Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод тэмаў праграмы: асабліва строгі рэжым па-швэдзку, турэмныя манастыры ў Эўропе, ці можа быць альтэрнатыва жаночым вязьніцам у Беларусі

Наша апошняя перадача пра швэдзкую турму выклікала шмат водгукаў ды спрэчак. Прычым некаторыя наведнікі сайту ды слухачы ня проста спрачаліся, а нават і абураліся

З чытацкіх допісаў:


У адным з сваіх камэнтаў на артыкул наведніца пад нікам Ганна напісала: «Што тут сказаць...Амаль рай у турме... Вось што не зьдзіўляе, дык гэта захапленьне нашых суайчыньнікаў усім заходнім, няхай гэта нават і турма... Ганьбай трэба лічыць тое, што нас, беларусаў, хвалюе найперш тое, як у швэдзкіх турмах з камфортам сядзяць іхнія зэкі і як яны смачна і шмат ядуць, а ня тое, як дзесьці там і невядома за што адбывае ў поўнай ізаляцыі пакараньне суайчыньніца. Яе лёс, па ўсім бачна, ня ўпісваецца ў падобныя „экскурсіі“ за мяжу нашых праўдашуканцаў».

Чытачка мае рацыю: у перадачы размова ішла пра ўтрыманьне ў калёніі Karlskoga швэдзкіх зьняволеных, асуджаных за крымінальныя злачынствы. Паводле швэдзкіх законаў гэта такія ж грамадзяне, што і астатнія, адно што за свае парушэньні яны павінны знаходзіцца ў ізаляцыі. Пазбаўленьне грамадзянаў волі, аднак, не азначае пазбаўленьня іншых правоў: права на вучобу, працу, веравызнаньне, ахову здароўя. Я магу параўноўваць гэтую швэдзкую ўстанову з жаночай калёніяй у Гомелі, якую мне з дэлегацыяй дабрачыннай арганізацыі давялося наведаць гадоў дзесяць таму. На жаль, апошнім часам падобных экскурсіяў для журналістаў недзяржаўных СМІ і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў не арганізуюць.

Застаюся пры думцы, што ўбачаныя мною арыштанцкія ўмовы ў Karlskoga — людзкія. Тым ня менш назваць гэтую вязьніцу «раем» не магу. Як не магу назваць раем і тыя заходнія псыхіятрычныя клінікі, пансіянаты для старых ды інвалідаў, дзе ў свой час давялося пабываць. Бо ў любым выпадку гэтыя месцы заўсёды зьвязаныя з чалавечай бядой. Пры ўсім пры тым тое, як ставіцца пэрсанал гэтых устаноў да іх насельнікаў, на мой погляд, непараўнальна з адпаведнымі беларускімі ўстановамі.

Калёнія Karlskoga

Калёнія Karlskoga



Калі гаварыць пра эфэктыўнасьць той жа сыстэмы выкананьня пакараньняў, то спашлюся толькі на адзін паказчык — узровень рэцыдыву злачынстваў. У Швэцыі ён складае 48%, у Беларусі — прыкладна 75%.

Аднак ізноў працытую адно зь меркаваньняў. Яго аўтарка — наша слухачка Інэса: «Слухала вашу перадачу пра Швэцыю разам з мужам. Мой муж абураўся. Ён катэгарычна супраць такога гуманнага стаўленьня да суровых злачынцаў ды забойцаў. Ён лічыць, што такія людзі ўвогуле ня маюць права жыць. Я ня згодная. Я лічу, што толькі Бог можа вырашаць, каму жыць, а каму — не. Калі мы называем сябе людзьмі, мы павінны імі заставацца і ня ставіцца да іншых як да жывёлаў. Пераможаны вораг — ён ужо ня вораг. Мы ня можам разьлічваць на выпраўленьне чалавека, калі бачым у ім быдла».


Асабліва строгі рэжым па-швэдзку


У мінулай праграме гаворка ішла пра швэдзкую калёнію, дзе сядзяць пераважна асобы, якія зьдзейсьнілі ня самыя цяжкія злачынствы — «хуліганка», наркотыкі, язда нападпітку... Зразумела, ёсьць у Швэцыі і нашмат больш суровыя ўстановы, якія належаць да так званага асабліва строгага турэмнага рэжыму.

Адна зь іх — у прадмесьці швэдзкай сталіцы. Называецца яна Kumla.



Трапляюць сюды найбольш небясьпечныя злачынцы-рэцыдывісты, у тым ліку схільныя да ўцёкаў. Такіх «асабліва небясьпечных» у Швэцыі пры яе гуманных законах усяго 3–5%, аднак менавіта яны ствараюць найбольш праблемаў турэмнай ахове. Сёньня турма разьлічаная на 330 вязьняў пры штаце супрацоўнікаў у 450 чалавек.

Адзін з найбольш вядомых сядзельцаў — забойца міністра замежных спраў Швэцыі Анны Лінт, Міхайла Міхайлавіч.

Пра цяжкую долю яе арыштантаў у народзе складзена нямала песьняў. Вось адна зь іх — турэмны блюз, я кі так і завецца — Kumla Anstalt Blues.



У турме няма звыклых вышак з ахоўнікамі. Пэрымэтар абгароджаны высокім плотам і мэталічнай сеткай, на ім стаяць камэры відэаназіраньня. Акрамя таго, на мэталічным плоце ёсьць спэцыяльныя сэнсарныя прылады, якія пры любой спробе наблізіцца да іх выдаюць сыгнал трывогі. Камэры відэаназіраньня ўсталяваныя і ў месцах рэгулярнага зграмаджэньня зьняволеных: на агульных кухнях, дзе яны самі гатуюць абед, у спартзалі, працоўных майстэрнях.

Пасьля таго як у 2004 годзе адсюль з-пад пільнай аховы ўцяклі некалькі зэкаў, пастанавілі збудаваць на яе тэрыторыі адмысловы бункер — як бы турму ў турме, на 24 месцы. Ад навакольнага сьвету бункер ізаляваны бэтоннымі сьценамі. На плоце — калючы дрот, па якім прапушчаны ток. Паводзіны вязьняў на працягу 24 гадзін кантралюе тэхніка. Кароткі шпацыр — у крытых дворыках, усе перамяшчэньні пад зямлёй. Як і ў іншых турмах Швэцыі, вязьні ўтрымліваюцца ў індывідуальных камэрах з душам і прыбіральняй.

Аднак калі ў вязьніцах зь мякчэйшым рэжымам у стандартнай камэры на адну асобу прыпадае 6,5 мэтра плошчы, то ў бункеры — больш амаль удвая. Так званая падвышаная камфортнасьць тлумачыцца тым, што зьняволеныя тут вельмі абмежаваныя ў зносінах зь іншымі людзьмі і амаль увесь час знаходзяцца ў памяшканьні.

Калі я цікавіўся дэталямі, чуў адказы кшталту: мы ня можам гаварыць пра гэта, бо ня хочам дапамагаць нашым кліентам уцячы адсюль. Яны хочуць стварыць уражаньне, што гэта немагчыма
Пры гэтым, адзначае швэдзкі журналіст Карван Тахір, адзін зь нямногіх, каму давялося зрабіць рэпартаж з гэтай турмы, тыя «зэкі, якія сядзяць у бункеры, не знаходзяцца ў татальнай ізаляцыі. Іх могуць наведваць сямейнікі, блізкія».

Дарэчы, наведнікаў турмы, уключна з журналістамі, кантралююць надзвычай строга. На яе тэрыторыю немагчыма трапіць у абутку на абцасах або з мэталічнымі супінатарамі, у бюстгальтэрах з косткамі з мэталу. Нельга мець пра сабе ані грошай, ані каштоўных упрыгожаньняў. Правілы наконт фатаграфаваньня і размоваў — яшчэ стражэйшыя, чым у іншых швэдзкіх вязьніцах.

Тахір: «Я гутарыў з начальнікам турмы. Адміністрацыя вельмі асьцярожная з прэсай і тлумачыць гэта захадамі бясьпекі. Калі я цікавіўся дэталямі, чуў адказы кшталту: мы ня можам гаварыць пра гэта, бо ня хочам дапамагаць нашым кліентам уцячы адсюль. Яны хочуць стварыць уражаньне, што гэта немагчыма, а таму швэды на волі могуць спаць спакойна.

Дарэчы, узьвядзеньне гэтай ды іншых «турмаў у турме» выклікала ў дэмакратычнай Швэцыі вельмі супярэчлівыя рэакцыі. З аднаго боку, пашырана думка: хто трапіў за краты, мусіць там і сядзець. Зь іншага боку, некаторыя лічаць: такі жорсткі рэжым, дзе вязьням няма як і думаць пра ўцёкі, — гэта свайго роду катаваньне.


Турэмныя манастыры ў Эўропе


Адна з адметнасьцяў гэтай папраўчай установы асабліва строгага рэжыму — у тым, што побач з бункерам ды традыцыйнымі турэмнымі карпусамі на тэрыторыі ёсьць манастыр. У гэтай жорсткай вязьніцы ён лічыцца адносна свабоднай зонай. Яго наведваюць ня толькі мясцовыя вязьні. Сюды могуць трапіць зэкі зь іншых швэдзкіх турмаў, якія асуджаныя на вялікія тэрміны. Звычайна гэта робяць тыя, хто гатовы паглядзець на сябе цьвяроза, без аніякай рэтушы. У манастыры вязьні працуюць, моляцца, мэдытуюць.

«Перамога над сабой фармуе іх далейшае жыцьцё», — кажа адзін зь мясцовых сьвятароў, айцец Трулс. Дарэчы, у Кумле, як і ў іншых буйных папраўчых установах, прысутнічаюць ня толькі сьвятары швэдзкай царквы. Вязьняў у адпаведнасьці зь іхнай верай наведваюць праваслаўны бацюшка, каталіцкі ксёндз, мусульманскі імам, рабін. Яны арганізуюць набажэнствы, для вязьняў розных канфэсіяў ёсьць спэцыяльныя памяшканьні, каб маліцца ці спраўляць абрады сваёй веры.

Апошнім часам, па аналёгіі з кляштарам Komla, падобныя праекты пачалі дзейнічаць і ў некаторых іншых турмах Эўразьвязу. Сярод іх — праект «Кляштар у турме» ў жаночай папраўчай калёніі Gotteszell у Швэбіш Гмюндэ, што ў нямецкай фэдэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг.

Удзельнічаюць у праекце жанчыны-зьняволеныя. Кожная група складаецца з 11–13 чалавек. Кіраўніцтва турмы вылучае для іх асобны сэктар з камэрамі — «кельлямі», у якіх стаяць сьвежапафарбаваныя драўляныя ложкі, але няма ні тэлевізараў, ні радыёпрымачоў.

Для арыштантак, якія трапілі ў кляштар, усталёўваецца новы, «манастырскі» распарадак дня — ад 7-й раніцы да 21-й гадзіны, з штодзённым наведваньнем набажэнстваў у турэмнай царкве, працай у цішыні, гутаркамі на біблейскія тэмы, вячэрняй малітвай, мэдытацыяй. Лічыцца, што штодзённая мэдытацыя разьвівае ў жанчынах большую спагаду да іншых, кагнітыўныя ды сацыяльныя навыкі. Сьняданак, абед, вячэра — разам. Тое ж самае тычыцца і малітваў. Праца, як і шпацыры, праходзіць у маўчаньні.

Арганізатары праекту «Кляштар у турме» — францішканскія манашкі — называюць яго «асаблівай формай духоўнага жыцьця ў турме», накіраванай «на прымірэньне зьняволеных з грамадзтвам».

Эвангелічная сьвятарка Зюзана Бютнэр, якая працуе ў калёніі больш за 10 гадоў, лічыць праект удалым.



Бютнэр: «Як тэоляга мяне вельмі цікавілі і працягваюць цікавіць людзі, якія знаходзяцца „на дне грамадзтва“. Тут шмат жанчын, якія сапраўды самі вінаватыя ва ўчыненых імі злачынствах або якія трапілі сюды ў выніку кепскай адукацыі ці жабрацтва. Зразумела, далёка ня ўсе ведаюць пра царкву, а да турмы ўвогуле вельмі мала пра яе чулі. Але, апынуўшыся ва ўмовах няволі, усе гэтыя, напачатку вельмі закрытыя, людзі паступова адчулі патрэбу ў нейкім месцы, дзе б яны маглі вызваліцца ад цяжару, які носяць у сабе, патрэбу ў асобе, якой бы яны маглі ўсё шчыра расказаць. Для мяне вельмі важна адчуваць, што Бог прыходзіць ва ўсё новыя камэры. Часам для некаторых жанчын дапамога ўжо тое, што я прыходжу да іх ды вяду іх у царкву».

За турэмнымі сьценамі я як тэоляг пазнаю людзей больш, чым мае калегі, якія працуюць на волі
Сьвятарка адзначае, што хоча навучыць зьняволеных жанчын адчуць сябе гаспадарамі ўласнага жыцьця яшчэ ў турме. Зразумела, выйсьці на кантакт удаецца далёка не з усімі.

Бютнэр: «Існуюць моманты, калі я сама апынаюся нібыта ў памежнай сытуацыі. Напрыклад, калі мне даводзіцца мець размовы са зьняволенымі, якія асуджаныя за гандаль людзьмі, якія ўцягваюць іншых у прастытуцыю ці наркотыкі. У такіх выпадках мушу шчыра сказаць сабе, ці магу я мець справу з падобнымі людзьмі, і прыняць рашэньне. Тым ня менш мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся. Інакш я б так доўга не ўбыла ў гэтай сыстэме, даўно б памяняла месца працы. Мяне цікавяць гэтыя няпростыя жыцьцёвыя сытуацыі, у якія трапляе асоба. За турэмнымі сьценамі я як тэоляг пазнаю людзей больш, чым мае калегі, якія працуюць на волі...»


Ці можа быць альтэрнатыва жаночым вязьніцам у Беларусі


Наколькі эфэктыўнай магла б быць падобная альтэрнатыва традыцыйнаму турэмнаму ўтрыманьню жанчын у Беларусі? «Свабода ў турмах» правяла апытаньне на гэтую тэму на вуліцах Магілёва. Толькі адзін рэспандэнт палічыў, што жанчын замест турэмнай установы трэба накіроўваць у кляштар. Некаторыя выказаліся за замену турмы жаночымі працоўнымі лягерамі. Іншыя адзначылі, што найбольш эфэктыўная форма выпраўленьня жанчын-злачынак — турма.



«Моляцца, а пасярод малітвы праклінаюць…»


Былая асуджаная гомельскай жаночай калёніі № 4 Марына мяркуе, што царква ў турме патрэбная для тых, хто верыць. Але сапраўдных вернікаў у турме, як і на волі, вельмі мала. Найчасьцей даводзіцца бачыць пародыю на веру.

Марына: «Іх мала, тых, хто прыйшоў у зьняволеньне зь верай ці ўвераваў пазьней. І яны найчасьцей моляцца перад сваёй іконкай, стоячы ў сваім кубрыку. Значна болей тых, хто ўпарта дэманструе сваю веру. Такія падчас сваіх малітваў могуць крычаць: не перашкаджайце, мы молімся! Потым празь нейкую сэкунду павярнуцца і аблажыць усіх матам, а затым ізноў спакойна працягваць малітву. Карацей, моляцца, пасярод малітвы праклінаюць, потым ізноў моляцца».

Дзяўчына ўзгадвае, што праваслаўная царква ў «чацьвёрцы» пачала дзейнічаць якраз падчас яе зьняволеньня. Першы час яна наведвала яе, але нядоўга.

Марына: «Калі адчынілі царкву на нашай тэрыторыі, то пачалі праводзіць розныя сьвяточныя службы. Вёў бацюшка, які быў замацаваны за нашай зонай, а яшчэ прыходзіў адзін з волі. Але ізноў жа — хто ходзіць у царкву? Большая частка — тыя, хто хоча ўбачыць зь іншых атрадаў нейкіх сябровак, сваячак. Царква — месца такіх сустрэчаў. У выніку самой службы практычна не чуваць. Чуеш нейкі гул, агульныя прычытаньні, абдымкі, нейкія гісторыі. Або каханкі сустрэліся ды імкнуцца заціснуцца дзесьці ў куточку ў царкве. Мне такія службы не цікавыя. Зразумела, важна спавядацца бацюшку. Хоць усё гэта досыць рызыкоўна. Бо ёсьць бацюшкі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Сьвятароў іншых канфэсіяў на тэрыторыю зоны не дапускаюць чамусьці».

«Шлях да веры — цяжкая праца»


Ці патрэбная вера ў няволі? Такое пытаньне ставіць у сваёй кніжцы «Турма і здароўе» былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі.

Ён піша:«Экстрэмальны стан абавязвае чалавека шукаць выйсьця. І дзеля гэтага трэба вызначыць сваё стаўленьне да навакольнага сьвету... Гэта вельмі цяжкая праца. Сам я вернік, які лічыць, што Сьвет пазнавальны і што гэта робіць наша жыцьцё цудоўным і асэнсаваным. Менавіта таму вера разам з працай дасьледчыка, якой я няспынна займаўся, сталі для мяне ў турме вялікай крыніцай энэргіі. Адзначу, што ўлада, якая кідае ў вязьніцы людзей, выкарыстоўвае самыя розныя мэтады дзеля таго, каб зьняволеныя адвыклі думаць. У тым ліку, і рэлігію. Замест таго, каб дапамагчы чалавеку супраціўляцца сытуацыі, царкоўнікі, якія маюць прадстаўніцтва ў месцах пазбаўленьня волі, прапаведуюць пакорлівасьць ўладзе, услаўляюць яе, а яшчэ больш яе кіраўніка. Пэўная праца ў гэтым пляне праводзілася і са мной. Аднак я адмовіўся ад такога роду духоўных паслугаў.

Заганяць чалавека ў царкву, прымушаць рабіць яго тое, чаго ён ня хоча, немагчыма
»


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG