Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд справы моладзевага актывіста Андрэя Гайдукова, якога КДБ абвінаваціў у здрадзе дзяржаве і шпіянажы на карысьць замежнай выведкі, пачнецца 12 чэрвеня а 10-й гадзіне ў Віцебскім абласным судзе.

Працэс будзе весьці судзьдзя Галіна Ўрбановіч, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Учора старшыня КДБ Валеры Вакульчык заявіў, што паседжаньне будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Аднак афіцыйнага рашэньня суду па гэтым пытаньні пакуль няма.

ПЦ «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікаюць кампэтэнтныя органы забясьпечыць правядзеньне адкрытага судовага разгляду. Маці актывіста таксама настойвае на тым, каб судовы працэс быў адкрытым.

Сем месяцаў Андрэй Гайдукоў знаходзіцца пад вартай. Паводле КДБ, хлопца затрымалі нібыта «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы». Паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці) яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Сваякі і знаёмыя ня вераць, што Андрэй «здраднік» ці «шпіён». Яны лічаць, што сапраўдная прычына затрыманьня — гэта апазыцыйныя погляды, праца ў камандах дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў, або мае месца нейкая «грандыёзная правакацыя» — пра гэта Андрэй Гайдукоў пісаў у самых першых лістах зь менскага СІЗА КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG