Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка падпісаў указ пра льготныя крэдыты на жытло


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім забараняецца здаваць у арэнду жыльлё, якое пабудавана за льготны крэдыт, пакуль пазыка ня будзе выплачаная.

За выключэньнем выпадкаў, калі здача ў наём гэтых жылых памяшканьняў дазволена мясцовымі ўладамі.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы разам зь Міністэрствам унутраных спраў павінны кантраляваць выкананьне ўстаноўленага парадку. У выпадку яго парушэньня грамадзянаў будуць караць адміністратыўнымі штрафамі ад чатырох да 30 базавых велічыняў.

Апроч таго, павялічваецца з аднаго да пяці гадоў забарона на перадачу жылых памяшканьняў, якія пабудаваны з дапамогай льготных крэдытаў, у выпадку датэрміновага яго пагашэньня.

Згодна з прэзыдэнцкім указам, уводзіцца прынцып аднаразовасьці прадстаўленьня дзяржаўнай падтрымкі (льготнага крэдыту ці аднаразовай субсыдыі) для грамадзянаў і членаў іх сем’яў, якія разам паляпшаюць жыльлёвыя ўмовы. Выключэньне робіцца для шматдзетных сем’яў, якія маюць падставы для паўторнай пастаноўкі на чаргу ў сувязі з нараджэньнем ці усынаўленьнем дзяцей.

Выключаецца магчымасьць прадстаўленьня аднаразовых субсыдый на пагашэньне запазычанасьці па льготных крэдытах, якія прадстаўляюцца маладым сем’ям і грамадзянам, якія стала жывуць і працуюць у сельскіх населеных пунктах.

Указ пачынае дзейничаць 1 чэрвеня 2013 года.
XS
SM
MD
LG