Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Батура, які «не дрыжыць перад вышэйшым кіраўніцтвам»

абноўлена

8 лістапада Аляксандар Лукашэнка звольніў кіраўніка Менскага аблвыканкама Барыса Батуру. Прапануем вашай ўвазе з архіву Свабоды дасьледаваньне, прысьвечанае Барысу Батуры.

Барыс Батура, якому напрыканцы ліпеня споўнілася 66 гадоў, ачольвае самую вялікую і эканамічна разьвітую вобласьць Беларусі — Менскую. Назіраючы за рухам гэтага чыноўніка па службовай лесьвіцы, многія кажуць: такія людзі застаюцца на плыву пры любой сыстэме і пры любым начальніку.У Барыса Батуры найбольшы кіраўнічы досьвед сярод усіх «губэрнатараў». Ён адзіны, хто кіраваў дзьвюма абласьцямі — Магілёўскай і Менскай. Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Ярашук працаваў некаторы час першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму і добра ведае сытуацыю ў вобласьці:

«У параўнаньні з кіраўнікамі, якія працавалі да яго, Батура выглядае нашмат больш прыстойным чалавекам. Той жа Дамашкевіч быў адметны тым, што арганізаваў проста расправу над кадрамі Менскай вобласьці. Ён быў неапраўдана жорсткім у адносінах зь людзьмі. Яго зьмяніў Крупец, які апынуўся не на сваім месцы і, з майго пункту гледжаньня, наагул не адбыўся як губэрнатар. А Батура — адзін з найбольш моцных кіраўнікоў усіх шасьці абласьцей. І мая ацэнка яго як кіраўніка менавіта станоўчая».

Кваліфікаваным кіраўніком называе Барыса Батуру і былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір: «Ведаю яго вельмі даўно, яшчэ з тых часоў, калі ён працаваў у Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Адносіўся да абавязкаў сумленна. Граматны, кваліфікаваны, добра падрыхтаваны спэцыяліст. Ён даў згоду працаваць у гэтай сыстэме і працуе ў гэтай сыстэме. Я яе ня вельмі ўхваляю. Але тут ёсьць факт: чалавек пагадзіўся зь ёй і працуе ў ёй».

Вядома, калі б Барыс Батура не прыняў гэтую сыстэму, ён ніколі б не падняўся амаль да самога верху ўладных структураў, — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Губэрнатар у нас азначае чалавек вернападданьніцкі. То бок ён павінен быць верным прэзыдэнту, уладзе
Леанід Заіка
«Губэрнатар у нас азначае чалавек вернападданьніцкі. То бок ён павінен быць верным прэзыдэнту, уладзе. Тым больш цяпер у нас губэрнатар — гэта яшчэ і генэрал. І калі ён адначасова і генэрал, і губэрнатар, то што гэта? Гэта зьява сучаснай Беларусі. Калісьці гэта, безумоўна, мінецца. А пакуль гэта вельмі цікавы гістарычны момант».

Заўважана, што Батуру крытыкуюць значна меней, чым іншых «губэрнатараў». Так робіць нават Аляксандар Лукашэнка. Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб тлумачыць гэта так:

«Мне ў цэлым падабаецца падыход Батуры да спраў, да людзей — больш-менш спакойны, разважлівы. Ён нават і не дрыжыць перад вышэйшым кіраўніцтвам. І спакойна трымаецца, і адказвае на пытаньні.

Ён здольны кіраўнік. Працаваў у Магілёўскай, вельмі няпростай, вобласьці. Адтуль прыйшоў у Савет Рэспублікі. Тут ён не затрымаўся і папрасіўся на вобласьць. Адзін гэты ўчынак заслугоўвае пахвалы. Ён паглядзеў, што ў Савеце Рэспублікі сапраўднаму чалавеку няма чым займацца. Тут няма ніякай працы, тут проста нейкае адседжваньне, трата часу. Ён папрасіўся на рэальную працу. Менская вобласьць — таксама ж няпростая вобласьць, складаная вобласьць. Ён ня робіць ніякіх палітычных заяў, выконвае свае гаспадарчыя функцыі».

Факты з жыцьця Барыса Батуры




Наяўнасьць на тэрыторыі вобласьці сталіцы моцна ўплывае на эканоміку, — адзначае Аляксандар Ярашук: «З пункту гледжаньня эканомікі, прынамсі таго ж аграпрамысловага комплексу, гэта, вядома, трэба разглядаць як вялікую перавагу для гаспадарнікаў — пад бокам вельмі вялікі і ёмісты рынак. А маючы на ўвазе, што тут сканцэнтраваныя і органы кіраваньня ды іншыя ўстановы, якія так ці інакш уплываюць на стан эканомікі, то Менскую вобласьць трэба разглядаць як рэгіён, які мае перавагу перад астатнімі.

Мінусы Менскай вобласьці вынікаюць менавіта зь яе плюсоў. Калі ў цябе пад бокам Менск, то трэба быць гатовым да таго, што ў цябе будзе стварацца дэфіцыт кадраў. У выніку ствараўся эфэкт сілы, якая вымятала кадры з рэгіёнаў, асабліва тых, што непадалёк ад Менску».

Кіраваць Менскай вобласьцю цяжэй, чым любой іншай, — перакананы Міхаіл Чыгір: «Усе астатнія вобласьці маюць у сваім складзе буйныя гарады, абласныя цэнтры. А сталіца Менскай вобласьці — найперш сталіца ўсёй Беларусі. І гэта адбіваецца на фармаваньні абласнога бюджэту. І значна цяжэй працаваць, калі ў вобласьці няма высокага прамысловага патэнцыялу. Хоць тут ёсьць і Жодзіна, і Барысаў. Але ж тут працаваць складаней».

Увесь сэнс губэрнатарства ў Менскай вобласьці, калі ты чалавек ашчадлівы, гэта — гандаль зямлёй: продаж участкаў зямлі, яе афармленьне ды іншае — усім знаёмым, сваякам, намэнклятуры ды іншым
Леанід Заіка
Магчыма, гэта і так, пагаджаецца з думкай экс-прэм’ера Леанід Заіка. Але галоўны капітал тут — не прамысловыя прадпрыемствы і не аграрныя комплексы, тлумачыць навуковец:

«Увесь сэнс губэрнатарства ў Менскай вобласьці, калі ты чалавек ашчадлівы, гэта — гандаль зямлёй: продаж участкаў зямлі, яе афармленьне ды іншае — усім знаёмым, сваякам, намэнклятуры ды іншым. Нават у савецкія часы старшыня аблвыканкаму лічыўся самым багатым чалавекам. Пра гэта мне, памятаю, казалі мае сябры зь Дзяржпляну СССР. Выдзеліць зямлю на будоўлю заводу, фабрыкі, інтэрнату, дома... Усе хочуць пабудаваць дамы, асабліва за накрадзеныя грошы. Ой, колькі ахвотных!»

Імя Барыса Батуры часта ўжываюць побач зь яшчэ адным прозьвішчам — Міхаіла Мясьніковіча.

Батура за сьпінай Мясьніковіча
Батура за сьпінай Мясьніковіча


І справа ня толькі ў тым, што яны працавалі разам у адным і тым жа міністэрстве — жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Гэтыя людзі ўвасабляюць тое пакаленьне чыноўнікаў, якія не агучваюць сваіх палітычных амбіцыяў і застаюцца пры ўладзе пад любым начальствам, — заўважае Аляксандар Ярашук: «Яны аднолькава мысьляць. Мысьленьне іх рынкавае. Што адзін, што другі — людзі прагрэсіўныя. Але абодва, з майго пункту гледжаньня, свой патэнцыял рэфарматараў так і не рэалізавалі. І ня маюць магчымасьці яго рэалізаваць. І вось гэта, вядома, выклікае жаль. Як я мяркую, Мясьніковічу была б па плячу гэтая маштабная роля, як і, дарэчы, Батуру».

Я больш люблю займацца нармальнай справай, гаспадарчай дзейнасьцю. Вось я гэтым і займаюся. А ўзначаліць палітычную партыю ў мяне няма ніякага жаданьня
Барыс Батура
У вялікую палітыку Барыс Батура ісьці ня хоча. Нядаўна журналіст СТБ спытаў яго: «А вы хацелі б узначаліць якую-небудзь партыю?» Адказ «губэрнатара» прагучаў так:

«Не, я больш люблю займацца нармальнай справай, гаспадарчай дзейнасьцю. Вось я гэтым і займаюся. А ўзначаліць палітычную партыю ў мяне няма ніякага жаданьня».




«Барыс Батура імкнецца абыйсьці вострыя вуглы. У гэтым я пераканаўся, калі аднойчы трапіў на яго прэсавую канфэрэнцыю», — кажа галоўны рэдактар газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас:

«Я задаў яму пытаньне пра тое, што наша выданьне адсутнічае ў продажы праз шапікі Мінаблсаюздруку. Спадар Батура мне адказаў: вы прыватнае выданьне — і вы самі вырашайце гэтае пытаньне. Так ён успрыняў маё пытаньне. І ніякай дапамогі ад яго ў гэтым сэнсе фактычна не было.

Мне даводзілася зьвяртацца да яго па дапамогу і як прыватнай асобе. Але мяне накіравалі да аднаго зь ягоных намесьнікаў. Той мяне выслухаў і сказаў, што калі я буду ў Барысаве, то мы ваша пытаньне паспрабуем вырашыць. Ён пабываў у нашым горадзе і закрануў гэтае пытаньне. Але барысаўскія чыноўнікі нічога на гэты конт не зрабілі. Таму мне давялося ў другі раз зьвярнуцца да ягонага намесьніка. Гэтым разам той мяне не прыняў. Сакратарка сказала, што ваша пытаньне мы ведаем, і ён вам патэлефануе. Але званка я так і не дачакаўся».

Чыноўнікі навучыліся загароджваць дарогу да «губэрнатара» — распавядае былая настаўніца гісторыі зь вёскі Талька Пухавіцкага раёну Натальля Ільлініч. Яна была актывісткай партыі БНФ, і ад яе патрабавалі, каб яна адмовілася ад сяброўства ў палітычнай партыі. Дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Натальля Меркуль звольніла настаўніцу вышэйшай катэгорыі Натальлю Ільлініч пасьля таго, як у яе доме адбыўся ператрус у зьвязку з падзеямі 19 сьнежня 2010 году ў Менску.

Чыноўнікі навучыліся загароджваць дарогу да «губэрнатара»
Натальля Ільініч
Спадарыня Ільлініч шукала справядлівасьці ў Менску: «Калі мяне выганялі, яшчэ быў не Батура, а іншы кіраўнік, прозьвішча якога я ня памятаю. Прыяжджаў нават у нашу школу ягоны намесьнік Шэдзька, каб высьвятляць і разрульваць гэтую сытуацыю. Цяпер ён ужо ў Палаце прадстаўнікоў, побач з Данілевіч, якая цяпер таксама дэпутат, а мяне ў свой час выганяла з працы. Гэты Шэдзька са мной размаўляў нават сам-насам і казаў, што вы ж павінны зразумець, я не хачу, каб да ўлады прыйшоў Пазьняк. І выснова была такая — з вашымі поглядамі вы ня можаце працаваць у школе. Як я разумею, гэта ня быў яго самастойны вывад.

Прыяжджаў і тагачасны памочнік прэзыдэнта па Менскай вобласьці Іванчанка. Ён цяпер, дарэчы, таксама ў палаце. Атрымліваецца, што ўсе трое, хто мяне гнаў, цяпер дэпутаты. Іванчанка ў клюбе прылюдна сказаў, што вы нам не падыходзіце па сваіх поглядах. Мы перамаглі на выбарах, народ падтрымаў прэзыдэнта, а ваша партыя супраць усяго, што робіць прэзыдэнт».

Пасьля таго як тры высокія чыноўнікі выступілі супраць мяне, не было ніякага сэнсу зьвяртацца да «губэрнатара», — падсумоўвае былая настаўніца.

Барыс Батура ў атачэньні чыноўнікаў
Барыс Батура ў атачэньні чыноўнікаў



«Моўная сытуацыя ў Менскай вобласьці параўнальна зь іншымі рэгіёнамі трохі лепшая», — лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў: «У нас ёсьць некалькі раёнаў амаль цалкам беларускамоўных. Гэта — Капыль, дзе амаль усе школы беларускія па сёньняшні дзень. І ў Клецкім раёне большасьць школ беларускамоўных. Капыль і Клецк засталіся такімі выспачкамі. А ў цэлым беларускамоўных школ у Менскай вобласьці значна болей, чым ва ўсіх суседніх».

Праўда, заслугі «губэрнатара» ў гэтым няма. Тут ёсьць іншыя прычыны, — на прыкладзе Капыля тлумачыць спадар Трусаў: «Гэта такі непалоханы край, дзе няма прамысловасьці. Дзе ніколі не было многа вайсковых базаў. То бок не было і рускіх чыноўнікаў, якія закрывалі беларускія школы. Вось і атрымалася ў цэнтры Беларусі такая нечаканая выспачка, заселеная цалкам беларусамі. А ў савецкія часы туды індустрыялізацыя не дабралася. Вось такі запаведнік беларускі».

Памятаю, адзін з былых амбасадараў Польшчы ў Беларусі казаў мне, што ён заўжды любіў сустракацца з Барысам Батурам. Дыплямат тлумачыў гэта тым, што Батура не падобны да іншых беларускіх чыноўнікаў. Маўляў, ён ведае і як відэлец трымаць, і калі нажом карыстацца, і як увайсьці, і як устаць... Вельмі шляхетнага чалавека ён нагадвае, арыстакратычнага, — падсумоўваў амбасадар.

Гэтую думку падзяляе і Аляксандар Ярашук: «Ён насамрэч вельмі інтэлігентны. І адчувацца парода. Батура з заходніх беларусаў, выхадзец з Ваўкавыску. І, канечне, з генэтыкай там усё ў парадку. Які там канкрэтны радавод, цяжка гаварыць. Але я не зьдзіўлюся, калі раптам пацьвердзіцца, што там ёсьць сувязь з Баторыямі — выбітнымі асобамі нашай слаўнай мінуўшчыны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG