Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працэнт даляраў у сусьветных валютных запасах падае. Праз гэта ўзьнікаюць асьцярогі, ці панаваньне даляра як галоўнай валюты сьвету падыходзіць да канца», — піша Джэф Кокс для парталу CNBC.

«Паводле дадзеных Міжнароднага валютнага фонду, даляр дасягнуў самага нізкага ўзроўню ў параўнаньні з астатнімі валютамі за 15 гадоў. Гэта сьведчыць пра ўсё большую колькасць краін, якія аддаюць перавагу вядзеньню справаў у іншай валюце», — зазначае Кокс. Паводле яго, набіраюць вагу японская ена, швэйцарскі франк «і тое, што МВФ клясыфікуе як „іншую валюту“, напрыклад, кітайскі юань».

Паводле намесьніка кіраўніка аддзелу аналізу рынку акцый у агенцтве Rafferty Capital Markets, Дзіка Боўва, «большасьць ня верыць, што даляр будзе зрынуты з п’едэстала, але так і будзе, прычым гэта можа адбыцца ўсяго за пяць-дзесяць гадоў». У прыватнасьці, Боўв падмацоўвае свае словы тым, што працэнт даляра ў агульных грашовых запасах сьвету з 1952 году ўпаў з амаль 90% да сучаснага паказчыка 15%. Таксама Боўв адзначае, што долі кітайскага юаня, ены і эўра ўзрасьлі. «Калі даляр страціць статус самай надзейнай валюты сьвету, ЗША страцяць права друкаваць грошы, каб аплаціць свае абавязаньні. Іх прымусяць выплачваць гэты доўг», — кажа Боўв.

«Варта адзначыць, што ў дадзены момант рынкі паводзяць сябе так, быццам даляру нічога не пагражае. „Зялёны“ захаваў рэпутацыю надзейнага прытулку ў цяжкія часы», — працягвае аўтар. «У больш доўгатэрміновай пэрспэктыве краіны, вядома, будуць дывэрсіфікаваць свае запасы і сыходзіць ад даляра, калі ў іх будзе такая магчымасьць. Існуюць і больш выгадныя магчымасьці інвэстыцый, калі можна атрымаць такую самую аддачу», — кажа Крыстафэр Вэкіё, валютны аналітык трэйдынгавай фірмы DailyFX . «Нягледзячы на ўзрослую пагрозу даляру і фіністэрству фінансаў ЗША, інвэстары па-ранейшаму адчуваюць сябе бясьпечней за ўсё дома», — лічыць Кокс.

Паводле журналіста, неспакой наконт будучага статусу даляра выклікае таксама праграма Фэдэральнага рэзэрву ў справе колькаснага зьмякчэньня, дзякуючы якой зьявіліся 3 трыльёны новых даляраў.

Згодна з цытаванымі ў артыкуле словамі Майкла Пэнта, прэзыдэнта кампаніі Pento Portfolio Strategies, пытаньне захаваньня статусу даляра як найважнейшай рэзервовай валюты свету «у тысячу разоў важнейшае за паўночнакарэйскія ядзерныя выпрабаванні». Паводле прагнозу Пэнта, пытаньне насьпее ў 2015-2016 гадах, калі ЗША пачнуць траціць 30-50% прыбытку на абслугоўваньне даўгоў, надыдзе крызіс рынку аблігацый, і даляр пачне падаць разам з цэнамі на аблігацыі.

Паводле inopressa.ru

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG