Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт прэм’ераў СНД. Прыедуць ня ўсе


Пасяджэньне Савета кіраўнікоў урадаў краін Садружнасьці незалежных дзяржаў пройдзе сёньня ў Менску.

Як паведамляла раней МЗС Беларусі, чакаецца, што ў сустрэчы прымуць удзел прэм’ер-міністры шасьці дзяржаў: Беларусі, Расеі, Казахстана, Украіны, Армэніі і Таджыкістану.

Чакаецца, што дэлегацыі Ўзбэкістана, Кіргізстана, Азэрбайджана ўзначаляць першыя віцэ-прэм’еры, Туркмэністан будзе прадстаўлены на саміце намесьнікам старшыні Кабінэта міністраў. Малдову на пасяджэньні будзе прадстаўляць намесьнік міністра замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі.

Сустрэча мае пачацца а 12-й гадзіне. Перад гэтым кіраўнікоў дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэньні, прыме Аляксандр Лукашэнка.

Пасьля пасяджэньня прэм’еры наведаюць Форум дзелавых людзей АЭП, які праходзіць у «Мінск-Арэне».

Раней выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў паведаміў, што на пасяджэньне прэм’ераў СНД вынесена 30 пытаньняў пераважна эканамічнай тэматыкі.

Чакаецца таксама, што ў рамках сустрэчы ў Менску кіраўнік Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка падпіша з Украінай і Кіргізстанам мэмарандумы аб паглыбленьні ўзаемадзеяньня паміж ЕЭК і гэтымі дзьвюма краінамі.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч у Астане, дзе праходзіла пасяджэньне Вышэйшага эўразійскага эканамічнага савета, заявіў, што гаворка ідзе аб прадстаўленьні Ўкраіне статусу назіральніка ў Эўразійскім эканамічным саюзе, які фармуецца і стане наступным этапам інтэграцыі пасьля Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі і Казахстана. Гэты статус дае магчымасьць прадстаўнікам Украіны прысутнічаць на пасяджэньнях структур АЭП і атрымліваць іх дакумэнты, за выключэньнем сакрэтных.

Пры гэтым Януковіч растлумачыў, што паколькі ў Мытным саюзе не прадугледжаны статус назіральніка, такі статус можа зьявіцца ва Ўкраіны толькі пасьля падпісаньня дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюза, якое заплянавана на 1 студзеня 2015 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG