Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэграцыя ў СНД «правісае»


На сёньняшнім саміце ў Менску кіраўнікі ўрадаў краін СНД падпісалі шэраг новых дакумэнтаў аб супрацоўніцтве.

Чарговым разам прагучалі агульныя словы пра карысьць інтэграцыі, пра неабходнасьць пашырэньня супрацоўніцтва на абшарах Садружнасьці. Аднак, як сьведчаць вынікі саміту, ніякіх прарыўных падзеяў не адбылося.

Менскі саміт разглядаўся як чарговае і дзяжурнае мерапрыемства, ад якога нічога незвычайнага ніхто і не чакаў, — заявіў «Свабодзе» аналітык BISS Андрэй Елісееў. Навуковец, аднак, зьвярнуў увагу на адну дэталь, якой на ранейшых падобных сустрэчах не было. Сёньня ў Менску многа згадвалі пра Адзіную эканамічную прастору Расеі, Казахстану і Беларусі. Спадар Елісееў тлумачыць, чаму так адбылося:

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў
«Уся ідэя эўразійскай інтэграцыі зьявілася і актыўна прасоўвалася Расеяй таму, што інтэграцыя ў рамках СНД „правісла“. Структура фармальна існуе ўжо столькі гадоў, але прасоўваньня наперад не было. Таму ня дзіўна, што сёньня на саміце СНД акцэнт рабілі на эўразійскай інтэграцыі. Бо зьявілася адна ідэя — каб краіны СНД падпісалі Дамову аб зоне вольнага гандлю з краінамі Эўразійскай прасторы.

І па-другое, Расеі і іншым удзельнікам эўразійскай прасторы варта больш прывабліваць астатнія краіны СНД у сваё больш глыбокае інтэграцыйнае аб’яднаньне».

Шырэй выкарыстоўваць на абшарах СНД досьвед Эўразійскай прасторы заклікаў сёньня, напрыклад, віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Міхаіл Русы. Ён гаварыў пра тое, што трэба ўліваць капіталы адной дзяржавы ў капітал іншай:

Міхаіл Русы
Міхаіл Русы
«У нядзелю Леанід Канстанцінавіч (міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня) з брыгадай выяжджаў у Сафонава Смаленскай вобласьці. Там будуецца магутны мясны камбінат на 120 тон сутачнай перапрацоўкі. Мы ўнесьлі прапанову — давайце будзем працаваць разам, 50 на 50. Але пры ўмове, што гэты камбінат мы забясьпечым уласнай сыравінай беларускай — і сьвінінай, і ялавічынай. Зробім прадукт і будзем разам прадаваць. Інакш ня выжывеш. Такім шляхам ідуць птушкаводы, па ім пайшла і перапрацоўка.

У нас на „Бабушкінай крынцы“ казахі ўжо ўсталявалі абсталяваньне. Робім на ім малочныя прадукты і пастаўляем у Казахстан. Два бізнэсы, дзьве краіны сыходзяцца ў адно. І гэта правільна, інтэграцыя павінна быць абавязковай».

Чыноўнікі часта робяць інтэграцыйныя захады, ня ўдумваючыся ў іх сутнасьць, — канстатуе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Я думаю, што гэта дрэнны прыклад. Бо калі паглядзець на адлегласьць... Зь Менску ў Казахстан тры гадзіны трэба ляцець самалётам. Цягнуць малако і малочныя прадукты зь Беларусі ў Казахстан — гэта тое ж самае, што нафту з Вэнэсуэлы ў Беларусь. Як у туземцаў ёсьць рытуалы ўсходу сонца, зьяўленьня нейкай зоркі і г.д., так і ў СНД ёсьць стары палітычны рытуал. Для Беларусі, калі выключыць Расею і Казахстан, СНД — гэта менш за 10% эканамічных інтарэсаў. Наагул, мы можам абысьціся без яго незаўважана».

З 11 краін, якія цяпер уваходзяць у СНД, на саміце ў Менску прэм’ерамі былі прадстаўленыя толькі Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Украіна. Падчас сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацыяў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прадстаўнікі Кіргізстану і Ўкраіны будуць запрашацца на наступныя паседжаньні дзяржаў Адзінай эканамічнай прасторы. Але калі яны пажадаюць далучыцца да «тройкі», то мусяць будуць прайсьці ўвесь шлях «без абмежаваньняў і выключэньняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG