Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выпускнікі беларускамоўнай гімназіі: «Скончылі школу — скончылася беларуская мова»


Выпускнікі 23-й гімназіі Менску

Выпускнікі 23-й гімназіі Менску

У беларускамоўнай гімназіі № 23 у Менску адбыўся апошні званок. Гімназія знаходзіцца ў самым цэнтры. Калектыў тут амаль сямейны — усяго каля чатырох сотняў вучняў. Каб трапіць на заняткі ў гімназію, дзе вучаць па-беларуску, дзеткі езьдзяць з усяго гораду. Нават з Каралёвага Стану.

Выпускны кляс у гэтым годзе ўсяго адзін.

«Нашая гімназія асаблівая, — распавядае клясная кіраўніца выпускнікоў Ларыса Асацыяні, — бо ў нас навучаньне на беларускай мове. Вельмі вялікая прага культуры, беларускай мовы. Асноўная мэта — захаваць тое, што нам дадзена ад нашых продкаў. Дзякуючы нашай гімназіі мы выконваем загад нашай дзяржавы».

У 2012 годзе ў Беларусі закрылі 128 малакамплектных школ у сельскай мясцовасьці. Пераважна яны былі беларускамоўныя. Толькі ў 16 з прыкладна 230 сярэдніх навучальных установаў Менску ёсьць магчымасьць вучыцца па-беларуску. Ніводнай цалкам беларускамоўнай школы няма ў абласных цэнтрах і вялікіх гарадах краіны — такая сытуацыя зь беларускамоўным навучаньнем была ў Беларусі на канец 2012 году.

Што праўда, навучэнцы гімназіі пра любоў да Беларусі і яе культуры кажуць шчыра. І зусім не завучанымі словамі. Веданьнем беларускай мовы ганарацца, аднак знайсьці ёй практычнае прымяненьне ў будучыні мала хто спадзяецца.

Амаль усе апытаныя намі выпускнікі тэставаньне зьбіраюцца здаваць па-беларуску. А вось пляны на паступленьне ў ВНУ ва ўсіх розныя.

Мікіта зьбіраецца ў Варшаву, ва ўнівэрсытэт Лазарскага на маркетынг:

«Там пэрспэктываў болей. Наша краіна гіне з такой уладай».

Навучаньне ў «Лазарскім» далёка ня таннае. Мікіта кажа, што пакуль будуць плаціць ягоныя бацькі, але ўпэўнены, што хутка і сам пачне зарабляць. Пэрспэктываў застацца ў Беларусі ён для сябе ня бачыць.

Мне здаецца, што беларускамоўная адукацыя — гэта хутчэй плюс. Мы лепш ведаем родную мову, але з будучай кар’ерай гэта ніяк не зьвязана
Ягоны сябар ужо абраў сабе Карлаў унівэрсытэт у Празе. Спэцыяльнасьць — кібэрнэтыка. Выглядае, што гэта сьвядомы выбар, бо чэскую мову хлопец ужо ведае. Яшчэ год да паступленьня на бакаляўрэат будзе вучыцца на падрыхтоўчых курсах у Чэхіі.

Абодва хлопцы кажуць: вучыцца за мяжой лепш. А бацькі іхні выбар толькі падтрымліваюць.

А вось Павал будзе паступаць у БДУ на эканамічную інфарматыку. На пытаньне, чаму, адказвае: «Бо вельмі люблю нашую краіну». Праўда, тэсты будзе здаваць па-расейску, бо так лягчэй. «Мне здаецца, што беларускамоўная адукацыя — гэта хутчэй плюс, — кажа ён. — Мы лепш ведаем родную мову, але з будучай кар’ерай гэта ніяк не зьвязана».

Ізольда, мама выпускніцы Марыі, распавядае, што дачка паступае на «эканамічную інфарматыку». Спэцыяльнасьць гэтая новая, хочуць паглядзець, што гэта такое. Ва ўнівэрсытэце ёсьць некаторыя выкладчыкі, якія праводзяць заняткі па-беларуску. За гэта Ізольда не хвалюецца. А вось падрыхтоўка да паступленьня абышлася дорага — займаліся і на курсах, і ў рэпэтытараў:

«Усё адно няўпэўнена сябе пачуваюць дзеці, хочуць нечага большага, большай трываласьці ведаў. Зразумела, што школа дае базу, якую трэба прывесьці ў сыстэму. Хадзілі мы да рэпэтытараў, займаліся па ўсіх трох прадметах».

Ізольда кажа, што спэцыяльна не лічыла, колькі грошай патрацілі на падрыхтоўку. Ларыса Асацыяні пацьвярджае: гэта вельмі дорага.

«Нягледзячы на тое, што ў нас у гімназіі ёсьць адпаведныя факультатывы, але многія, ведаю, у рэпэтытараў займаюцца. Гэта вельмі дорага. Але бацькі ня лічаць, што яны зашмат робяць. Калі б была магчымасьць, то і болей бы аддавалі для дасягненьня мэты».

«Па 15 даляраў за гадзіну плацілі за рэпэтытараў, — распавядае Мікіта, — тры прадметы трэба падрыхтаваць. Вось і лічыце».

Мікіта выпусьціўся з гімназіі ў мінулым годзе. Размаўляе ён ужо па-расейску. Вучыцца ў БНТУ на інжынэра-машынабудаўніка. Гімназію згадвае зь цеплынёю — падабаліся яму і настаўнікі, і навучаньне. Чаму ж гаворыць па-расейску?

Веданьне роднай мовы мне дапамагае ў пляне духу. Я ведаю, што беларус, што я магу спакойна размаўляць на сваёй мове
«Праблема ў тым, што беларуская мова паўсядзённа не выкарыстоўваецца, таму мова губляецца. Але літаратуру, артыкулы я чытаю. Якая ж краіна яшчэ ня ведае сваёй роднай мовы? Гэта сорамна».

Практычнай патрэбы ў беларускай мове ў яго няма — ані для адукацыі, ані для будучай кар’еры:

«Але веданьне роднай мовы мне дапамагае ў пляне духу. Я ведаю, што беларус, што я магу спакойна размаўляць на сваёй мове».

Эфэктная выпускніца Анастасія зьбіраецца паступаць на філфак. Ад інтэрвію Анастасія адмовілася, бо «нікому не дае сваіх аўдыёзапісаў». Аднак ахвотна пагадзілася на фота. Кар’ера мадэлі Анастасію не цікавіць, бо яна «і гімнастка, і актрыса». А філфак ёй патрэбны для «агульнага разьвіцьця»

Агулам сёлета каля 60 тысяч вучняў сканчаюць сярэднюю школу, яшчэ 86 тысяч скончылі 9 клясаў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG