Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводка ў Эўропе ўзмацняецца


З-за моцнай паводкі ўлады Чэхіі былі вымушаныя адкрыць шлюзы на поўдні краіны, каб аслабіць ціск у плацінах. З-за гэтага вялікія масы вады накіраваліся да Прагі.

Узровень вады ў рацэ Влтаве працягвае падымацца і, па прагнозах, да раніцы аўторка дасягне крытычнай адзнакі.

Стыхійнае бедзтва выклікана моцнымі дажджамі. За некалькі дзён у шэрагу краін цэнтральнай Эўропы выпала двухмесячная норма ападкаў.

У Чэхіі ў выніку паводкі загінулі сямёра чалавек, у Аўстрыі – двое і трое лічацца зьніклымі без вестак.

У Нямеччыне на поўдзень краіны адпраўленыя дадатковыя вайсковыя падразьдзяленьні для дапамогі мясцовым жыхарам.

Напрыклад, у баварскім горадзе Пасаў вада дасягнула ўзроўню, які тут не назіралі з XVI стагодзьдзя. Многія раёны горада затопленыя, людзей вывозяць на лодках. У некаторыя месцы ратавальнікі наогул не могуць дабрацца.

У Чэхіі абвешчана надзвычайнае становішча. Каля трох тысяч чалавек у заходняй частцы краіны былі вымушаныя пакінуць свае дамы. У Празе зачынена мэтро.

Узровень вады ў Эльбе таксама дасягнуў крытычнага ўзроўню, які ў апошні раз назіраўся тут у 2002 годзе, калі цэнтральная Эўропа перажыла падобную па сіле паводку.

У Аўстрыі фэдэральная зямля Зальцбург аб'яўлена зонай падвышанай небясьпекі.

У Нямеччыне, у баварскіх гарадах Пасаў і Розэнхайм ўведзена надзвычайнае становішча.

Многія гарады ў землях Саксонія, Цюрынгія і Бадэн-Вюртэмбэрг таксама затопленыя вадой.

У раёне Лейпцыга эвакуяваны сем тысяч чалавек. Усе яны дастаўлены ў спэцыяльныя прытулкі.

4 чэрвеня ў пацярпелыя раёны накіруецца канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

Улады Эўразьвяза заявілі пра сваю гатоўнасьць дапамагчы тром пацярпелым краінам.

Адмыслоўцы папярэджваюць, што вада ў Дунаі таксама прыбывае, і заклікаюць краіны, праз якія цячэ гэтая рака, прыняць неабходныя захады.

Вайскоўцы ў Славаччыне і Вугоршчыне ўзводзяць спэцыяльныя загароды ў месцах, дзе Дунай хутчэй за ўсё можа выйсьці зь берагоў, перадае ВВС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG