Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як загінула Амэлія Эрхарт?


Група дасьледчыкаў акіянскай глыбіні лічыць, што знайшла месца, дзе 76 гадоў таму загінула славутая амэрыканская жанчына-пілёт Амэлія Эрхарт.

Зьнікненьне Амэліі Эрхарт у 1937 годзе падчас спробы аблёту зямнога шара ўздоўж экватару зьяўляецца адным з самых загадкавых эпізодаў у гісторыі амэрыканскай авіяцыі. Амэлія Эрхарт (Amelia Mary Earhart, 1897-1937) была ў свой час піянэрам авіяцыі і вядомай аўтаркай кніжак пра сваё жыцьцё і палёты. Яны была першай жанчынай, якая зьдзейсьніла пералёт над Атлянтычным акіянам.

У 1937 годзе Амэлія Эрхарт, разам з навігатарам Фрэдам Нунанам, паспрабавала ўпершыню абляцець зямны шар уздоўж экватару. Апошнія весткі ад яе паходзілі з 2 ліпеня 1937 году. Дагэтуль лічылася, што ў самалёце Эрхарт скончылася паліва і машына ўпала ў акіян, перш чым Эрхарт пасьпела знайсьці востраў Гоўланд (Howland) у Ціхім акіяне, дзе мела дазаправіцца, каб адтуль пераляцець у Ганалулу і закончыць сваё кругасьветнае падарожжа ў Оўклэндзе ў Каліфорніі.

Але ў 2012 годзе дасьледчыкі зь Міжнароднай групы пошукаў гістарычных самалётаў (International Group for Historic Aircraft Recovery) апынуліся на бязьлюдным атоле Накамурора (які належыць да Рэспублікі Кірыбаці), каб праверыць сваю гіпотэзу, што Эрхард і Нунан здолелі даляцець да гэтага астраўка і прызямліцца на ім. Паводле гэтай гіпотэзы, хвалі змылі самалёт з астраўка ў акіянскую глыбіню, а Эрхарт і Нунан памерлі на астраўку ці то ад магчымых раненьняў пры прызямленьні, ці то ад голаду і смагі, а іхнія целы потым пахаваў акіян.

Наймацнейшым пацьвярджэньнем гэтай гіпотэзы зьяўляецца знаходка алюмініевых і плястмасавых абломкаў на атоле, якія маглі паходзіць з самалёта Эрхарт, ды мапа акіянскага дна (выкананая пры дапамозе гідралякатараў), на якой дасьледчыкі адкрылі «анамалію» — нешта, што сваёй формай і памерам можа адпавядаць згаданаму самалёту, двухрухавіковаму Lockhead Model 10E Special «Electra». Гэтая анамалія знаходзіцца на глыбіні 200 мэтраў, і каб канчаткова ўпэўніцца, што гэта самалёт Эрхарт, дасьледчыкі плянуюць новую выправу на атол Накамурора зь незалежнымі экспэртамі ў галіне гідралякацыйных адлюстраваньняў, каб яшчэ раз зрабіць замеры акіянскага дна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG