Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курыць у грамадзкіх месцах забароняць законам


31 траўня — Усясьветны дзень бяз тытуню. У Беларусі кураць 30,5% насельніцтва краіны. Палата прадстаўнікоў распрацоўвае законапраект, накіраваны на абмежаваньне колькасьці прыхільнікаў тытуню.

Статыстыка сьведчыць, што ў Беларусі кураць 46% мужчын і 16% жанчын. Бальшыня людзей адмоўна ставіцца да гэтай звычкі. Гутару зь людзьмі на вуліцах Менску:

Карэспандэнтка: «Ці вы курыце і як вы ставіцеся да тытуню?»

Спадар: «Не, не куру, але мне не замінае, калі нехта курыць».

Юначка: «Не, не куру сама, і сваякі мае таксама ня кураць. Вельмі непрыемна, калі кураць, на прыпынках. Я толькі супраць курэньня».

Юнак: «Не, не куру і вельмі дрэнна да гэтага стаўлюся».

Юначка: «Асабліва непрыемна, калі чалавек ня курыць і мусіць чуць гэты пах дыму. Трэба для гэтага адводзіць адмысловыя месцы».

Спадарыня: «Нэгатыўна стаўлюся да курэньня, хоць сама куру. Некалькі разоў спрабавала кінуць, але безвынікова. Што да курэньня ў грамадзкіх месцах, то лічу, што павінны быць спэцыяльныя месцы для тых, хто курыць. Бо ня кожны чалавек можа кінуць курыць. Хоць галоўнае — воля. Калі захацець, то можна і кінуць. Сама буду кідаць і жадаю гэтага ўсім, хто курыць».



Многія грамадзкія месцы, як, да прыкладу, пад’езды жылых дамоў, некаторыя кавярні і паркі абвешчаныя зонамі, вольнымі ад тытуню. Аднак працягваюць курыць і тут, кажа супрацоўнік менскага парку імя Чалюскінцаў:

Карэспандэнтка «Вы супрацоўнік парку, які абвешчаны зонай без курэньня. Ці кураць тут людзі?»

Спадар: «Кураць, вядома. Я супраць курэньня і супраць выпіўкі. Я іх тут ганяю ўсіх. Лічу, што за гэта проста трэба караць. Бо тут жа дзеці, тут месца для адпачынку, а не для курэньня».

Спадар: «Асабліва раздражняе, калі маладая мама коціць каляску зь дзіцем, і ў яе цыгарка ў зубах. Альбо дзяўчаткі ідуць гадоў 12–14 і цыгаркі гэтыя рахітныя кураць — я шалею, не магу проста. У мяне ўнучка 20 гадоў — ня курыць, я не куру, жонка ня курыць. Затое дачка — 40 год — курыць за ўсіх».





Тым часам мэдыкі сьведчаць, што тытунь — прычына анкалягічных, сардэчна-сасудзістых захворваньняў, ён адмоўна ўплывае на страўнік, небясьпечны пры наяўнасьці ў чалавека іншых хваробаў. У сувязі з гэтым Палата прадстаўнікоў рыхтуе законапраект супраць курэньня. Гаворыць сябра камісіі па ахове здароўя Дзьмітрый Шаўцоў:

«Законапраект будзе прадугледжваць пашырэньне грамадзкіх месцаў, дзе будзе забаронена курыць — гэта асноўнае. Другое — прадугледжвае падвышэньне цэнаў на тытунёвыя вырабы. І трэцяе — што асабліва хвалюе мэдыкаў — прыбраць цыгарэты з касаў у крамах. Цяпер мы падыходзім да касы — і зьлева скрыні з гарэлкай, а ўверсе, галаву падымаем — там цыгарэты. Вось над гэтым мы і папрацуем — калі ня ўдасца нешта правесьці праз закон, то будзе на ўзроўні заканадаўчых актаў. Але тое, што будзе пашырэньне месцаў, дзе будзе забаронена курыць, — гэта дакладна».

Паводле Дзьмітрыя Шаўцова, цяпер законапраект на распрацоўцы ў Міністэрстве аховы здароўя. На разгляд Палаты прадстаўнікоў ён паступіць у 2014 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG