Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялічка заклікае да камунікацыі


Улад Вялічка
Улад Вялічка

У Менску прайшла канфэрэнцыя «Паміж „Усходнім партнэрствам“ і „Эўрапейскім дыялёгам аб мадэрнізацыі“», у якой бралі ўдзел прадстаўнікі сямі дзясяткаў няўрадавых арганізацый.

Абраны новы склад Каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай плятформы і рэкамэндаваныя 26 арганізацыяў, якія будуць прадстаўляць «трэці сэктар» Беларусі на сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» ў Кішынёве. Па выніках канфэрэнцыі прынятая рэзалюцыя, у якой адзначаецца адсутнасьць відавочнага прагрэсу з правамі чалавека ў краіне і далейшае пагаршэньне ўмоў для вядзеньня грамадзка-палітычнай дзейнасьці.

Каардынацыйны камітэт Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняе партнэрства» атрымаў новага кіраўніка — ім стаў 40-гадовы Ўлад Вялічка, старшыня міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь». Заменены ім папярэднік, вядомы палітоляг Уладзімер Мацкевіч, у сваім выступе прызнаў: ягоны выхад з камітэту будзе спрыяць зьняцьцю пэўнага напружаньня:

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
«Канечне, гэта вельмі складаны працэс. І мой апошні год, і мой досьвед паказалі, што ўсё робіцца вельмі і вельмі цяжка. Нягледзячы на тое, што я ніяк не адмаўляюся ад сваёй мэты на далейшую кансалідацыю і г.д., палічыў: паколькі мая асоба выклікае шмат нараканьняў, папрокаў, недаверу ды іншага, мне трэба сысьці, трэба саступіць месца чалавеку, які, скажам, ня мае за сабой гэтага шлейфу нэгатыву. Але ж трэба ўлічваць рэчаіснасьць: сёньняшняя ўлада пры сёньняшняй ідэалёгіі недамоваздольная як такая. Тым ня менш мы настойваем на дыялёгу. І для таго, каб гэты дыялёг мог стаць рэальным, грамадзянская супольнасьць і дэмакратычная апазыцыя павінны быць моцнымі і адзінымі. Вось гэта шлях, які мы прапануем: ад дыялёгу ўнутры дэмакратычных сілаў — да дыялёгу зь дзяржавай. Але спачатку павінны ўсе дэмакратычныя сілы дамовіцца паміж сабой. Пакуль гэтай дамовы не існуе, ні пра якія зьмястоўныя выніковыя перамовы ці кантакты зь дзяржавай, зь сёньняшнім рэжымам гаварыць не выпадае».

Новаабраны старшыня Каардынацыйнага камітэту Ўлад Вялічка, за чыю кандыдатуру прагаласавалі прадстаўнікі 37 з 44 зарэгістраваных на канфэрэнцыі арганізацыяў, найбольш важным лічыць — размарозіць сытуацыю ўзаемнага ігнараваньня, якая існуе ў дачыненьнях паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю:

«Сытуацыя, я думаю, усім зразумелая: праблема камунікацый паміж, скажам так, незалежнай і дзяржаўнай часткай грамадзтва відавочная. І пакуль што гэтак жа відавочных рашэньняў гэтай праблемы не існуе. Мяркую, таксама ўсе разумеюць, што праблемы, якія існуюць унутры Беларусі, ня могуць быць вырашаныя без знаходжаньня шляхоў камунікацыі паміж вось гэтымі часткамі грамадзтва. Нацыянальная плятформа ня будзе вынаходзіць нейкія абсалютна новыя шляхі, каб выйсьці з гэтай сытуацыі — тым больш мы ўсе разумеем, што цяпер вельмі далёка ад канчатковага вырашэньня гэтага пытаньня. У нас існуюць праблемы, якія не даюць нават пачаць гэты працэс. Але галоўная задача Нацплятформы — прынамсі забясьпечыць рух у гэтым кірунку, які б крок за крокам набліжаў нас да той сытуацыі, якая ў нашым разуменьні будзе нармальнай».

Карэспандэнт: «Тэндэнцыя на разьмежаваньне даволі пашыраная: і ў дачыненьні да Расеі ўжо можна казаць, што бездань паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладамі пашыраецца, і Азэрбайджан той жа...»

«Так, гэта не выключна беларуская праблема, проста ў нас ёсьць свая вэрсія існаваньня гэтай праблемы. Хутчэй за ўсё, можна казаць, што наяўнасьць гэтых праблемаў — параза рэфарматарскіх колаў нашых грамадзтваў. Фактычна гэта азначае, што прагрэсіўная частка грамадзтва ня ў стане прапанаваць астатняму грамадзтву рэалістычны сцэнар паступовага рэфармаваньня краіны. І калі такая сытуацыя існуе, гэта значыць, што насамрэч дамінуе кансэрватыўная частка, якая кажа: давайце захоўваць тое, што ў нас ёсьць, а не шукаць новых рашэньняў там, дзе, як лічыцца, добра працуюць старыя схемы. Зыходзячы з таго, што грамадзянская супольнасьць, яе роля і месца ў грамадзтве — гэта ўсё ж інавацыя для нас, для нашай краіны (хоць грамадзкі сэктар існуе ўжо 20 гадоў), тым ня менш на агульным узроўні ўсё ж ён не знаходзіць прызнаньня ў большай часткі грамадзтва як важны грамадзкі інстытут. Адпаведна, ня можа атрымаць таго сацыяльнага статусу і рэпутацыі, якія б дазвалялі рухаць гэтае пытаньне наперад».

Удзельнікі канфэрэнцыі выступілі з рэзалюцыяй, у якой канстатавалі адсутнасьць паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Беспадстаўнае ўтрыманьне палітвязьняў, наяўнасьць сьмяротнага пакараньня, абмежаваньне свабоды слова, асацыяцыяў, сходаў, далейшае пагаршэньне ўмоў для вядзеньня грамадзка-палітычнай дзейнасьці застаюцца неад’емнымі элемэнтамі палітыкі беларускіх уладаў. Падкрэсьліваецца, што палітыка беларускіх уладаў застаецца асноўнай перашкодай для разьвіцьця эўрапейска-беларускіх адносінаў, а таксама зьвяртаецца ўвага на неабходнасьць перагледзець шэраг фармулёвак дакладу Эўрапарлямэнту па Беларусі (кіраўнік — дэпутат Юстас Палецкіс) для абгрунтаванай і дакладнай ацэнкі грамадзка-палітычнай сытуацыі і стану правоў чалавека ў Беларусі.

Улад Вялічка нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску, выпускнік гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту. У структурах «трэцяга сэктару» без малога 20 гадоў, сузаснавальнік шэрагу грамадзкіх арганізацый і сетак. Цягам апошніх гадоў забясьпечвае ўдзел беларускіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў ініцыятыве Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства»: у 2009-м быў нацыянальным каардынатарам, у 2010–2011-м — сустаршыня кіраўнічага камітэту форуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG