Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачынаецца суд над інфарматарам Wikileaks


Джуліян Асанж і Брэдлі Мэнінг

Джуліян Асанж і Брэдлі Мэнінг

Брэдлі Мэнінгу пагражае максымальнае пакараньне ў выглядзе 154 гадоў турэмнага зьняволеньня

Сёньня перад судом вайсковага трыбуналу ў Фортмідзе у штаце Мэрыленд стане шараговы амэрыканскай арміі Брэдлі Мэнінг (Bradley Manning) па абвінавачваньні ў перадачы сакрэтных вайсковых дакумэнтаў сайту Wikileaks.

Паводле абвінавачаньня, Мэнінг у 2009-2010 гг. перадаў сайту Wikileaks 250 тысяч копій дыпляматычных пасланьняў і 500 тысяч вайсковых дакладаў аб сытуацыі ў Аўганістане і Іраку.

Мэнінг прызнаў сябе вінаватым па 10 з 22 пунктаў абвінавачаньня, але адхіляе самае сур’ёзнае зь іх — абвінавачваньне ў дапамозе ворагу.

Уцечка сакрэтнай дакумэнтацыі, спрычыненая Брэдлі Мэнінгам, лічыцца самай маштабнай у гісторыі ЗША.

Калі яго прызнаюць вінаватым па найбольш сур’ёзных пунктах абвінавачваньня, 25-гадоваму Мэнінгу пагражае максымальнае пакараньне ў выглядзе 154 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Шараговы Мэнінг, які быў арыштаваны ў траўні 2010 году ў Іраку, не адмаўляе факту перадачы дакумэнтаў. У лютым сёлета ён заявіў судзьдзям, што раскрыў сакрэтную дакумэнтацыю з мэтай выклікаць грамадзкае абмеркаваньне зьнешняй і абароннай палітыкі ЗША.

Бок абвінавачваньня, якія прадстаўляе ўрад ЗША, сьцьвярджае, што ўцечка дакумэнтацыі нанесла шкоду нацыянальнай бясьпецы і паставіла пад пагрозу жыцьцё амэрыканскіх вайскоўцаў.

У выпадку абвінаваўчага прысуду з тэрмiну турэмнага зьняволеньня, якім бы ён ні быў, Мэнінгу аднімуць 112 дзён. Гэта будзе зроблена ў сувязі з тым, што судзьдзя прызнаў факт жорсткага абыходжаньня з шараговым на працягу яго дзевяцімесячнага знаходжаньня ў вайсковай турме пасьля арышту.

Заснавальнік рэсурсу Wikileaks, аўстраліец Джуліян Асанж, хаваецца ў амбасадзе Эквадору ў Лёндане. У чэрвені 2012 году Асанж папрасіў палітычнага прытулку ў гэтай амбасадзе, каб пазьбегнуць экстрадыцыі ў Швэцыю, дзе яго вінавацяць у злачынствах сэксуальнага характару, якія ён адмаўляе.
XS
SM
MD
LG