Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяты Пасад занепакоены дыскрымінацыяй хрысьціян у Эўропе — паведамляе Ватыканскае радыё. Дыскрымінацыя ў дачыненьні да хрысьціян «павінна разглядацца як сур’ёзная пагроза для ўсяго грамадзтва» і зь ёй трэба змагацца такім жа чынам, як і «з антысэмітызмам і ісламафобіяй», — прыводзіць радыё заяву біскупа Марыё Тоза.

Заява прагучала на канфэрэнцыі АБСЭ па талерантнасьці, якая адбылася пры канцы траўня ў Тыране. «Хрысьціянам падчас публічных дэбатаў, і ўсё часьцей у судах, нагадваюць, што яны могуць верыць у што хочуць у сваіх дамах і ў сваіх думках, могуць адпраўляць культ у сваіх касьцёлах, але не павінны дзейнічаць паводле сваіх перакананьняў у публічных месцах», — адзначыў ватыканскі герарх.

Ці беларускія хрысьціяне сутыкаюцца з дыскрымінацыяй? Пра гэта ў рэпартажы нашай карэспандэнткі.

У сваім выступе Марыё Тоза нагадаў, што ў Эўропе маюць месца шматлікія выпадкі звальненьня людзей з працы за тое, што «яны жадалі дзейнічаць у адпаведнасьці са сваім хрысьціянскім сумленьнем».

Гэтая тэза нібыта сьпісаная з рэаліяў беларускага грамадзтва. Каталіцкі блогер Кастусь Шыталь: «Дзяржава прымушае людзей — дзяржаўных службоўцаў, супрацоўнікаў дзяржаўнай прэсы, настаўнікаў — хлусіць, маніпуляваць... Ставіць выбар — ці чалавек будзе паводзіць сябе па-хрысьціянску, ці ён будзе звольнены з працы. І гэта таксама дыскрымінацыя хрысьціянаў».

Натальля Васілевіч, рэдактарка парталу «Царква», кажа, што ватыканскі герарх мае на ўвазе цэлую групу зьяваў.

«Гэта рэпрэсіі ў дачыненьні да асобных хрысьціян, арганізацый і цэркваў, зьвязаных з пазыцыяй апошніх датычна гомасэксуальных шлюбаў, пытаньняў рэпрадуктыўнага здароўя і тэхналёгій, прысутнасьці ў школе абавязковых заняткаў па сэксуальнай адукацыі, а таксама забарона кампаніямі і дзяржаўнымі ўстановамі сваім супрацоўнікам насіць хрысьціянскія рэлігійныя сымбалі і інш.

Ці ўсе падобныя выпадкі сапраўды перасьлед — пытаньне неадназначнае, як мы бачым у апошнім рашэньні Эўрапейскага Суду па правах чалавека, калі некалькі „рэлігійных“ спраў былі аб’яднаныя ў адну — супраць Вялікабрытаніі. Адзін з выпадкаў сапраўды быў прызнаны парушэньнем (стуардэсы „Брытанскіх авіяліній“ Надзі Эвэйды ), а іншыя — не.

Стандарты ў гэтай сфэры пакуль фармулююцца і фармуюцца. На мой погляд, „перасьлед хрысьціян“ не зьяўляецца адэкватным тэрмінам для апісаньня сытуацыі, і варта прытрымлівацца традыцыйнага панятку „парушэньне свабоды рэлігіі і веравызнаньня“», — заключае Васілевіч.

У нас лібэральных прэтэнзіяў да хрысьціянства няма, а ёсьць прэтэнзіі постсавецкай ідэалёгіі. Раўняць гэта нельга. Бо лібэральныя каштоўнасьці, з боку якіх ідуць нападкі на хрысьціянства, не прымаюцца сучаснай беларускай ідэалёгіяй
Айцец Аляксандар Шрамко, сьвятар Сьвята-Міхайлаўскага праваслаўнага прыходу, кажа, што клопат Ватыкана выкліканы лібэральнымі прэтэнзіямі да хрысьціянства: «Тут ідзецца пра лібэральную крытыку хрысьціянства — каб не выстаўлялі рэлігійныя сымбалі напаказ, стаўленьне да гомасэксуалізму, напрыклад.

У нас лібэральных прэтэнзіяў да хрысьціянства няма, а ёсьць прэтэнзіі постсавецкай ідэалёгіі. Раўняць гэта нельга. Бо лібэральныя каштоўнасьці, з боку якіх ідуць нападкі на хрысьціянства, не прымаюцца сучаснай беларускай ідэалёгіяй».

Айцец Аляксандар ня можа згадаць выпадкаў, калі б праваслаўных вернікаў звальнялі з працы за веру. Галоўная праблема — праблема свабоды вызнаваньня веры, кажа айцец Аляксандар. Папярэджваюць за незарэгістраваную дзейнасьць, не даюць спраўляць абрады.

Экспэртка па пытаньнях свабоды веравызнаньня Дыяна Шаўцова зазначае, што такой хрысьціянафобіі, як у Эўропе ці ў некаторых ісламскіх краінах, у Беларусі, вядома, няма. На побытавым узроўні, кажа яна, можна гаварыць пра дыскрымінацыю ці неадпаведнае стаўленьне да прадстаўнікоў пратэстанцкага веравызнаньня. Аднак такія выпадкі амаль ніколі не даходзяць да суду, і прыводзіць іх як факты амаль немагчыма.

У Беларусі, дзякуй Богу, такіх выразных выпадкаў хрысьціянафобіі няма. Але нас таксама гэтая тэма клапоціць. Ці сёньня, ці заўтра, ці пазаўтра яна прыйдзе і да нас
Сытуацыя выклікае занепакоенасьць і ў Беларускім экзархаце. Пра гэта кажа прэс-сакратар протаіерэй Сяргей Лепін: «У Беларусі, дзякуй Богу, такіх выразных выпадкаў хрысьціянафобіі няма. Але нас таксама гэтая тэма клапоціць. Ці сёньня, ці заўтра, ці пазаўтра яна прыйдзе і да нас. Мы перажываем, але ж мы рэалісты. Мы клапоцімся пра нашых братоў, якія жывуць у Эўропе, узносім за іх свае малітвы».

Аднак у апошнім дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША аб свабодзе веравызнаньня зазначалася, што закон і палітычная практыка ў Беларусі абмяжоўваюць свабоду веравызнаньня. Аўтары дакладу сьцьвярджалі, што «улады скарыстоўвалі палажэньні закону аб рэлігіі, каб перашкаджаць у дзейнасьці суполак, якія не належаць да Беларускага экзархату РПЦ... перасьледавалі і штрафавалі чальцоў некаторых рэлігійных суполак, асабліва тых, якія разглядаюцца імі як носьбіты замежнага культурнага ўплыву або як палітычныя актывісты. Замежныя місіянэры, духавенства і супрацоўнікі гуманітарных арганізацый, зьвязаныя з пратэстанцкімі цэрквамі і Рымска-каталіцкай царквою, сутыкаліся са шматлікімі перашкодамі, уключна з дэпартацыяй і адмовай у выдачы візы або яе адменай. Былі паведамленьні пра выпадкі зьневажаньня або дыскрымінацыі з прычыны рэлігійнай прыналежнасьці, перакананьняў або практыкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG