Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфані Кунц, дасьледчыца праблемаў сям'і, піша ў International Herald Tribune пра тое, што сярэднія лічбы даюць часам неадэкватнае, скажонае ўяўленьне пра тую ці іншую сытуацыю.

Сярэднія лічбы карысныя, калі размова ідзе пра рысы, прыкметы, разьмеркаваныя паводле звонападобнай, гаўсавай крывой, большасьць значэньняў канцэнтруюцца вакол сярэдняй, а адхіленьні невялікія. Скажам, ведаючы сярэднюю колькасьць нараджэньняў у сям'і, можна сплянаваць, колькі спальняў трэба рабіць у новых дамах.

Але сярэднія могуць увесьці ў зман, калі разьмеркаваньне моцна адхіляецца ад сымэтрычнага, калі адхіленьні ў той ці іншы бок вялікія. Скажам, у гарадку Ст'юбэнвіль у штаце Агаё сярэдні даход на сям'ю складае прыкладна 50 тысяч даляраў. Але калі б туды прыехалі жыць Уорэн Бафэт і Опра Ўінфры – найбагацейшыя людзі Амэрыкі, то за ноч сярэдні даход ў гарадку падскочыў бы на 60%.

Існуюць і менш штучныя і ўмоўныя прыклады. Скажам, вядома, што дзеці бацькоў, якія знаходзяцца ў разводзе, значна часьцей робяць правапарушэньні, чым дзеці, якія жывуць у поўнай сям'і. Гэта і сапраўды так. Але гэтае адхіленьне дае невялікая насамрэч кола дзяцей у няпоўных сем'ях.

Тое самае – у дасьледаваньнях наступстваў разводаў і страты сужэнца. Зразумела, што сьмерць мужа ці жонкі – гэта моцны стрэс, гора. У сярэднім так яно і ёсьць. Але адмысловыя дасьледаваньні паказалі, што насамрэч – гэта доля параўнальна невялікай колькасьці людзей, для якіх страта сужэнца – незагойная рана на доўгія месяцы і нават гады. У амаль 60% людзей, якія трапілі ў такое становішча, туга даволі хутка, на працягу месяцаў, праходзіць.

У сярэднім людзі, якія жывуць у шлюбе, больш шчасьлівыя, чым тыя, хто жыве адзін. Але як прадэманстравалі дасьледаваньні, толькі 10% апытаных сказалі, што былі нешчасьлівыя да шлюбу, але знайшлі сваё шчасьце ў шлюбе. Ізноў выпадак, калі сярэдні паказьнік уводзіць у зман.

Напрыканцы артыкула аўтарка падкрэсьлівае, што не зьяўляецца праціўніцай сярэдніх, але нельга грунтаваць высновы толькі на іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG