Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Эўрапарлямэнту: Лукашэнку ня месца ў дэмакратычнай супольнасьці


Марцін Шульц

Марцін Шульц

Гэтую заяву Марцін Шульц зрабіў сёньня на сустрэчы кіраўнікоў фракцыяў Эўрапарлямэнту з кіраўнікамі фракцыяў і камітэтаў Сойму Літвы ў Вільні.

Такім чынам эўрапейскі чыноўнік адрэагаваў на пытаньне кіраўніка камітэту замежных справаў Сойму Літвы Бэнэдыктаса Ёдкі пра тое, ці варта запрашаць прадстаўнікоў Беларусі на саміт «Усходняга партнэрства», які пройдзе ў Вільні ў лістападзе сёлета. На думку Ёдкі, на лістападаўскі саміт у Вільні варта было б запрасіць Аляксандра Лукашэнку, але «ён унесены ў сьпіс асобаў, непажаданых на тэрыторыі ЭЗ». Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей таксама «занесены ў чорны сьпіс». А запрашэньне на саміт прэм'ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча, на думку Ёдкі, можа раззлаваць Лукашэнку.

Са свайго боку Марцін Шульц заявіў, што, незалежна ад рашэньня запрашаць беларускіх прадстаўнікоў ці не, варта памятаць, што толькі летась у Беларусі былі пакараныя «два невінаватыя маладыя чалавекі», і Лукашэнка, паводле словаў кіраўніка Эўрапарлямэнту, мае да гэтага самае непасрэднае дачыненьне. «Я асабіста расцэньваю гэта як палітычнае забойства», – цытуе Шульца BNS (Балтыйская служба навінаў).

Разам з тым, падкрэсьліў старшыня Эўрапарлямэнту, нельга «караць увесь беларускі народ, які і так пакутуе ад кіраваньня» Лукашэнкі. Прэзыдэнту Беларусі, на яго думку, трэба сказаць «яснае «не», але ў той жа час неабходна старацца «адкрыць дзьверы беларускаму народу». «Знайсьці гэты сярэдні шлях нялёгка, у нас няма загадзя падрыхтаванага рэцэпту для гэтага», – сказаў Шульц.

Саміт «Усходняга партнэрства» пройдзе ў лістападзе 2013 году ў Вільні ў рамках старшынёўства Літвы ў Радзе Эўразьвязу. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Менск і Брусэль вядуць кансультацыі аб фармаце ўдзелу Беларусі ў маючым адбыцца саміце. У прыватнасьці, абмяркоўваецца магчымасьць запрашэньня на сустрэчу Ўладзіміра Макея, але гэтае пытаньне ўвязваецца з вызваленьнем і рэабілітацыяй беларускіх палітвязьняў.

7 траўня падчас дыскусіі ў Бэрліне пасол Беларусі ў Нямеччыне Андрэй Гіро заявіў: Менск разьлічвае, што запрашэньне на ўдзел у саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні будзе накіравана на імя кіраўніка дзяржавы, а беларускі бок сам вырашыць, хто будзе прадстаўляць краіну на сустрэчы.

Пра гэта піша БелаПАН.
XS
SM
MD
LG