Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на паводцы ў Чэхіі загінулі людзі


Паводка ў Чэхіі забрала жыцьці ўжо шасьці чалавек: двое зь іх загінулі пад абломкамі дамоў, якія ня вытрымалі напору вады, трое – патанулі, адзін загінуў ад удару току ў затопленым месцы.

Яшчэ тры супрацоўнікі выратавальнай службы прапалі бязь вестак: вада зьнесла іх у Пльзенскім і Сярэднечэскім краі. Таксама бязь вестак зьнік турыст-воднік, які плыў па рацэ Метуі.

Надзвычайнае становішча, уведзенае 2 чэрвеня на пазачарговым пасяджэньні ўраду, дзейнічае ва ўсіх рэгіёнах Чэхіі за выключэньнем Пардубіцкага краю. Прэм'ер-міністар Чэхіі Пётар Нечас заявіў, што ўрад будзе рабіць усё магчымае для дапамогі грамадзянам: як падчас паводкі, так і пасьля, калі прыйдзецца ліквідаваць нанесеную вадой шкоду.

Для барацьбы з паводкай урад выдзеліў 300 мільёнаў крон (15 мільёнаў даляраў). Таксама было прынятае рашэньне накіраваць на ліквідацыю наступстваў стыхійнага бедзтва 2000 вайскоўцаў, 300 зь іх будуць працаваць у Празе. Першы намесьнік мэра сталіцы Чэхіі Томаш Гудэчэк распавёў, што акрамя ваенных змагацца з паводкай дапамагаюць і добраахвотнікі. Гудэчэк не выключае, што, магчыма, прыйдзецца эвакуяваць жыхароў некаторых раёнаў Прагі.

У сталіцы Чэхіі закрытыя некалькі станцый мэтро і перакрытыя некаторыя вуліцы па берагах рэк. Эвакуяваныя жыхары дому састарэлых і пацыенты адной з бальніц. Для наведваньняў зачынены комплекс будынкаў езуіцкага калегіюма Клементынум, які знаходзіцца ў гістарычным цэнтры на беразе Влтавы. Эвакуяваная частка жывёлаў з праскага заапарку. Перастала працаваць адна з водаачышчальных забудоваў Прагі, якія займаюцца ачысткай дажджавой вады з пражскіх вуліц: з-за дажджу не хапае магутнасьці.

Узровень вады ў Влтаве дасягне максымальных значэньняў не 3 чэрвеня, як паведамлялася раней, а раніцай 4 чэрвеня. Збольшага гэта будзе зьвязана зь неабходнасьцю часткова спусьціць ваду з вадасховішча, якое знаходзіцца вышэй па плыні.

Праліўны дождж працягваецца, асабліва інтэнсіўна ён ідзе ў горных абласьцях на поўначы краіны. У некалькіх рэгіёнах Чэхіі працягваецца эвакуацыя людзей: больш за 2,5 тысячы чалавек ужо былі эвакуяваныя. Прыпынены рух цягнікоў на некаторых участках чыгункі. Без электрычнасьці засталіся тысячы жыхароў Сярэднеческага краю. У некаторых раёнах электрычнасьць адключылі прэвэнтыўна. 3 чэрвеня значна павысіўся ўзровень вады ў рэках на поўначы краіны.

Паводка закранула акрамя Чэхіі Аўстрыю і Нямеччыну. Узровень ракі Дунай ўвечары 3 чэрвеня дасягне 11 мэтраў. Такія ж паказчыкі рэгістравалі і падчас катастрафічнага паводкі ў 2002 годзе. Зараз часткова падтопленыя некаторыя гарады ўздоўж Дунаю ў Ніжняй Аўстрыі – напрыклад, Мельк. Драматычная сытуацыя – у Пасаў. Гэты нямецкі горад стаіць на трох вялікіх рэках: Ін, Ільц і Дунай. Мэтэаролягі прадказваюць, што Дунай упершыню разальецца так жа моцна, як гэта паказана ў сярэднявечных хроніках пачатку XVI стагодзьдзя. Эвакуацыя пагражае 18 тысячам чалавек на ўсходзе і поўдні Нямеччыны.
XS
SM
MD
LG