Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Вашынгтонскі абкам» разабраўся і зьняў санкцыі


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Дзярждэпартамэнт ЗША ня стаў працягваць санкцыі ў дачыненьні да ААТ «Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне» (БелОМА), якія былі ўведзеныя ў траўні 2011 году.

Чым можна патлумачыць гэты крок? Ці можна назваць яго пэўнай карэкціроўкай амэрыканскай палітыкі, альбо гэта чыста тэхнічнае рашэньне? Як можна ўвогуле ацаніць эфэктыўнасьць гэтых санкцыяў і якую палітыку — мякчэйшую эўрапейскую ці больш жорсткую амэрыканскую — варта назваць больш выніковай? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: Як варта расцаніць гэты крок Дзярждэпартамэнту? Ці можна назваць яго нейкай зьменай у стаўленьні да Беларусі, альбо гэта выключна тэхнічнае рашэньне?

Класкоўскі: Безумоўна, гэта тэхнічнае рашэньне. Менавіта тое, што за два гады ў дзеяньнях гэтых дзьвюх беларускіх фірмаў — БелОМА і «Белтэхэкспарт» — амэрыканскі бок не знайшоў ніякага крыміналу. Таму чыста фармальна, бюракратычна трэба выводзіць іх з гэтага чорнага сьпісу, бо няма ніякіх падставаў доўжыць дзеяньне гэтых санкцыяў.

Больш за тое, «Белтэхэкспарт» пісаў «тлумачальную запіску», дасылаў пакет дакумэнтаў, прадстаўнікі прадпрыемства езьдзілі ў «Вашынгтонскі абкам», паказалі там, што нічога кепскага ня робяць. Гэта тычылася меркаваных вайсковых паставак у Сырыю, Іран. Разабраліся, там працуе закон. Няма парушэньняў — вы чыстыя.

Цыганкоў: Некаторыя санкцыі ЗША (у дачыненьні да «Белнафтахіму») дзейнічаюць з 2007 году, санкцыі супраць іншых беларускіх прадпрыемстваў — з 2011 году. Ці магчыма за гэты час увогуле ацаніць эфэктыўнасьць санкцыяў і якую палітыку — мякчэйшую эўрапейскую ці больш жорсткую амэрыканскую — варта назваць больш выніковай?

Класкоўскі: Адразу трэба адзначыць, што супраць «Белнафтахіму» санкцыі былі ўведзеныя ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека. А супраць шэрагу абаронных прадпрыемстваў — у сувязі зь меркаванымі пастаўкамі «кепскім», з гледзішча ЗША, рэжымам. Беларускі рэжым лагаднейшым не становіцца, таму ў выпадку зь «Белнафтахімам» можа быць яшчэ доўгая песьня.

Што да падыходу Эўропы, дык гэта ў пэўнай ступені стэрэатып, што яна такая мяккая. Менавіта Эўразьвяз увёў кропкавыя санкцыі супраць гэтак званых «кашалькоў Лукашэнкі», і, магчыма, яны былі больш балючымі.

Дарэчы, наконт амэрыканскіх санкцыяў. Сутнасьць іх у тым, што проста амэрыканскія дзяржаўныя структуры ня могуць нешта ў гэтых беларускіх прадпрыемстваў закупляць. А там і так зусім няшмат закуплялі. Таму ў значнай ступені гэта чыста сымбалічныя санкцыі.

Эўропа, у адрозьненьне ад ЗША, мае даволі вялікі гандаль зь Беларусьсю. Эўрапейцы больш ведаюць пра Беларусь і бачаць, што санкцыі часам не працуюць і Лукашэнка мае магчымасьць заўжды сысьці пад дах Расеі, што можа кепска адбіцца на сувэрэнітэце Беларусі.

Таму «палітыка пугі», якая ня надта страшыць Лукашэнку, паступова мяняецца на «палітыку перніка». Але тут ёсьць рызыка наступіць на тыя самыя граблі, бо, як вядома, «гульні ў нармалізацыю» з рэжымам могуць кепска скончыцца, і мы гэта ўжо бачылі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG