Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 5 чэрвеня: Нарада міністраў абароны краін СНД у Менску, дзень памяці сьв. Эўфрасіні Полацкай і Рональда Рэйгана


Эўфрасіньня Полацкая

Эўфрасіньня Полацкая

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Міжнародны дзень аховы навакольнага асяродзьдзя.

Міжнародны дзень абароны дзяцей-ахвяраў агрэсіі.

Менск, у «Прэзыдэнт-гатэлі» пад старшыняваньнем міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу адбудзецца чарговае пасяджэньне Савета міністраў абароны дзяржаваў-удзельніц СНД. Пачатак у 12.00.

Вена, Пасяджэньне рады кіраўнікоў МАГАТЭ, прысьвечанае ядзернай праграме Ірана.

Брусэль, нарада міністраў абароны краін НАТА.

Прага, перамовы паміж Грузіяй і Расеяй.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1167 – памерла беларуская асьветніца Эўфрасіня Полацкая (паводле новага стылю).

Адносна даты сьмерці сьвятой існуюць розначытаньні. Вось як тлумачыць іх у сваім допісе на Свабоду архіяпіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Сьвятаслаў:

«У розных крыніцах сказана, што яна адышла ў вечнасьць 24 траўня (6 чэрвеня – паводле цяперашняга новага стылю). Тое ж у сьпісках службаў сьвятой, у тым ліку ў выдадзенай у Кіева-Пячэрскай Лаўры ў сяр. 18 ст. Але ў маскоўскіх крыніцах 16-17 ст. запісаны дзень 23 траўня, часам сустракаецца таксама й 22 траўня (што ўжо гаворыць пра памылку ў маскоўскіх рукапісах). Але Сінод РПЦ прызначае датай памяці сьвятое 23 траўня (5 чэрвеня – н. ст.). Кіеўская Лаўра, якая стагодзьдзямі захоўвала пісьмовыя й вусныя паданьні пра сваіх сьвятых, працягвае й дагэтуль сьвяткаваць дзень сьв. Еўпрасіньні 24 траўня, што адмечана ў выданай у 2007 г. Кіева-Пячэрскай Мінэі. Каб выпрасаваць сытуацыю, у гэтым жа годзе Беларускі Экзархат РПЦ усталёўвае дзьве даты памяці сьвятое – 23.05 (5.06) і дзень перанясеньня ейных мошчаў – 24.05 (6.06). Хаця дакладна ведама, што мошчы былі ўнесяны ў Полацкі Спаса-Еўпрасіньнеўскі манастыр 22 траўня 1910 году, а 23 траўня адбыліся ўрачыстасьці. Таму было б верна выправіць гэтыя даты наадварот, і сьвяткаваць як гэта пададзена ў Каляндары БАПЦ».


1723 – нарадзіўся Адам Сміт, ангельскі эканаміст і філёзаф.

1854 – нарадзіўся Юры Пэн, мастак-жывапісец, пэдагог, выбітны дзяяч «габрэйскага рэнэсансу» ў беларускім мастацтве пачатку XX стагодзьдзя.

1870 – нарадзіўся біскуп Зыгмунт Лазінскі, беларускі каталіцкі дзеяч.

1919 – у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Беларускае жыцьцё». Рэдактар Францішак Аляхновіч.

1938 – у Сыбіры ў савецкім канцлягеры расстраляны Юрка Лістапад, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня.

1942 – нарадзіўся Вячаслаў Рагойша, беларускі філёляг, літаратуразнаўца.

1947 – дзяржсакратар ЗША Джордж Маршал выступіў з прамовай у Гарвардзкім унівэрсытэце, у якой выклаў праграму дапамогі пасьляваеннай Эўропе, якая пазьней атрымала назву «плян Маршала».

1967 – на Блізкім Усходзе пачалася Шасьцідзённая араба-ізраільская вайна.

2004 – памёр Рональд Рэйган, 40-ы прэзыдэнт ЗША.

2012 – памёр Рэй Брэдбэры, амэрыканскі пісьменьнік-фантаст.


ЦЫТАТА ДНЯ

Ад цяжкай працы яшчэ ніхто не паміраў, але навошта рызыкаваць?

Рональд Рэйган

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG