Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Басовішча-2013» як міжкультурны дыялёг


Ілёна Карпюк-Дамброўская зь сябрамі - гурт Ilo&Friends

Ілёна Карпюк-Дамброўская зь сябрамі - гурт Ilo&Friends

Размова з Ілёнай Карпюк-Дамброўскай, прэсавым прадстаўніком арганізатараў «Басовішча-2013».

Радыё Свабода: На пачатку гэтага году прайшла інфармацыя, што Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (БАС) не атрымала датацыі з Варшавы і, магчыма, «Басовішча» сёлета не адбудзецца. Пра тое, што БАС мае праблемы з афармленьнем датацыі для фэстывалю, было чуваць ужо ад некалькіх гадоў. У чым сутнасьць гэтых праблемаў?

Карпюк-Дамброўская: Сутнасьць у тым, што маладыя людзі з БАСу не заўсёды былі ў змозе выканаць фармальныя патрабаваньні датацыі і аформіць усе рэчы як сьлед. Арганізатарамі фэстывалю ўвесь час былі студэнты, а сыстэма разьлікаў датацыі зь міністэрствам і іншымі з гадамі рабілася ўсё больш складанай. Ну і ўрэшце аказалася, што студэнтам трэба падтрымка з боку арганізацый, у якіх большы досьвед з такімі вялікімі мерапрыемствамі і абслугоўваньнем фінансавай сыстэмы. Так было ўжо ў мінулым годзе, калі фэстываль арганізаваў ня БАС, а іншая арганізацыя. А сёлета фэстываль арганізуюць сябры фонду «Villa Sokrates», які выступіў з просьбай аб датацыі ў Міністэрства адміністрацыі і Міністэрства замежных справаў.

Радыё Свабода: Фонд «Villa Sokrates» быў заснаваны Сакратам Яновічам у Крынках. Пасьля сьмерці крынкаўскага пісьменьніка ў лютым, хто кіруе гэтым фондам цяпер і хто займаецца арганізацыяй «Басовішча-2013»?

Карпюк-Дамброўская: Канкрэтным і адзіным чалавекам, які адказвае за арганізацыю фэстывалю, зьяўляецца Павал Гжэсь. Ён вядомы як мастак-фатограф і чалавек ангажаваны ў беларускія справы. Ён – арганізатар «Басовішча», адказны за фінансавыя разьлікі зь міністэрствамі. Але гэта не азначае, што ў арганізацыі фэстывалю не прысутнічае Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Студэнты таксама зьяўляюцца ўдзельнікамі гэтага працэсу, і іхныя меркаваньні і прапановы таксама бяруцца пад увагу.
Басовішча 1991 году. Ян Максімюк і Юрка Ляшчынскі

Басовішча 1991 году. Ян Максімюк і Юрка Ляшчынскі


Радыё Свабода: 7 чэрвеня ў Беластоку мае адбыцца канцэрт пад назвай «Перад Басовішчам» (Before Basovishcha). Якім чынам гэты канцэрт зьвязаны з самым фэстывалем, які будзе адбывацца 19-20 ліпеня ў Гарадку?

Карпюк-Дамброўская: Ужо некалькі гадоў таму студэнты вырашылі, што існуе патрэба такой сустрэчы ў Беластоку, каб і людзі ў гэтым вялікім горадзе даведаліся, што неўзабаве будзе адбывацца ў Гарадку. Здаецца, гэта неблагая ідэя. Таму яна ажыцьцяўляецца ўжо некалькі гадоў, і сёлета такі канцэрт таксама адбудзецца, каб, па-першае, заявіць, што «Басовішча» будзе, і па-другое, каб прэзэнтаваць некаторыя музычныя гурты, якія выступяць на сцэне ў Гарадку. Будзе адзін гурт зь Беластоку і гурт «IQ48» зь Менску. Ну і на канцэрце «Перад Басовішчам» у Беластоку пройдзе адбор на «Басовішча» гуртоў з гэтага боку мяжы, гэта значыць, нашых беластоцкіх гуртоў. Сёлета конкурсная частка «Басовішча» праходзіць у двух этапах. У Беластоку мы выберам нашы гурты, якія выступяць на сцэне ў Гарадку. Адначасова ідзе збор заявак на выступ на «Басовішчы» гуртоў зь Беларусі. Журы на падставе аўдыё- і відэаматэрыялаў, якія атрымае ад выканаўцаў зь Беларусі, вырашыць, каго запрасіць на сцэну фэстывалю ў Гарадку.
Басовішча 1992 году. Кася Камоцкая

Басовішча 1992 году. Кася Камоцкая


Радыё Свабода: Як разумею, тут мы гаворым пра адбор дэбютантаў або пачаткоўцаў на «Басовішчы». А хто з «вэтэранаў» або гуртоў, якія ўжо здабылі сабе прызнаньне на «Басовішчы», выступіць на сёлетнім Фэстывалі музыкі маладой Беларусі?

Карпюк-Дамброўская: У гэтым годзе фэстываль атрымаецца, я сказала б, шматкультурным. Гэта крок у такі бок, каб на «Басовішчы» падтрымаць міжкультурны дыялёг. Будуць выступаць беларускія гурты, зьявіцца ўкраінскі гурт і, як заўсёды бывала, будуць таксама польскія выканаўцы. І будуць музыканты, якія выконваюць клязьмерскую музыку. Зь Беларусі, сярод іншых, выступяць гурт «Akute» і гурт Аляксандра Памідорава. Будзе таксама малады гурт «Clover Club», які здабыў тытул дэбютанта году. Будуць і госьці з Польшчы, побач адзінага на гэты момант гурту з Падляшша, «Ilo&Friends». З польскіх гуртоў магу назваць «Indios Bravos». Калі гаварыць пра беларускіх выканаўцаў, дык на «Басовішчы» выступіць яшчэ Vinsent, які ў Гарадку яшчэ не выступаў.
Басовішча 1992 году. Уліс

Басовішча 1992 году. Уліс


Апрача музыкі на сцэне «Басовішча», будзе таксама шмат цікавых падзеяў вакол сцэны. Мы запрашаем на фэстываль мастакоў з Польшчы і Беларусі. З Польшчы, напрыклад, мае быць вядомы ў Эўропе Павал Альтгамэр, які на «Басовішчы» запрапануе «мастацкі кангрэс» як своеасаблівую форму выказваньня пра рэчаіснасьць...
Ilo&Friends

Ilo&Friends


Радыё Свабода: Вы самі доўгі час кіравалі БАСам і арганізавалі шмат «Басовішчаў» ды яшчэ выступалі на сцэне як выканаўца. Так што ў вас ёсьць шматбаковы досьвед, зьвязаны з гэтым фэстывалем. Скажыце, наколькі «Басовішча» істотнае для стымуляцыі музычнага жыцьця падляскіх беларусаў? Ці «Басовішча» дало штуршок для ўзьнікненьня і разьвіцьця нейкіх істотных падзеяў у музыцы падляскіх беларусаў? Ці не зьяўляецца гарадоцкі фэстываль адно пляцоўкай для выступу музыкаў з Рэспублікі Беларусь, якія пакуль пляцоўкі такога рангу ў сябе ня маюць?

Карпюк-Дамброўская: Я сказала б, што такіх пляцовак у Беларусі зараз шмат, і «Басовішча» ўжо не зьяўляецца такім унікальным фэстывалем, як было калісьці. Цяпер мы маем вялікую канкурэнцыю. Але «Басовішча» было і павінна застацца месцам, дзе сваю актыўнасьць праяўляе перш за ўсё беларуская меншасьць у Польшчы. Сапраўды, у апошнія гады на беларускамоўнай музычнай сцэне Падляшша назіраецца застой і нейкай такой стымуляцыі з боку «Басовішча» не відаць. Сам факт, што на сёлетнім «Басовішчы» выступае толькі адзін беларускамоўны гурт з Падляшша, «Ilo&Friends», не дадае аптымізму. Але мы хочам ствараць спрыяльныя ўмовы для выступу нашых гуртоў на «Басовішчы»...

Радыё Свабода: Дык вось, гледзячы з пэрспэктывы мінулых 23 фэстываляў, які падляскі беларускамоўны гурт вы вылучылі б як галоўны здабытак «Басовішча»?

Карпюк-Дамброўская: Калі глядзець на апошнія фэстывалі, дык мне здаецца, што такім гуртом зьяўляецца «Rima». «Rima» выступала ня толькі на сцэне ў Гарадку, але і на розных сцэнах у Польшчы. Можна ў гэтым кантэксьце згадаць нашы гурты «Kardon» і «R.F. Braha», але па-мойму якраз «Rima» наймацней запрацавала на званьне гурту, які праз «Басовішча» выйшаў на шырэйшую публіку.
XS
SM
MD
LG