Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Анташкевіч і Анатоль Ляўковіч надрукавалі ў газэце «Народная воля» (№ 42, 31.05.2013) чарговы артыкул пад назвай «Дыялёг і новая палітыка». У сваіх папярэдніх публікацыях яны ў асноўным бэсьцілі апазыцыю за радыкалізм і заклікалі яе да дыялёгу з уладамі.

Гэтым разам аўтары ўвесь свой імпэт скіравалі на ўлады, найперш на Аляксандра Лукашэнку. Ключавы тэзіс гучыць так: «У беларускіх умовах, скажам наўпрост, мы ня бачым эфэктыўнага мэханізму вырашэньня праблемаў, якія набраліся, бяз добрай волі прэзыдэнта Беларусі А.Г.Лукашэнкі». Таму асноўны патас артыкула палягае ў закліку да беларускага лідэра зразумець неэфэктыўнасьць цяперашняй сацыяльнай мадэлі і пачаць «Новую палітыку», павесьці краіну па шляху рэформаў, мадэрнізацыі, дыялёгу з апазыцыяй і грамадзтвам. І на знак удзячнасьці за гэта аўтары прапануюць ня ставіць пытаньне аб новым кіраўніку дзяржавы да 2020 году, а пасьля гэтага тэрміну надаць Лукашэнку статус ганаровага прэзыдэнта з пэўнымі правамі.

Да гэтай ідэі можна ставіцца па-рознаму. Можна закляйміць аўтараў за тое, што яны гатовыя яшчэ шмат гадоў мірыцца з аўтарытарызмам. А можна ў поўнай меры ацаніць іх рэалізм, што вельмі важна ў палітыцы. Вось якраз з гледзішча рэалізму і паспрабую ацаніць прапанову І. Анташкевіча і А. Ляўковіча.

Галоўнае пытаньне, якое ўзьнікае пасьля чытаньня артыкула, даволі простае, нават прымітыўнае: чаму Лукашэнка павінен пагадзіцца на гэтую прапанову? З артыкула вынікае, што дзейны прэзыдэнт можа зрабіць круты паварот у сваёй палітыцы, усьведамляючы сваю адказнасьць перад Бацькаўшчынай, перад гісторыяй, зважаючы на ўсясьветныя тэндэнцыі і іншыя высокія матывы.

У мяне няма сумненьняў, што Лукашэнка хацеў бы застацца ў гісторыі Беларусі са знакам плюс. Больш за тое, ён упэўнены, што так і будзе. Але яшчэ больш, чым застацца станоўчай гістарычнай постацьцю, Лукашэнка прагне ўлады. Безь яе ён не ўяўляе сабе жыцьця.

А любыя рэформы, нават толькі эканамічныя, азначаюць страту значнай часткі ўлады. Бо ён ня зможа камандаваць прыватызаванымі прадпрыемствамі (асабліва калі іх гаспадар – замежны інвэстар), як дзяржаўнымі. Вы можаце ўявіць сабе Лукашэнку без сэлектарных нарадаў, без разносаў дырэктарату, без паездак па калгасах і заводах з каштоўнымі ўказаньнямі?

Больш за тое, гэтыя рэформы для яго – рызыка ўвогуле страціць уладу. Бо рынкавыя пераўтварэньні могуць быць балючымі, зь вялікімі сацыяльнымі выдаткамі. А ягоны электарат – гэта якраз людзі зь нізкім сацыяльным рэсурсам, якія найперш пацярпяць ад рэформаў. І Лукашэнка можа страціць падтрымку сваіх традыцыйных прыхільнікаў і не набыць новых.

А яшчэ ў выніку рынкавых рэформаў зьявяцца багатыя людзі, алігархі, які захочуць браць удзел у палітыцы. Хто ня верыць, паглядзіце на Расею і Ўкраіну. А калі ў апазыцыі зьявяцца людзі зь вялікімі грашыма, то гэта ўжо будзе зусім іншы каленкор.

Можна запярэчыць, што адсутнасьць рэформаў стварае яшчэ большую пагрозу для ўлады. Бо любы застой рана ці позна заканчваецца перабудовай, магчыма – і ў форме рэвалюцыі. Як кажуць, хто ня хоча рэформаў, да таго ў дзьверы пастукаецца Рэфармацыя.

Але гэта недзе там, у будучыні. Лукашэнка ж па сваёй прыродзе тактык, а не стратэг. Пра нейкую аддаленую будучыню ён ня думае, а жыве сёньняшнім днём. Аддаючы перавагу сініцы ў руцэ.

А вось якраз у сёньняшняй паўсядзённасьці ніякіх пагрозаў уладзе Лукашэнкі ня бачна нават на гарызонце. Хто незадаволены нізкімі заробкамі, тыя масава зьяжджаюць за мяжу. Патэнцыял апазыцыі тае проста на вачах. Захад ня можа сур'ёзна ўплываць. Расея спраўна дае датацыі, хоць час ад часу і ўпарціцца.

Дык навошта ў такіх умовах рызыкаваць?

І што абяцаюць яму гэтыя ідэалісты пасьля 2020 году? Чалавеку, для якога ўлада – наркотык, прапануюць ганаровую пасаду бяз важкіх паўнамоцтваў. Мала таго, што без улады ён застанецца як рыба, выкінутая на бераг. Дык знойдзецца яшчэ і шмат ахвотных зь ім паквітацца. А ў ніякія гарантыі недатыкальнасьці ён ня верыць. Бо іх у любы момант можна адмяніць.

Таму, на жаль, такія заклікі да Лукашэнкі – гэта марны лямант у пустыні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG