Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Скульптар Міско: «Грошай на помнік Сапегу няма таму, што іх ніхто не зьбірае»


Леў Сапега

Леў Сапега

У Слонімскім райвыканкаме заявілі, што грошы, якія зьбіралі на помнік канцлеру ВКЛ Льву Сапегу, ня зьніклі, як паведамілі многія СМІ. Але іх сабралі так мала, што нестае нават на макет.

З 2008 году ў Слоніме зьбіралі грошы на помнік земляку — славутаму канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу. Днямі зьявілася інфармацыя, што яны нібыта зьніклі. Гэта вельмі ўсхвалявала слонімцаў.

Мясцовы краязнаўца і пісьменьнік Сяргей Чыгрын узгадвае, што грошы, асабліва ў 2008 годзе, зьбіраліся вельмі актыўна, бо людзі сапраўды жадалі мець у горадзе помнік Льву Сапегу. Ужо было вызначана месца пад помнік, а скульптар Іван Міско, які сам паходзіць са Слонімшчыны, зрабіў макет.

Сяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын

Чыгрын: «Сам скульптар некалькі разоў сустракаўся з рознымі старшынямі райвыканкаму, і яны яму паабяцалі ўсё зрабіць. Дарэчы, вырашылі менавіта адкрыць рахунак на райвыканкам, бо былі зацікаўленыя, каб грошы акумуляваліся ў адным месцы, каб паставіць помнік і разьлічыцца са скульптарам».

Галоўны бухгальтар Слонімскага райвыканкаму Валянціна Мурашка абвергла паведамленьні пра тое, што грошы з рахунку зьніклі. Паводле яе, некаторы час таму ў сувязі зь пераназваньнем банку зьмяніўся разьліковы рахунак, але пра зьмену рахунку паведамлялася ў раённай газэце.

Мурашка: «Тыя грошы, якія сабралі на помнік Сапегу, — яны ў нас на рахунку і знаходзяцца. Але вы ж выдатна разумееце, што нават праект і макет помніка каштуюць вялікіх грошай. А тыя вялікія грошы ніхто нам ня даў, не падараваў. А тое, што сабралі людзі, то каб я агучыла гэтую лічбу, вы б, напэўна, упалі з крэсла».

Суму, сабраную на помнік, бухгальтарка назваць адмовілася, заявіўшы, што такую інфармацыю можа даць толькі пасьля пісьмовага запыту. А я пацікавіўся зборам грошай у ідэалягічным аддзеле Слонімскага райвыканкаму. Галоўны спэцыяліст Андрэй Казінскі нічога ня чуў пра гісторыю з грашыма.

Казінскі: «Наш аддзел дакладна гэтай справай не займаўся. Вось, да прыкладу, што да помніка аўганцам, які плянуецца ўсталяваць у Слоніме, то мы бярэм у гэтым удзел. А наконт Сапегі — я ня ў курсе...»

Галоўны спэцыяліст аддзелу культуры райвыканкаму Галіна Данільчык адносна помніка Сапегу адказала прыкладна тое самае.

Данільчык: «Аддзел культуры гэтым пытаньнем не займаўся. Помнікамі культуры гісторыка-культурнага значэньня мы займаемся, а гэты помнік яшчэ толькі зьбіраюцца будаваць — мы гэтым пытаньнем не займаліся».

Скульптар Іван Міско сказаў нашаму радыё, што праект помніка Льву Сапегу быў зацьверджаны афіцыйна Рэспубліканскай манумэнтальнай радай больш як пяць гадоў таму.

Апошнім разам (год таму), калі ён цікавіўся ў старшыні райвыканкаму, як справы з помнікам, яму адказалі, што грошай на гэта няма. Сам Міско перакананы, што грошай няма толькі з тае прычыны, што ніхто іх толкам не зьбірае, і перш за ўсё ўлады.

Міско: «Ды гэтым папросту ніхто не займаецца. А трэба пастаянна рабіць аб’явы, ладзіць мерапрыемствы, суботнік, да прыкладу абвясьціць на фабрыцы ці заводзе і сказаць людзям, што грошы зьбіраюцца на помнік Сапегу. І толькі тады нешта атрымаецца. І, дарэчы, тады гэты помнік будзе не за бюджэтныя грошы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG