Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шадрына зноў стала ўязной у Эўразьвяз

абноўлена

Эўразьвяз зьняў санкцыі супраць беларускага гарэлачнага заводу «Аквадзіў», кампаніі «Спорт-пары» і Ганны Шадрынай, былой намесьніцы галоўнага рэдактара друкаванага органа Аляксандра Лукашэнкі — газэты «Советская Белоруссия».

«Аквадзіў» падпаў пад санкцыі 23 сакавіка 2012 году, а «Спорт-пары» — у чэрвені 2011 году. На гэтых прадпрыемствах не камэнтуюць цяперашнюю адмену санкцыяў і ня дзеляцца інфармацыяй пра тое, ці рабіліся нейкія намаганьні, каб Эўразьвяз гэтыя санкцыі адмяніў. Там гэта тлумачаць тым, што пакуль не паступіла афіцыйных папераў з Брусэля.

У кіраўніцтве «Аквадзіва», зрэшты, сказалі, што рады гэтай падзеі. Там таксама не выключаюць, што пэўныя намаганьні дзеля адмены санкцыяў рабілі заснавальнікі прадпрыемства.

Намесьнік гендырэктара Сяргей Страшынскі сказаў карэспандэнту Свабоды: «Канечне, рады, бо санкцыі, якія былі, не зусім былі абгрунтаваныя адносна нашага прадпрыемства. Бо наша прадпрыемства зь векавымі традыцыямі, працуе даволі вялікая колькасьць пэрсаналу. І чаму яны павінны цярпець з-за гэтых санкцыяў?»



Тое, што апошнім часам адносна некаторых прадпрыемстваў і асобаў адменены санкцыі, ці азначае, што Захаду ўдалося дамовіцца з кіраўніцтвам Беларусі аб вызваленьні палітвязьняў? Маўляў, спачатку здыміце санкцыі, а потым вызвалім палітвязьняў? Палітоляг Дзяніс Мельянцоў патлумачыў:

«Не, наўрад ці такая дамоўленасьць ёсьць. Проста санкцыі на цэлы шэраг прадпрыемстваў былі накладзеныя не на падставе нейкіх фактаў і доказаў, а на падставе пэўных падазрэньняў. І цяпер беларускія кампаніі, якія туды ўнесеныя, робяць намаганьні, каб давесьці неабгрунтаванасьць іх унясеньня ў гэты „чорны сьпіс“. Што, у прынцыпе, і адбылося. Якраз вось гэтыя дзеяньні прывялі да зьняцьця санкцыяў, а ня нейкая там дамоўленасьць зь беларускімі ўладамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG