Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назваў сацыял-дэмакратаў «бандай» — і застаўся беспакараным


Мікалай Залозны

Мікалай Залозны

31 траўня Ленінскі суд Магілёва не задаволіў пазовы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», а таксама сябра партыі Мікалая Залознага — якія баранілі свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

Нагодаю для суду сталася выказваньне начальніка жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства «Магілёўаблсельбуд» Паўла Шышова. Адказваючы на пытаньні карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, якія тычыліся высяленьня з інтэрнату Мікалая Залознага, спадар Шышоў прамовіў, што «он состоит в этой банде „Грамада“». Гэтае выказваньне сацыял-дэмакраты палічылі абразьлівым і зьвярнуліся ў суд.

Выказваньне пра «банду», заяўлялі ў судзе пазоўнікі, Павал Шышоў зрабіў наўмысна, каб зьняважыць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада». Партыйцы настойвалі, каб адказчык выступіў з аўдыёабвяржэньнем выказваньня на сайце БелаПАН і публічна выбачыўся перад партыяй.

Павал Шышоў, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, пазоваў апазыцыйнай арганізацыі і ейнага сябра не прызнаў. Суду заявіў, што Сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада» бандай не называў. Інтэрвію нікому не даваў. Прызнаў, аднак, што яму нехта тэлефанаваў і задаваў пытаньні пра Залознага. Спадар Шышоў цьвердзіць, што той, хто званіў, не называў сябе.

Паводле прадстаўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» — сябра прэзыдыюму партыі Ігара Барысава, судзьдзя Андрэй Юрчанка адмову ў задавальненьні пазову аргумэнтаваў тым, што немагчыма вызначыць, што з Шышовым гутарыў карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў, а таксама — калі і пры якіх абставінах гэтая гутарка адбылася.

«Вырак несправядлівы. Я бачу ў ім палітычнае рашэньне. Судзьдзя і пракурор хацелі падвесьці да таго, каб мы шукалі вінаватых у інфармацыйнай кампаніі „БелаПАН“, што, маўляў, калі яны гэта надрукавалі, то іх і трэба прыцягваць да адказнасьці. Цяпер будзем аналізаваць, ці можам мы зрабіць фонаскапічную экспэртызу за межамі Беларусі, бо ўнутры краіны нам яе не дадуць зрабіць. Мы заяўлялі хадайніцтва пра гэта. Нам адмовілі», — заяўляе Ігар Барысаў.

На судовым пасяджэньні праслухалі аўдыёматэрыял з сайту БелаПАН пад назвай «У Магілёве з інтэрната высяляюць сацыял-дэмакрата Мікалая Залознага». У ім голасам, падобным да голасу Паўла Шышова, прамаўляецца фраза «Он состоит в этой банде „Грамада“». Павал Шышоў і пасьля праслухоўваньня працягваў настойваць, што такой фразы не гаварыў і што гэта мантаж.

Судзьдзя Юрчанка не задаволіў хадайніцтва пазоўнікаў, каб праслухаць рабочы матэрыял Алеся Асіпцова, зь якога рабіліся публікацыя. Як заяўлялі суду сацыял-дэмакраты, на стужцы журналіст называе сябе і кажа, што вядзецца запіс гутаркі для публікацыі.

Вырак судзьдзі Андрэя Юрчанкі сацыял-дэмакраты зьбіраюцца абскарджваць у абласным судзе.
XS
SM
MD
LG