Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Алесю Бяляцкаму трэці гадзіньнік?


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Палітвязень Алесь Бяляцкі у апошнім лісьце паведаміў жонцы, што атрымаў рэчавую перадачу і асабліва дзякаваў за перададзены ручны гадзіньнік.

«Гэта ўжо трэці гадзіньнік, які ў яго будзе за час знаходжаньня ў калёніі. Першы зламаўся, другі сарваўся з рукі і разьбіўся. Хай бы з гэтым больш пашанцавала!», — пракамэнтавала навіну Натальля Пінчук.

Чаму гэтак патрэбны гадзіньнік вязьню ў калёніі, дзе, здаецца, ўсё адбываецца па раскладзе? Натальля Пінчук гэтак адказала на такое пытаньне:

«Дакладна ня ведаю, але магу меркаваць, што як раз жорсткі расклад і патрабуе ад вязьняў звышпільнасьці і дакладнасьці. Калі я наведвала тую калёнію, то назірала, як праходзіць ў іх пастраеньне. Там хвіліна замаруджваньня можа каштаваць вязьню спагнаньня. А гэта можа прывесьці і да абмежаваньня ў пасылках, у званках ці нават сустрэчах са сваякамі. Яшчэ Алесю, магчыма, проста патрэбна паглядзець на гадзіньнік падчас працоўнага дня. Калі зьмена заканчваецца, павялічваецца стомленасьць, і трэба ведаць, колькі часу засталося. Падобныя рэчы вельмі важныя псыхалягічна. Мы на волі ня можам і ўявіць, ад якой нібыта драбязы залежыць стан чалавек ў няволі».

Алесь Бяляцкі ў Бабруйскай калёніі працуе на ўпакоўцы вырабаў, якія шыюць іншыя вязьні. У лістах Алесь паведамляў, што працаваць даводзіцца шмат.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня нібыта за ўтойваньне вялікіх прыбыткаў з-за мяжы. У судзе Бяляцкі тлумачыў, што гэта былі грошы, якія цалкам ішлі на дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG