Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. Рэпартаж з Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрнату для дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.

У школе-інтэрнаце — 160 сіротаў ва ўзросьце ад 7 да 20 гадоў. 40 гадаванцаў маюць інваліднасьць, у астатніх — рознай ступені псыхічныя адхіленьні.

Дзяцей даглядаюць 130 супрацоўнікаў.

Сацыяльны пэдагог, які працуе на паўтары стаўкі, атрымлівае 2,8 мільёна беларускіх рублёў.


Працатэрапія


Дырэктар установы Валянцін Гілеўскі перакананы, што добрыя навыкі працы «рукамі» — адзінае, што можа дапамагчы гэтым асаблівым дзецям сацыялізавацца і ўмець зарабіць сабе на жыцьцё пасьля выхаду са школы-інтэрнату.

Працы «рукамі» — адзінае, што можа дапамагчы гэтым дзецям сацыялізавацца і ўмець зарабіць сабе на жыцьцё пасьля выхаду са школы-інтэрнату
Да таго ж працатэрапія — даўно вядомы сродак лячэньня шматлікіх захворваньняў.

У старэйшых клясах падлеткі шмат часу аддаюць практычным заняткам і нават атрымліваюць спэцыяльнасьць гароднінавода ці сьлесара. Пры інтэрнаце — 70 гектараў зямлі, млын, цяпліца, міні-фэрма з 50 галовамі сьвіней, камбайн, два трактары, аўтаномная кацельня.

Пры дапамозе дарослых большую частку працы ў гэтай гаспадарцы робяць дзеці. А тыя, хто праз захворваньне ня здолее працаваць і жыць самастойна, пасьля школы-інтэрнату трапіць у інтэрнат для дарослых з адхіленьнямі.

Італьянцы хочуць, але ня могуць


У нас і здаровых не ўсынаўляюць, што ўжо казаць пра хворых. Ніколі беларусы не ўсынаўлялі нашых гадаванцаў. А замежнікі вельмі доўга вымушаныя чакаць чаргі на ўсынаўленьне
Пэдагогі кажуць: нягледзячы на рознага кшталту сацыяльную рэкляму з заклікамі браць у сем’і сіротаў, беларусы не ўсынаўляюць. А, напрыклад, італьянцы, якія праз спэцыяльныя сайты выбіраюць дзяцей і запрашаюць на летнія і зімовыя вакацыі, пасьля некалькіх такіх паездак вельмі часта маюць жаданьне пакінуць сабе дзіця назаўсёды.

Аднак з-за вялікай колькасьці юрыдычных перашкодаў і асьцярожнага стаўленьня беларускай судовай сыстэмы да такіх усынаўленьняў зрабіць гэта яны могуць толькі ў выключных выпадках.

Напрыклад, за апошнія тры гады толькі 10 дзяцей з Рудзенскай школы-інтэрнату сталі прыёмнымі дочкамі і сынамі замежнікаў.

«Вельмі хацелася б, каб беларусы былі больш чульлівымі. Але, на жаль, у нас і здаровых не ўсынаўляюць, што ўжо казаць пра хворых. Ніколі беларусы не ўсынаўлялі нашых гадаванцаў. А замежнікі вельмі доўга вымушаныя чакаць чаргі на ўсынаўленьне, бо надзвычай складаная працэдура. Бывала, што выберуць малое, а пакуль пройдзе працэдура, яно ўжо становіцца сфармаваным хлопчыкам ці дзяўчынкай. Тады дзіцяці складаней прывыкаць да новай сям’і, дый прыёмныя бацькі хочуць усё ж ад самага маленства гадаваць дзіця», — кажа Валянцін Гілеўскі.



Галоўнае — навучыцца лічыць грошы


Старшаклясьнікі групамі з трох дзяўчат ці хлопцаў па месяцу самастойна жывуць у адмыслова змадэляванай «кватэры», дзе самі гатуюць ежу, мыюць вопратку
Паводле праграмаў, адмыслова распрацаваных для дзяцей з псыхічнымі адхіленьнямі, выхаванцы вывучаюць беларускую і расейскую мовы і літаратуры, матэматыку, біялёгію, гісторыю, геаграфію.

Мэта — навучыцца чытаць, лічыць, ведаць будову цела і гігіену чалавека.

Дзеці шмат практыкуюцца ў бытавой эканоміцы — вылічваюць сямейны бюджэт, вучацца расплочвацца ў краме і лічыць рэшту.

Ёсьць шмат факультатываў, дзе распавядаюць, як паводзіць сябе ў транспарце, у краме, на вакзале, даюць веды пра сямейнае жыцьцё.

На занятках у гуртках гадаванцы вышываюць і вяжуць, шыюць і плятуць зь бісэру.

Старшаклясьнікі групамі з трох дзяўчат ці хлопцаў па месяцу самастойна жывуць у адмыслова змадэляванай «кватэры», дзе самі гатуюць ежу, мыюць вопратку, глядзяць тэлевізар.


Бацькі ці «бацькі»?


Кожнае дзіця абыходзіцца дзяржаве ў 60 мільёнаў беларускіх рублёў у год. Гэта харчаваньне, пражываньне, адзеньне, гігіенічныя сродкі, утрыманьне ўстановы, заробкі пэрсаналу.

Бацькі сацыяльных сіротаў мусяць выплочваць дзяржаве на ўтрыманьне сваіх дзяцей ад 1 да 1,4 мільёна ў месяц у залежнасьці ад полу і ўзросту дзіцяці.

Каб дзеці вучыліся карыстацца грашыма, дзяржава на кожнага выдае 9 500 беларускіх рублёў на месяц. Разам з выхавацелькай хлопчыкі і дзяўчаткі могуць пайсьці ў краму і набыць марозіва, кока-колу ці «сьнікерс»
Сацыяльны пэдагог Тацяна Стусь кажа, што далёка ня ўсе выплочваюць гэтыя сумы. «Бацькі сацыяльных сіротаў — гэта звычайна п’яніцы, якія не працуюць стала. Таму грошай на дзяцей у іх няма. Даводзіцца зьвяртацца ў суд, каб спагнаць. Але часьцей за ўсё і гэта не вырашае праблему, бо ёсьць людзі, якіх немагчыма прымусіць працаваць і ня піць. Мала такіх дзяцей, па якіх няма запазычанасьцяў».

Часта такія бацькі ўзгадваюць пра сваіх дзяцей пасьля таго, як тыя выпусьцяцца з інтэрнату і пачнуць працаваць.

«Бацькі старэюць, часта маюць хваробы, злоўжываюць алькаголем. Бывае, што патрабуюць грошы ў сваіх дзяцей ці каб даглядалі іх. Сацыяльная служба на працягу двух гадоў пасьля выпуску адсочвае лёс кожнага з выпускнікоў, і калі зьяўляюцца праблемы, нейкім чынам дапамагае даць рады», — кажа Тацяна Стусь.


9500 на кішэнныя выдаткі


Для таго, каб дзеці вучыліся карыстацца грашыма, дзяржава на кожнага выдае 9 500 беларускіх рублёў кішэнных грошай у месяц. Разам з выхавацелькай хлопчыкі і дзяўчаткі могуць пайсьці ў краму і набыць марозіва, кока-колу ці «сьнікерс». Калі хочацца нечага даражэйшага, даводзіцца ашчаджаць некалькі месяцаў.


У гуманітарцы — шалікі фанатаў Liverpool


Часам дзяўчаты хочуць ляк для пазногцяў ці якую прыгожую заколку. Ну, тады, бывае, сам возьмеш і купіш, каб дзіця парадавалася
На гадаванцах шмат вопраткі з чужога пляча, сёе-тое не па памеры.

Тацяна Стусь кажа, што адзеньня хапае: «Мы рэгулярна атрымліваем гуманітарную дапамогу з добрай вопраткай. Вось аднойчы быў сьмешны выпадак, калі трапілася шмат шалікаў футбольнай каманды Liverpool. Часам адзеньне, шампуні, мыла, зубныя пасты і шчоткі прывозяць дабрачынныя арганізацыі і суполкі, дый супрацоўнікі, калі дзесьці нешта непатрэбнае дома ёсьць, прыносяць сюды. Тое самае і мясцовыя жыхары з Рудзенску робяць. Вядома, часам дзяўчаты хочуць нечага больш незвычайнага — ляк для пазногцяў ці якую прыгожую заколку. Ну, тады, бывае, сам возьмеш і купіш, каб дзіця парадавалася».

Ёсьць у школы-інтэрнату і міжнародныя апекуны. Напрыклад, дабрадзеі з Ірляндыі намагаюцца, каб кожны гадаванец атрымаў на Каляды маленькі падарунак: плюшавую цацку, наручны гадзіньнік ці часопіс пра футбол.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG