Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі памерла першае дзіця, якое забаранілі ўсынавіць амэрыканцам


Дзень дзіцяці ў Маскве

Дзень дзіцяці ў Маскве

У Ніжагародзкай вобласьці памерла першае хворае дзіця, якое не далі ўсынавіць ў ЗША паводле «закону Дзімы Якаўлева», паведамляе «Коммерсант».

Як піша карэспандэнт выданьня Вольга Аленава, дзіця «хацелі забраць амэрыканцы» і ўжо пачалі афармляць дакумэнты. Але прыняты закон заблякаваў магчымасьць усынаўленьня, і хлопчык застаўся ў Расеі. «У яго быў складаны парок сэрца, лекары не адразу яго распазналі, і дзіця памерла. Ніхто ня ведае, дзе яго пахавалі. Валантэры баяцца пра гэта гаварыць. І напісаць запыт кіраўніцтву канкрэтнай установы аб тым, што здарылася зь дзіцём, нельга: валантэры баяцца страціць адзіную магчымасьць прыходзіць у дзіцячы дом», – сьцьвярджае яна.

Аленава тлумачыць, што амэрыканскія бацькі былі выключэньнем, бо заканадаўства ЗША дазваляе ўсынаўляць з-за мяжы нават цяжкахворых дзяцей, якія патрабуюць дарагога лячэньня. У суседняй Канадзе ёсьць сьпіс дыягназаў, зь якімі з-за мяжы ўсынаўляць нельга. А ў Эўропе ні ў адной краіне няма такіх страховак, якія былі ў амэрыканцаў, адзначае яна.

Спэцыяліст ва ўсынаўленьні Алена Сінкевіч, якая працавала раней з амэрыканскімі парамі, называе яшчэ шэсьць выпадкаў, калі прыёмным бацькам не далі забраць «цяжкіх» дзяцей з расейскіх дзіцячых дамоў. «Яны прайшлі ўсю працэдуру ўсынаўленьня, сустрэліся зь дзецьмі, заставалася прыйсьці на судовае паседжаньне, каб атрымаць дазвол на ўсынаўленьне. Але антысіроцкі закон выйшаў крыху раней за судовыя паседжаньні. Усе гэтыя сем'і падалі дакумэнты ў суд. Іх справы адкладалі некалькі разоў. Спачатку расейскія судзьдзі чакалі тлумачэньняў Вярхоўнага суду. Потым яны пераносілі паседжаньні так, каб пазоўнікі пра гэта даведваліся па факце слуханьняў, якія прайшлі, і не пасьпявалі прыляцець на суд. Усім шасьцярым было адмоўлена ... Гэтыя шэсьць сем'яў павінны былі ўсынавіць ў Расеі чацьвярых дзяцей з сындромам Даўна, аднаго – зь ВІЧ, аднаго – з ДЦП», – паведамляе Аленава.

«Закон Дзімы Якаўлева», закліканы стаць адказам на амэрыканскі «акт Магніцкага», уступіў у сілу 1 студзеня 2013 году. Расея выйшла з пагадненьня аб усынаўленьнi з ЗША, і амэрыканскія грамадзяне страцілі магчымасьць усынаўляць дзяцей з Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG