Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах прапануюць насыпаць курган


Удзельнікі талакі ў Курапатах

Удзельнікі талакі ў Курапатах

У панядзелак актывісты талокаў у Курапатах правялі «круглы стол».

Падчас «круглага стала», прысьвечанага 25-годзьдзю публікацыі ў газэце «Літаратура і мастацтва» артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці», кіраўнік беларускага аддзяленьня міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Уладзімер Раманоўскі распавёў, што падчас вялікай талакі, у якой бралі ўдзел 120 чалавек, удзельнікі сутыкнуліся зь вялікай колькасьцю перашкодаў:

«Нягледзячы на дамоўленасьць зь «Зелянбудам», у першы дзень талакі нам паведамілі, што ім працаваць разам з намі забаронена. Давялося ўсе працы весьці самастойна. Цягам тыдня, калі праходзіла талака, некалькі разоў прыходзілі міліцыянты, хацелі забараніць нам працаваць. Тады мы ім сказалі: «Арыштуеце нас – гэта будзе найлепшай рэклямаю талакі». Тады яны пакінулі нас у спакоі».

Кіраўніца ініцыятывы «Ўратуем Курапаты» Ганна Шапуцька паведаміла, што, нягледзячы на шматлікія перашкоды, яна задаволеная тым, як прайшоў першы этап Талакі:

«Прыходзілі людзі, не заангажаваныя ў палітычнае жыцьцё, якія проста пабачылі інфармацыю ў інтэрнэце і вырашылі далучыцца. Той досьвед, які мы атрымалі, будзе вельмі карысны для працягу вялікай талакі, які адбудзецца бліжэй да канца году».

Сьвятар праваслаўнай аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч прапанаваў насыпаць ва ўрочышчы курган:

«Трэба скарыстаць зямлю і пясок, якія прывезеныя на будоўлю «Бульбаш-холу», і насыпаць курган, на якім усталяваць крыж. Трэба, каб курган рос, каб кожны, у каго сваякі былі закатаваныя, прывёз туды жменю зямлі са сваіх родных мясьцінаў. Таксама варта стварыць музэй пакутнікаў курапацкіх і памінальную капліцу. І трэці момант, які неабходны, – гэта крыжы па другі бок кальцавой дарогі, дзе таксама забівалі людзей».

Другі этап талакі будзе прысьвечаны Міжнароднаму дню памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсій і пройдзе 15–22 жніўня. А трэці – Дню ўшанаваньня памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсій у Беларусі, ён адбудзецца 21–28 кастрычніка.

Штоаўторак а 17 гадзіне ўсе ахвотныя могуць далучыцца да валянтэраў, якія прыбіраюць тэрыторыю ва ўрочышчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG