Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Душой і целам


Пэўне, кожны, хто паглынаў у дзяцінстве кніжкі па гісторыі геаграфічных адкрыцьцяў, неяк прамінаў на першы погляд бяскрыўдны, але насамрэч злавесны выраз: «сюды ўпершыню ступіла нага чалавека».

Неяк не хацелася думаць пра тое, што выраз гэты вельмі часта пярэчыў сам сабе: там, куды ступіла тая рашучая нага, амаль заўжды нехта ўжо жыў. Прычым даўно і законна, без хваста, маючы дзьве нагі, дзьве рукі, мову, памяць і ўсё такое. Але называць яго чалавекам ніхто асабліва не сьпяшаўся. Бо чалавек — гэта белы герой з мушкетам у адной руцэ і крыжам у другой, у скрайнім выпадку вучоны, такі сабе ўскудлачаны паганэль, чалавек — гэта эўрапеец, а яны, тыя, хто сядзіць галяком у зарасьніках і паглядае на нас адтуль зь цікаўнасьцю і страхам — яны Іншыя. Ня мы. Калі прымаць іх пад увагу — якія ж могуць Вялікія Адкрыцьці, якая рамантыка, якія калюмбы? Так што: менавіта «ўпершыню» і менавіта «чалавека». Нічога асабістага. Проста трошачкі эўропацэнтрызму і духу канкісты.

І вось Амэрыка, 1537 год. На руінах Тэначтытлану будуецца Мэхіка, неўзабаве будуць заснаваныя Асунсьён і Гўаякіль, а Эрнанда дэ Сота «адкрые Місысыпі», дэ Альмагра спрабуе ў Чылі падмануць новага Інку і адначасова замышляе нядобрае супраць свайго канкурэнта Пісара, кроў ліецца ракой Параной, а золата — рэчкай Пераплюйкай. Канкістадоры ў пыльных шаломах, усе гэтыя безьзямельныя шляхцічы з выпаленых сонцам кастыльскіх раўнін сотнямі гінуць на іншым канцы сьвету ў пагоні за часам рэальным, але почасту прывідным багацьцем і апантана ставяць крыжы там, дзе толькі можа ступіць тая самая «нага чалавека». У тым, што самі яны людзі, ніхто з эўрапейцаў не сумняваецца, а што да тутэйшых нехрысьцяў, якія гінуць дзясяткамі тысяч... Хто яны? Нават самым прасунутым з эўрапейцаў часам таксама прыходзіць у галаву сумнеў: з аднаго боку — дзікуны, але ж шмат хто з канкістадораў і сьвятароў бачыў на свае вочы ўсе гэтыя гарады і будынкі, гэтае мастацтва, шмат хто пераканаўся, што і тут ёсьць законы, дзяржавы, падаткі, пісьменства, бізун... усё як у Гішпаніі; ды тут ёсьць нават сваё рыцарства! Але пераймацца такімі пытаньнямі часу няма — хіба што ты Папа Рымскі, у якога работа такая, пра душу думаць; індзейцаў нішчаць далей, цэлымі народамі.

І вось 2 чэрвеня 1537 году па доўгім роздуме і працяглых кансультацыях у нябеснай канцылярыі Папа Рымскі Павал ІІІ выдае сваю знакамітую булу «Sublimus Dei». Хрыстос вучыў, што ўсе людзі без выключэньня здатныя да ўспрыняцьця ісьціннай веры, якую ім трэба цярпліва несьці, нагадаў Папа, але, на жаль, ня ўсе браты нашыя пра гэта памятаюць. Д’яблавы памагатыя дураць добрым хрысьціянам галовы, вымушаючы іх абыходзіцца з індзейцамі, як з буйным рагатым быдлам. А трэба — як з авечкамі неразумнымі... Таму «мы тут падумалі і я вырашыў»: індзейцы здольныя стаць на шлях выпраўленьня. Яны маюць душу — і мы зробім гэтыя душы хрысьціянскімі. А пачнем... Ну, хаця б з манагаміі.

Кажуць, на каталіцкую царкву і на Папу тады вельмі паўплываў цуд 1531 году ў Мэксыцы. Адзін індзеец-ацтэк абвясьціў, што да яго некалькі разоў прыходзіла сама Панна, Маці Божая, гаварыла зь ім, дзялілася плянамі: тут, сказала, няблага было б храм паставіць, паблізу ад твайго дому... Праігнараваць такую падзею было нельга. Не магла ж Панна зьявіцца перад тым, хто ня мае душы, ды яшчэ і размаўляць зь ім. Маці Божая Гўадэлюпская была смуглявая, сапраўдная індыянка з выгляду — мусіць, прыняла такое аблічча, каб прасьцей было дамовіцца з абарыгенамі. Да таго ж сем гадоў таму рабіць індзейцаў рабамі забараніў гішпанскі кароль — Папу было з каго браць прыклад.

Папскую булу 1537 году мала хто з канкістадораў успрыняў сур’ёзна. Мёртвых індзейцаў абсьледавалі з ног да галавы і ніякай душы неяк не адшукалі. Дый наогул: «індзейцы самі мелі рабоў», таму «што ўжо тут наракаць на культурную Эўропу!». Гішпанец Авіеда пісаў праз стагодзьдзе, што індзеец па прыродзе сваёй «лянівы, ілжывы, заганны, мэлянхалічны...» — якая тут можа быць душа. Браць індзейцаў у рабства, праўда, пакрысе перасталі, пераканаўшыся, што тыя ахвотней прымуць пакутніцкую сьмерць, чым будуць служыць камусьці дармовай працоўнай сілай — але затое з новымі сіламі ўзяліся за вынішчэньне. Паводле некаторых ацэнак, за пяць стагодзьдзяў колькасьць індзейскага насельніцтва скарацілася больш чым у сто разоў. Большасьць індзейцаў загінула ад прывезеных «чалавекам» інфэкцыйных хваробаў. Перафразуючы: «чаго не дарабіў эўрапейскі порах, даробяць грып, чума ды воспа». А душа... Можа, яе і няма зусім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG