Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуня Міятавіч: інтэрнэт-СМІ не павінны цярпець перасьлед


Дуня Міятавіч

Дуня Міятавіч

3 чэрвеня пачаўся візыт у Менск прадстаўніцы АБСЭ па свабодзе СМІ Дуні Міятавіч. Прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ сустрэнецца ў Менску з прадстаўнікамі ўладаў і журналістамі.

3 чэрвеня яна выступіла на адкрыцьці сэмінара-трэнінгу для беларускіх журналістаў «Інтэрнэт-СМІ: свабода, прафэсіяналізм і ўстойлівае разьвіцьцё».У ім бяруць удзел прадстаўнікі незалежных і афіцыйных беларускіх СМІ.

Дуня Міятавіч заявіла пра сваю прынцыповую пазыцыю адносна цэнзуры ў інтэрнэце:

“Свабода ў інтэрнэце абмяркоўваецца сёньня ва ўсіх краінах сьвету. Інтэрнэт вызначае тое, як мы будзем размаўляць паміж сабой у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Менавіта таму ў гэтай галіне нельга рабіць памылак і няправільных крокаў. Менавіта таму інтэрнэт-СМІ не павінны цярпець перасьлед”.

Падчас візыту Міятавіч сустрэнецца зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем і прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта, Палаты прадстаўнікоў, Вярхоўнага суда і Міністэрства інфармацыі.

Заплянаваныя таксама сустрэчы Міятавіч з сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага саюза журналістаў, актывістамі грамадзянскай супольнасьці, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Дуня Міятавіч наведвала Беларусь у кастрычніку 2010 года. Яна таксама хацела прыехаць у Менск адразу пасьля жорсткага разгону акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 года. Сярод соцень затрыманых дэманстрантаў былі і незалежныя журналісты, у тым ліку Ірына Халіп і Натальля Радзіна.

Яны праходзілі як падазраваныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і ўтрымліваліся ў сьледчым ізалятары КДБ. Міятавіч двойчы зьвярталася зь лістамі да міністра замежных спраў Беларусі з просьбай дапамагчы арганізаваць яе візыт у Менск, аднак рэакцыі на яе лісты не было.

Міятавіч неаднаразова крытыкавала афіцыйны Менск за сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі і перасьлед незалежных журналістаў.
XS
SM
MD
LG