Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусам варта павучыцца ў амэрыканцаў, як ставіцца да небясьпекі ад стыхіі»


Жыхар Магілёва Ігар Шары правёў некалькі дзён у штаце Аклахома, які пацярпеў ад моцнага тарнада. Спадара Шарага ўразіла ўзаемадапамога, самаахвярнасьць амэрыканцаў, а таксама тое, як была арганізавана праца ратавальных службаў падчас стыхіі.

Ігар Шары разам зь яшчэ дзевяцьцю беларусамі прабыў у штаце Аклахома некалькі дзён. Тарнада прайшоў за дваццаць кілямэтраў ад гораду Талса, кажа спадар Шары, дзе ён быў па праграме «Community Connection». Жыў жа ён на ранча за горадам. Пра небясьпеку сям’я, у якой жыў Ігар, даведалася загадзя. Амаль тры дні беларус і амэрыканцы пражылі ў чаканьні:

«Мы ведалі, што рабіць, куды ісьці, як сябе паводзіць. Тым ня менш я асабліва не хваляваўся. Хоць амэрыканцы, у якіх я жыў, былі напалоханыя. Першыя ж паведамленьні пайшлі жахлівыя. Асабліва пераймаўся, калі стала вядома, што загінулі дзеці. Рэальна была жалоба. Быў такі прыгнечаны настрой. Увесь час працавала цэлая сыстэма, каб людзі мелі сьвежую інфармацыю. І я бачыў, як журналісты на шрубалёце рабілі рэпартаж, але самі былі ў небясьпецы».

Маштабы дапамогі былі такія, што я быў уражаны. Калі мы прыехалі, то высьветлілася, што яны нават ня ведаюць, куды падзець тую дапамогу. Для іх гэта звычайная справа, але ўражвае тое, што з малых гадоў дзяцей гадуюць у духу — узяць чужы боль
Групе беларусаў выпала папрацаваць у арганізацыі, якая зьбірала і разьмяркоўвала дапамогу пацярпелым ад стыхіі.

«Маштабы дапамогі былі такія, што я быў уражаны. Калі мы прыехалі, то высьветлілася, што яны нават ня ведаюць, куды падзець тую дапамогу. Для іх гэта звычайная справа, але ўражвае тое, што з малых гадоў дзяцей гадуюць у духу — узяць чужы боль».

Наведалі беларусы й мэдычны донарскі цэнтар, дзе амэрыканцы здавалі кроў. Паспрабавалі здаць сваю: «Мы ня здолелі гэта зрабіць, бо паводле амэрыканскіх законаў трэба тры гады жыць у Амэрыцы, каб мець магчымасьць здаваць кроў. Там чарга, і трэба яе выстаяць. Але людзі ідуць і ідуць. Жаданьне дапамагчы — яно шматкроць перавышае тыя патрэбы, якая ёсьць, і гэта дужа моцна ўражвае. Прыспушчаныя амэрыканскія сьцягі надавалі адчуваньня, што ёсьць гора, але людзі разам і дапамагаюць адзін аднаму. Дух падтрымкі пакідаў адчуваньне, што нават вялікае гора можна пераадолець».

Чаму беларусы, будучы ў небясьпецы, усё ж рэагавалі на яе бяз боязі? — пытаюся ў Ігара Шарага.

«Пэўны складнік такі ў нас мэнтальны ёсьць. Як у той прымаўцы: „Неяк будзе“. Пабыўшы шмат гадзін у нашым беларускім Хаўеры, я бачыў шмат праяваў, якія дэманстравалі абыякавае стаўленьне да небясьпекі. А тамака людзі шчыруюць, каб усё зрабіць і зьменшыць пагрозы. Тым ня менш і яны часта трапляюць у небясьпеку, бо знаходзяцца тыя, хто найменш абачлівы».

Пабыўшы непадалёк ад разбуральнай стыхіі ў Амэрыцы, Ігар Шары пры канцы гутаркі зрабіў выснову:

«Змалку год нас усё вучылі, як трэба сябе паводзіць падчас нейкіх ваенных інтэрвэнцыяў, але тыя сховішчы, якія ёсьць, — яны ў занядбаньні. Мы, беларусы, вельмі мала надаем увагі небясьпецы прыроднай. Я перакананы, што абсалютная большасьць беларусаў несур’ёзна ставіцца да гэтых рэчаў. І апавяшчэньне пра небясьпеку ў нас збольшага прафанаванае. І тут ёсьць над чым працаваць».

Ігар Шары шмат гадоў працуе ў сфэры падтрымкі грамадзкіх аб’яднаньняў. Ён сябра грамадзкай установы «Сацыяльныя інтэрвэнцыі», якая дапамагае разьвівацца няўрадавым арганізацыям і лякальным супольнасьцям.

XS
SM
MD
LG