Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сарыюш-Вольскі: Я ня згодны, што трэба зьняць санкцыі


Польскі палітык, дэпутат Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі

Польскі палітык, дэпутат Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі

Дыскусія ў Эўрапарлямэнце наконт справаздачы Палецкіса, напісанай ім па выніках візыту ў Менск, выклікала сур'ёзныя разыходжаньні сярод дэпутатаў.

Радыё Свабода паразмаўляла зь сябрам камісіі па міжнародных справах Эўрапарлямэнту пра вынікі дыскусіі вакол дакладу Юстаса Палецкіса.

Радыё Свабода: З чым у дакладзе Палецкіса вы не згаджаецеся?

Яцэк Сарыюш-Вольскі: З двума пунктамі. Па-першае, са сьцьверджаньнем, што ў Беларусі наступіла паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека, а па-другое, што трэба зьняць санкцыі. Гэта два элемэнты рапарту, які ўтрымлівае шмат пазытыўных рэчаў, але гэтыя прынцыповыя пункты адступаюць ад цяперашняй лініі Эўрапарлямэнту. Трэба прыгадаць, што гэта 38-ы рапарт у справе Беларусі за ўсю гісторыю Эўрапарлямэнту. Ніводная іншая краіна ў сьвеце ня мела столькі рапартаў. Яго даклад адыходзіць ад лініі Эўрапарлямэнту і ад палітыкі Эўразьвязу, які праводзіць двухбаковую палітыку, гэта значыць, з аднаго боку — накладаньне санкцыяў за недэмакратычныя паводзіны Ўраду, а зь іншага — адкрытасьць на грамадзтва.

Радыё Свабода: Ці вы будзеце ўносіць праўкі ў гэты рапарт?

Яцэк Сарыюш-Вольскі: Я буду патрабаваць скрэсьленьня гэтых двух пунктаў з рапарту. І буду прапаноўваць некаторыя іншыя фармулёўкі.

Радыё Свабода: Вы казалі, што спадар Палецкіс ня быў накіраваны ў Беларусь адмысловым дакладчыкам?

Яцэк Сарыюш-Вольскі: Не, спадар Палецкіс фармальна зьяўляецца дакладчыкам па Беларусі. Але яго візыт у Беларусь быў ягонай ўласнай ініцыятывай, быў неафіцыйным, ён не быў дэлегаваны Эўрапарлямэнтам. Гэта дзьве розныя справы.

Папраўкі ў справаздачы прымаюцца да 5 чэрвеня. Другі разгляд камісіяй заплянаваны на 8 ліпеня, галасаваньне – на 9 ліпеня. Абмеркаваньне гэтага дакумэнту на пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту чакаецца ў верасьні 2013 года.
XS
SM
MD
LG