Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Севярынец: З больш як 2 тысячаў лістоў атрымаў толькі адзін негатыўны


Павал Севярынец

Павал Севярынец

Палітвязень Павал Севярынец кажа, што ўсталяваў сваеасаблівы асабісты рэкорд: на «хіміі» ў вёсцы Куплін атрымаў ужо больш за 2 тысячы лістоў.

«За мінулую „хімію“, ў Малым Сітна Полацкага раёну, было 1850 лістоў, за гэтую ужо больш за 2 тысячы, хаця тэрміны супадаюць — 1 год і 9 месяцаў», — падлічыў Павал Севярынец.

Хто і пра што піша палітвязьню? Паводле Паўла Севярынца, амаль кожны другі ліст пачынаецца словамі «вы мяне ня ведаеце, але я вось чуў (чула) ці чытаў ( чытала) пра вас ...». Пішуць палітвязьню ў асноўным, як ён вызначае, каб маральна яго падтрымаць. Другая мэта — каб падзяліцца сваім поглядам на сытуацыю ў Беларусі. З некалькімі сотнямі адрасатаў у Севярынца наладзілася трывалая перапіска, што ён лічыць паказчыкам гатоўнасьці людзей да большых намаганьняў, чым аднаразовы ўдзел ў кампаніі салідарнасьці.

Ад самога Паўла Севярынца ліставаньне таксама патрабуе немалых высілкаў: 10-50 адказаў ён піша штотыдзень. З трывалымі перапісчыкамі гэта асабліва складана, бо трэба памятаць зьмест іх ранейшых лістоў. Але, як адзначае Павал Севярынец, гэта для яго не фізычная, а тая праца, ад якой ён зараджаецца энэргіяй. З больш як 2 тысяч атрыманых ў Купліне лістоў быў толькі адзін, які яму чытаць было непрыемна: нейкі ананім пісаў пра тых, хто «прадаўся Захаду».

Адкуль ідуць лісты ў Куплін Пружанскага раёну да Паўла Севярынца? Палітвязень кажа, што больш за 50% лістоў прыходзіць з беларускіх рэгіёнаў, болей за 30% з Менска, каля 10% з-за мяжы. «Пішуць шмат чытачоў „Нашай нівы“, якія сочаць за маімі допісамі пад рубрыкай „Беларуская глыбіня“, пішуць палітыкі і маладафронтаўцы. Вядзем ліставаньне з палітвязьнямі, акрамя Мікалая Статкевіча і Яўгена Васьковіча. Зь імі чамусьці перапіска катэгарычна забаронена, хаця я на гэты конт шмат разоў скардзіўся. І яшчэ шмат пішуць вернікі. Гэта ўвогуле асноўнае адрозьненьне „куплінскай хвалі“ ліставаньня — што піша шмат вернікаў. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што мы ствараем партыю хрысьціянскай дэмакратыі, магчыма з тым, што больш людзей расчараваліся толькі ў чалавечых сілах і свае спадзевы на зьмены шукаюць бліжэй да Бога. Мне цяжка гэта патлумачыць, але гэта пэўна самае галоўнае адрозьненьне», — зазначае Павал Севярынец.

Сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі за удзел ў мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. «Хімія» Паўла Севярынца мусіць скончыцца ў канцы года.
XS
SM
MD
LG