Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вязьні ці рабы? Дзе карані карупцыі ў турэмнай сыстэме?


Кіраўніка прадпрыемства, якое дзейнічае пры берасьцейскай калёніі, арыштавалі паводле абвінавачаньня ў атрыманьні хабару. Чаму сталі звыклымі карупцыйныя скандалы ў пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі?

Сьледчы камітэт Беларусі падазрае падпалкоўніка ўнутранай службы зь Берасьця ў атрыманьні хабару ў асабліва вялікім памеры. Міліцыянт працаваў дырэктарам рэспубліканскага прадпрыемства пры 5-й калёніі і, паводле прадстаўніцы Сьледчага камітэту Юліі Ганчаровай, атрымаў незаконную грашовую ўзнагароду ад камэрцыйнай фірмы.

«Згодна з атрыманымі дадзенымі, падпалкоўнік унутранай службы, які знаходзіўся на гэтай пасадзе, заключыў кантракт на пастаўку вырабаў прадпрыемства на адрас замежнай камэрцыйнай фірмы і арганізаваў яго выкананьне. За пасьпяховае выкананьне дамовы ён атрымаў ад кіраўніка камэрцыйнай структуры грашовыя сродкі ў асабліва вялікім памеры. Дзеяньні падазраванага кваліфікаваныя паводле артыкулу 430-га — атрыманьне хабару. У адносінах да яго абрана мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту».

Адметна, што падобныя выпадкі карупцыі ў калёніях сталі ці ня нормай. Гэтак, сёлета ў лютым у Магілёўскай вобласьці быў затрыманы начальнік калёніі № 46, які, паводле сьледзтва, браў хабар. Летась у Гомельскай вобласьці гэтаксама на хабары папаўся намесьнік начальніка адной з калёній.

Чаму вытворчасьць у калёніях становіцца спрыяльнай глебай для карупцыі? Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка ўзначальвае праваабарончую ўстанову «Плятформа інавэйшн», якая займаецца праблемамі беларускіх вязьняў. Ён мяркуе, што карупцыя ў беларускіх калёніях і папраўчых установах адкрытага тыпу грунтуецца на нявольніцкай, фактычна бясплатнай працы зьняволеных. Мэханізмы гэтай карупцыі Андрэй Бандарэнка акрэсьлівае гэтак:

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

«Адзін з такіх мэханізмаў — гэта калі асуджаныя, якія знаходзяцца ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіроўваюцца на працы, дзе зь імі не заключаюць ніякай дамовы. У выніку ўсе грошы, якія зарабілі асуджаныя, пераходзяць у рукі ці кіраўніка ўстановы, ці некага з кіраўніцтва. А асуджаным грошы выдаюць па сваёй волі, колькі захочуць. Што да калёній, то там ідзе праз разьмяшчэньне нейкіх заказаў, якія ў калёніі ацэньваюцца ў адну суму, а прадстаўнікі камэрцыйных структураў разьлічваюцца з супрацоўнікамі калёніі па іншых тарыфах. Ці іншае выкарыстаньне тавараў, якія вырабілі вязьні. То бок шмат варыянтаў скарыстаць нявольніцкую працу асуджаных. З улікам таго, што асуджаныя атрымліваюць за сваю працу ўсяго ад 400 рублёў да 10 тысяч на месяц, гэта дае больш як 100% рэнтабэльнасьць для любога тавару».

Паводле зьвестак установы «Плятформа інавэйшн», беларускія вязьні ў асноўным шыюць адзеньне ці яго элемэнты, вырабляюць дробную гаспадарчую прадукцыю, а таксама вырабы з дрэва, у тым ліку мэблю — дзе ёсьць адпаведная вытворчасьць. Таксама ў некаторых калёніях вырабляюць камплектуючыя для сельгастэхнікі, трактароў.

Але збольшага вязьні занятыя на працы малакваліфікаванай. Былому кандыдату на прэзыдэнта Дзьмітрыю Вусу, які ў 2011 годзе адбываў пакараньне за Плошчу ў магілёўскай калёніі, давялося вязаць гамакі. Прадпрымальнік зарабляў менш за сто тысяч рублёў, зь якіх, як кажа, амаль усё вылічалі на харчаваньне, турэмную адзежу ды іншае. Паводле Дзьмітрыя Вуса, вытворчасьць у калёніі ў прынцыпе нерэнтабэльная, а мадэрнізаваць яе і ўжываць сучасныя падыходы да бізнэсу адміністрацыя не зацікаўленая. Дзьмітрый Вус згадвае пра марныя прапановы вязьняў ажывіць гэтую вытворчасьць:

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус

«Вязьні, якія трапілі туды паводле эканамічных артыкулаў, прапаноўвалі нейкую новую вытворчасьць адкрыць, але адміністрацыя Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў гэта не вітала. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана, але ініцыятыву вязьняў яны не падтрымалі. А ў самога Дэпартамэнту не хапае сродкаў, каб стварыць нармальныя ўмовы працы вязьняў».
XS
SM
MD
LG