Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 траўня ў некаторых краінах адзначаецца дзень бляндынаў. У апошнія гады ў Менску нават праходзіў парад бляндынак, які нязьменна выклікаў цікавасьць публікі і мноства фотарэпартажаў у СМІ і сацсетках. Сёлета пра парад не ўспаміналі.

Трэба прызнаць, што ахвярай перадузятага стаўленьня да колеру валасоў сталі менавіта жанчыны. Стэрэатыпы пра бляндынак глыбока ўкаранёныя ў грамадзтве і культуры — ад абразьлівых анэкдотаў да сэкс-іконаў накшталт Мэрлін Манро.

Натуральных бляндынаў — толькі два працэнты насельніцтва зямлі. Пры гэтым здаецца, што кожная жанчына толькі марыць, каб стаць сьветлавалосай, ахвяраючы грашыма, часам і здароўем валасоў.

«Гэта проста прыгожа, — кажа майстар цырульніцкага салёну Альбэрт. — Жанчына са сьветлымі валасамі выглядае ярчэйшай, болей дагледжанай».

У анэкдоты пра бляндынак Альбэрт ня верыць. «І брунэткі, і бляндынкі аднолькава разумныя і дурныя. Бываюць, вядома, проста дурненькія сьветленькія дзяўчаткі. А збольшага дзяўчаты проста карыстаюцца сваім колерам валасоў, каб дасягнуць свайго. Гэта здараецца», — дзеліцца Альбэрт сваім досьведам.

«Штодня нехта кажа, што трэба перафарбавацца ў брунэтку, — распавядае Вольга Карач. — Мяркуецца, што жанчына-брунэтка — гэта жанчына ўлады, а бляндынка падсьвядома ўлады ня мае. Пра гэта кажуць і іміджмэйкеры, і журналісты».

Вольга Карач, лідэрка руху «Наш дом», апошнім часам нярэдка зьяўляецца ў прэсе з праграмнымі інтэрвію і выступамі. Шмат хто падазрае, што сьветлавалосая Вольга ўжо пачала сваю прэзыдэнцкую кампанію.

Карач згадвае, што ў сучаснай палітыцы ня так ужо і мала сьветлавалосых жанчын. Прыгадвае найперш Юлію Цімашэнку, чыя каса стала часткай палітычнага іміджу.

«Вы паглядзіце на Пяткевіч, Ярмошыну, Ермакову, — кажа рэкляміст Юлія Ляшкевіч. — Не сказаць, каб яны былі моцна брунэткі. А з бліжняга кола — Мэркель, Грыбаўскайце...

Ці можа бляндынка стаць прэзыдэнтам Беларусі?, — пытаемся ў Юліі Ляшкевіч:

«Мы кажам пра бляндынку — мы адразу ўяўляем сабе даму ў сукенцы ў абцяжку, з сыліконавымі грудзьмі. А насамрэч Ярмошына таксама бляндынка, — адказвае Юлія. — Калі б яна задалася мэтай стаць прэзыдэнтам, то ўсё магло б быць. Напрыклад, я ня памятаю, якога колеру валасы ў Маргарэт Тэтчэр, у Ангелы Мэркель... Значыць, калі ты ня ярка-ўтрыраваная бляндынка, гледзячы на якую, мужчыны адразу думаюць пра сэкс, то гэта не праблема», — разважае Юлія.

Палітык Вольга Абрамова ўпэўненая, што іміджмэйкеры проста адпрацоўваюць свае грошы: «Зарабляюць свой хлеб, як могуць. Некаторыя паліттэхнолягі спэцыялізуюцца толькі на тым, што займаюцца зьнешнасьцю кандыдата. Яны проста больш нічога ня могуць прапанаваць».

Абрамава пераконвае: «Важна не які колер валасоў, а тое, што пад валасамі. Колер валасоў зусім не істотны».

Былая кандыдатка ў дэпутаты Тацяна Караткевіч з руху «Гавары праўду» таксама не зьвяртае ўвагі на колер валасоў:

«Ёсьць журналістка Сьвятлана Калінкіна, годная кандыдатка ў прэзыдэнты. Яна ж бляндынка. Тацяна Равяка — прыўкрасная бляндынка, годная кандыдатка на пост і прэзыдэнта, і міністра юстыцыі».

Аднак і імідж бляндынкі можа стаць добрай знаходкай на шляху да ўлады. Ляшкевіч прыгадвае прыклад італьянскай парназоркі Чычаліны — сэксуальнай ультра-бляндынкі, якая менавіта дзякуючы свайму выгляду трапіла ў парлямэнт.

«Вобраз палітыка павінен выклікаць давер, — сьцьвярджае Ляшкевіч. — Вось у Вольгі Карач цяпер вобраз блізкі да расейскі тэлевядоўцы Алены Малышавай (вядзе на расейскім „Першым канале“ праграму пра здароўе. — Рэд.). А ёй бы больш падышоў вобраз прынцэсы Дыяны. Да таго ж у наступным годзе фільм пра прынцэсу Дыяну выходзіць у пракат».
XS
SM
MD
LG