Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чубрык: Гэта ня вынік Мытнага зьвязу, гэта «рэха» 2011 году


Як мы паведамлялі, днямі былы міністар замежных спраў Украіны Ўладзімер Агрызка заявіў, выступаючы ў ток-шоў «Шустэр Live» на канале «Інтэр», што Беларусь панесла эканамічныя страты пасьля ўступленьня ў Мытны зьвяз.

«За апошні год вырасла цана ў Беларусі на пшанічную муку на 43%, на хлеб – на 42%, на жывёльныя тлушчы – на 31%, мэдыкамэнты – на 27%, на бэнзін – на 25%, на санаторна-аздараўленчыя паслугі – на 89%... Вы такой будучыні хочаце для Ўкраіны?» – спытаў Агрызка.

У наступнай табліцы паказана, якой была інфляцыя ў Беларусі за апошнія 7 гадоў.
Год Індэкс спажывецкіх цэнаў
(сьнежань да сьнежня мінулага году), у %
2005 108
2006 106.6
2007 112.1
2008 113.3
2009 110.1
2010 109.9
2011 208.7
2012 121.8

У чым прычына таго, што інфляцыя ў Беларусі летась была прыкладна ўдвая больш, чым у дакрызісныя 2007-2010 гады (21.8% супраць прыкладна 10%) ? Ці сапраўды, як мяркуе былы кіраўнік украінскага МЗС, у тым, што Беларусь уступіла ў Мытны зьвяз з Расеяй і Казахстанам? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да дырэктара Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандра Чубрыка.

Чубрык: Я б ні ў якім разе не зьвязваў леташнюю інфляцыю з тым, што Беларусь уступіла ў мытны саюз. Па-першае, Беларусь у Мытным зьвязе з Расеяй з 1995 году, новы – гэта перафарматаваньне ранейшага, але не настолькі істотнае. Па-другое, леташняя інфляцыя – гэта відавочныя наступствы, «рэха» 2011 году. Эфэкт дэвальвацыі і павелічэньня грашовай масы ў 2011 годзе перакінуўся ў цэны і 2012 год – працяг наступстваў крызісу 2011 году, які аказаў моцны ўплыў на цэны. Уплыву Мытнага зьвязу тут няма ніякага.

А вось тлумачэньне кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі.

Заіка: Інфляцыйныя працэсы маюць у Беларусі ўласную прыроду. Летась адбыліся істотныя зьмены на энэргетычным рынку. Мы куплялі нафту ў Расеі па 420 даляраў за тону, а нафтапрадукты прадавалі за 835 даляраў. Ну і на газ цэны зьнізіліся на 30% – да 165 даляраў за тысячу кубоў. Адзін з чыньнікаў росту цэнаў – павелічэньне заробкаў. Рэальны заробак павялічыўся на 22% за 2012 год. Спрацаваў мэханізм заробак-цэны. З разьвіцьцём Мытнага зьвязу абвастраецца канкурэнцыя і гэта ўжо бачна ў 2013 годзе, калі на многія беларускія тавары цэны пайшлі ўніз. Напрыклад, на курыныя яйкі зараз цана 7900 рублёў за дзесятак. А яшчэ летась цана была 11-12 тысяч. Расея па бройлерах ужо выйшла на самазабесьпячэньне, па сьвініне таксама, хутка выйдзе па ялавічыне. І паколькі рынак робіцца больш канкурэнтным, то цэны зьніжаюцца. Такая сытуацыя Мытнага зьвязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG