завуць Сідаравым, як Джэк Васьмёркін. Немагчыма. А калі можа стацца магчымым («1984» з тых кніг, якія па розныя бакі жалезнай заслоны чытаюцца зусім па-рознаму: у выніку хадзячы нонсэнс — дакумэнтальная антыўтопія) — дык на чым тады наогул стаяць сьвету? Палітычная, як улётка, праўдзівая, як «Дзеці Арбату», фантастычная, як марсіянскія брады Брэдбэры, кніга пра каханьне — усё гэта ўмясьцілася ў чатыры лічбы: «1984».

8 чэрвеня 1949 году ў брытанскім выдавецтве Secker and Warburg гэты раман упершыню выйшаў асобным выданьнем. Джорджу Орўэлу заставалася жыць менш за год. Пасьля вайны ад літаратуры чакалі аптымізму — таго, што ў яе заўжды атрымліваецца найбольш бяздарна. Орўэл гэта ведаў. Ён спрабаваў пісаць аптымістычныя рэчы — і, мусіць, застаўся б у гісторыі як неблагі эсэіст, майстар сатыры, журналіст... У лякальнай гісторыі лякальных праблемаў. І ён пасьпяшаўся сказаць тое, што ўсе ведалі і так — але ніхто не наважваўся праводзіць з гэтым веданьнем хімічныя экспэрымэнты, пагатоў — у сябе дома. У яго атрымалася напісаць унівэрсальную кнігу, зь якой давядзецца жыць усім таталітарным рэжымам — пасьля 1949 году кожны, нават непісьменны дыктатар бачыць на сьцяне гэтыя лічбы і ня можа прыбраць іх адтуль, яны не сьціраюцца: ні крывёй, ні гіпнозам, ні палкай.

Так, вядома: раман-выкрыцьцё, раман-папярэджаньне, раман-прысуд. Але для мяне «1984» быў і будзе кнігаю пра каханьне. Вы ня плакалі разам з Ўінстанам і Джуліяй? Я так. Вы не шукалі працяг вершыка пра «званы сьвятога Клямана»? Я шукаў. Каб знаёмства, прывязанасьць і ўзаемны інтарэс зрабіліся ім, каханьнем, гэтаму простаму пачуцьцю трэба здарыцца несвоечасова, нарадзіцца ў самы беспрасьветны, непралазны, цёмны, бесчалавечны час. Калі кахаць, уласна кажучы, забаронена. Ну, хіба што Вялікага Брата...

Ён нездарма завецца менавіта так: сямейнае, сваяцкае, чалавечае адмяняецца. Карлсан — першы кандыдат у пакой 101. Вялікі Брат супраць Лілеброра: жудаснае супрацьстаяньне. Лілеброр перамагае — хаця і здаецца, што ўсё наадварот і 1985 не надыдзе.

У 1984 ішла Афганская вайна (Эўразія супраць Акіяніі). У 1984 Плаціні адкрыў лік у фінале супраць гішпанцаў. У 1984 на экраны выйшаў «Кашмар на вуліцы Вязаў» — а значыць, міністэрства праўды не спрацавала як сьлед. У 1984 мне споўнілася дзевяць. Першыя ўрокі навамоўя і двухдумства я ўжо атрымаў, і часам катаўся з дарослымі ледзьве не да самага будынку міністэрства любові, насупраць якога стаяў бюст нейкага містэра О’Браена — ён і цяпер там, што часам прымушае мімаволі падазраваць, што нешта ня так зь беларускім календаром. Што ж, перапісаць — не праблема.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG