Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета традыцыйныя Беларуска-швэдзкія літаратурныя дні прайшлі ў Львове. Каму яны прыйшліся недаспадобы ў Беларусі? І ці сталіся таму прычынай плюшавыя мядзьведзікі, што дэсантаваліся ў Беларусь са швэдзкага самалёту? Сваімі львоўскімі ўражаньнямі з намі падзеліцца пісьменьніца Наталка Бабіна.

— Наталка, і летась, і пазалетась, і ў ранейшыя гады швэдзка-беларускія літаратурныя сустрэчы адбываліся ў Беларусі — і ў сталіцы, і з выездам у рэгіёны. Чаму раптам месцам спатканьня стаў Львоў?

Чаму беларускія ўлады не далі візы Марыі Сёдэрбэрг? Чаго яны баяцца, я не разумею, але нечага баяцца
— Беларуска-швэдзкія літаратурныя дні сапраўды ў гэтым годзе праходзілі не на тэрыторыі Беларусі. Чаму так адбылося? Ужо больш за 10 гадоў швэдзкая журналістка Марыя Сёдэрбэрг ладзіць швэдзка-беларускія літаратурныя вандроўкі па розных месцах Беларусі. Але ў гэтым годзе, на жаль, адбылася прыкрая падзея: беларускі бок папросту ня даў візы спадарыні Марыі, ня даў візаў швэдзкім арганізатарам. І гэта паставіла пад пытаньне само існаваньне гэтых традыцыйных ужо дзён. А паколькі Марыі Сёдэрбэрг не хацелася, каб гэтая цудоўная традыцыя сустрэчаў швэдзкіх і беларускіх літаратараў перарвалася, то яна і прыняла такое рашэньне: правесьці іх у суседніх краінах. Сёлета швэдзка-беларускія літаратурныя сустрэчы праходзілі ў Беластоку і Львове. На іх ішлі чыста літаратурныя размовы, размовы аб агульначалавечых праблемах. Чаму беларускія ўлады не далі візы Марыі Сёдэрбэрг? Чаго яны баяцца, я не разумею, але нечага баяцца. Мне застаецца толькі здагадвацца. На вялікі жаль, беларуская ўлада дэманструе сёньня нейкую, я б сказала, бесчалавечнасьць і бескультурнасьць.

— Хто разам з вамі прадстаўляў беларускую літаратуру ў Львове?

— У Львоў прыехалі Сьвятлана Алексіевіч, Барыс Пятровіч, Уладзімер Арлоў, Зьміцер Плакс, Зьміцер Хадановіч, Зьміцер Вайцюшкевіч, маладая таленавітая перакладчыца са швэдзкай мовы Алеся Башарымава. Туды прывезьлі спэктакль, пастаўлены па кнізе швэдзкай пісьменьніцы. Праграма была вельмі насычаная. Было заплянавана так шмат мерапрыемстваў, і яны ішлі так шчыльна адно за другім, што цяжкавата было на ўсе патрапіць. Асноўныя мерапрыемствы праходзілі ў тэатры імя Леся Курбаса. Гэта цэнтар Львова, досыць стыльнае і харызматычнае месца, якое будзіла многія алюзіі, многіі асацыяцыі. На сустрэчы прыходзілі львавяне, якія цікавяцца беларускай літартурай — а іх там нямала. Гэта былі дні фэерыі і фантасмагорыі. Фантасмагорыя была ў чым? Мне, каб сустрэцца са сваімі землякамі і чытачамі з Берасьцейшчыны, трэба было ехаць дванаццаць з паловай гадзінаў зь Менску, ехаць за мяжу. На жаль, такая наша рэальнасьць. Усё ў нас перавернутае з ног на галаву.

— Львоўскія сустрэчы праходзілі неўзабаве пасьля швэдзкага чэмпіянату сьвету па хакеі, дзе ўзьніклі праблемы з-за бел-чырвона-белага сьцягу на трыбунах. Вы гэта неяк абмяркоўвалі са швэдзкімі калегамі?

— Калі зьбіраюцца літаратары, то, часьцей за ўсё, іх размовы наўпрост палітыкі не кранаюць. Скажам, мы шмат абмяркоўвалі праблемы мовы. Я толькі ў Львове зразумела, чаму ўвогуле Марыя Сёдэрбэрг займаецца гэтымі беларуска-швэдзкімі сувязямі. Аказалася, яна прадстаўніца нацыянальнасьці саамі, якая жыве ў Швэцыі і якая, на жаль, згубіла сваю мову. Сёньня на мове саамі можа размаўляць толькі некалькі дзясяткаў чалавек. Таму Марыі і зразумелыя нашыя клопаты, наш боль аб мове.

— Як правіла, за мяжой прадстаўнікі тае ці іншае краіны выступаюць пад сваім сьцягам. А як у Львове было?

— Мы ж не хакейная каманда. Мы не вывешвалі ніякіх сьцягоў, але я бачыла наш бела-чырвона-белы сьцяг у львавянаў. У Львове, як аказалася, ёсьць досыць моцнае зямляцтва беларусаў. І гэтыя людзі, калі яны прыходзілі на выступы, пазначалі сябе бела-чырвона-белым сьцягам. Як і заўзятары на чэмпіянаце сьвету ў Швэцыі. То бок, і хакейныя, і літаратурныя заўзятары былі пад бела-чырвона-белымі сьцягамі.

— У Менску актыўна працавала амбасада Швэцыі, якую ўзначальваў Стэфан Эрыксан — вялікі сымпатык беларускай культуры. І тут з-за нейкіх плюшавых мядзьведзікаў, якія дэсантаваліся ў Беларусь са швэдзкага самалёту, Эрыксан з краіны высланы, амбасада не працуе... А вам не шкада, што так адбылося з-за нейкай дробязнай прычыны?

З аднаго боку – чалавечнасьць, культурнасьць, маральнасьць Стэфана Эрыксана, з другога – падкрэсьленая амаральнасьць, бескультурнасьць беларускай улады
— Я з вамі на пагаджуся, што так сталася з-за дробязнай прычыны. Мне здаецца, што справа тут у тым антаганізме, які вельмі выразна быў бачны. З аднаго боку — чалавечнасьць, культурнасьць, маральнасьць Стэфана Эрыксана, з другога — падкрэсьленая амаральнасьць, бескультурнасьць беларускай улады. І гэты канфлікт павінен быў адбыцца. Калі б не адбылося «дэсанту», адбылося б што-небудзь іншае. Я ўпэўненая ў гэтым на сто адсоткаў. Таму я не гаварыла б так наўпрост, што з-за тых плюшавых мішак узьнікла дыпляматычная праблема. Не было б гэтай нагоды, знайшлася б другая — такая ж абсурдная, дробная і сьмешная.

— Я прачытаў у фэйсбуку, што беларускія пісьменьнікі ў Львове самі сабе прад’яўлялі тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Я б не зьдзівіўся, калі б вы з украінцамі за кухлем піва трошкі паспрачаліся за Чарнігаўшчыну ці Берасьцейшчыну. Але паміж сабой... Што ўсё ж там адбылося?

Толькі абапіраючыся на ўкраінскасьць Берасьцейшчыны, мы зможам дамагчыся таго, каб Берасьцейшчына стала беларускай
— У Львове ўсё было вельмі добра, ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій не было агучана. Пра гэта, на маю думку, ня варта гаварыць нават жартам, бо тэма спрэчных тэрыторый вельмі лёгка можа кагосьці пакрыўдзіць, або можа быць ня так зразуметай. Я езьдзіла ў Львоў з асноўнай мэтай правесьці там сэмінар, тэма якога гучала так: «Берасьцейшчына — зямля, дзе сплятаюцца карані». Асноўная думка майго выступу была такая: калі мы, беларусы, хочам бачыць Берасьцейшчыну сапраўды беларускай, то мы павінны абапірацца на яе гісторыю, на моўную сытуацыю ў рэгіёне. Мультыкультурнасьць Беларусі трэба ўсяляк шанаваць і падтрымліваць. Толькі абапіраючыся на ўкраінскасьць Берасьцейшчыны, мы зможам дамагчыся таго, каб Берасьцейшчына стала беларускай. Гэтая тэма для мяне вельмі важная. Яна такая досыць балючая, пра яе трэба вельмі акуратна гаварыць, каб не закрануць нічыіх нацыянальных пачуцьцяў, каб нікога не пакрыўдзіць.

— Беларуская пісьменьніца прыяжджае ў Львоў і гаворыць у сваім выступе пра «ўкраінскасьць Берасьцейшчыны». Прызнаюся, я ніколі ў жыцьці ня чуў, каб украінскі пісьменьнік прыехаў да нас і гаварыў пра «беларускасьць Ровеншчыны (тае ж Дубровіцы) ці Чарнігаўшчыны»...

— Калі б украінскія інтэлектуалы, пісьменьнікі больш пра гэта гаварылі, то было б больш карысьці і для беларусаў, і для украінцаў.

— У Львове вы карысталіся ўкраінскай мовай?

— Канешне, карысталася. І падчас свайго выступу, і тады, калі хадзіла па горадзе. Украінская мова — мая родная. Этнічна я ўкраінка, а палітычна я беларуска. Мая родная мова — украінская.

— А беларуская — працоўная?

— Гэта мова маёй краіны.

— Вы на гэтай мове пішаце свае творы.

— Так, пішу. Але хачу вам прызнацца, што калі Бог дасьць і я буду пісаць наступны раман, то я буду пісаць яго адначасова на дзьвюх мовах — па-беларуску і па-украінску.

— Я не ўяўляю, як пісьменьнік можа адначасова дагадзіць і беларускаму, і ўкраінскаму чытачу.

Толькі абапіраючыся на ўкраінскасьць Берасьцейшчыны, мы зможам дамагчыся таго, каб Берасьцейшчына стала беларускай
— Пісьменьнік піша не для таго, каб некаму дагадзіць. Ён мусіць дагаджаць толькі сабе, толькі сваёй душы. Ён павінен пісаць так, як адчувае. Я адчуваю так: мой абавязак — пісаць па-беларуску, але мой абавязак — пісаць і па-украінску. Такая мая сытуацыя. Я прайшла да гэтага пэўны шлях, які, я думаю, характэрны ня толькі для мяне, але і для многіх маіх землякоў. Калі тыя, чые дзяды гаварылі па-беларуску, будуць гаварыць па-беларуску, тыя, чые дзяды гаварылі па-украінску, — будуць гаварыць па-украінску, тыя, чые дзяды гаварылі па-польску, будуць гаварыць па-польску, толькі тады тыя, чые дзяды гаварылі па-расейску, нас пачуюць. Я да гэтага прыйшла, я гэта перажыла, я на гэтым стаю.

— Кажучы пра сваіх землякоў, вы, відавочна, маеце на ўвазе літаратараў зь Берасьцейшчыны. Нядаўна кіраўнік Берасьцейскай вобласьці Канстанцін Сумар атрымаў узнагароду ад Саюзу пісьменьнікаў Беларусі — за «вялікі ўнёсак у літаратуру». Што вы можаце сказаць з гэтай нагоды?

— А якія адносіны мае спадар Сумар да літаратуры? Відаць, ён сапраўды для Саюзу пісьменьнікаў Беларусі шмат робіць. Але тут я як чытач хачу задаць пытаньне: а дзе вынікі гэтай дапамогі спадара Сумара? Дзе ўвогуле можна пачытаць літаратуру, якую ствараюць спадары з таго саюзу? У кнігарнях я бачыла вялізныя і тоўстыя зялёныя тамы, выдадзеныя сябрамі таго саюзу. Але, скажу вам шчыра, калі тыя тамы пагартаеш, не ўзьнікае жаданьня чытаць далей. Так што я ня ведаю, чым спадар Сумар дапамагае беларускай літаратуры.

— Беларуская літаратура сёньня выпрабоўваецца на вытрываласьць. На вашу думку, што ёсьць зарукай яе жыцьцястойкасьці?

— Талент літаратараў. Адвага не баяцца кранаць тэмы, якія могуць падацца спрэчнымі. Адвага адказваць на выклікі часу. Калі нашыя літаратары будуць мець гэтыя якасьці, то тады літаратура выжыве. Яшчэ застаецца вельмі істотнае пытаньне мовы. Далёка ня ў кожнай нацыянальнай літаратуры пісьменьнікі маюць пэўны абавязак — захаваць мову. Гэта ўсё вельмі ўзаемазьвязана. Падчас швэдзка-беларускіх дзён у Львове я сустракалася з Уладзімерам Леанюком — выдатным чалавекам, вельмі моцным і вельмі таленавітым. Яму ўжо пад восемдзесят гадоў, ён пражыў цяжкае жыцьцё, ён 15 гадоў адседзеў у савецкіх турмах за свае погляды. І вось толькі нядаўна ён выдаў першую кнігу сваіх апавяданьняў — «Захмарені досвіткі». Гэта вельмі моцная і актуальная літаратура. Калі беларускія літаратары будуць пісаць на такія важныя, балючыя тэмы, якія маюць водгук у грамадзтве, то гэта будзе вялікім плюсам для беларускай літаратуры, і тады яна не загіне.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG