Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вакульчык: Суд над Гайдуковым будзе закрытым


 Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Судовыя слуханьні па справе Андрэя Гайдукова, абвінавачанага ў здрадзе дзяржаве, хутчэй за ўсё, пройдуць за зачыненымі дзьвярыма, паведаміў журналістам у чацьвер старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык.

«Безумоўна, суд будзе закрытым», — сказаў Вакульчык.

Пры гэтым ён адзначыў: «Я думаю, што пасьля таго, як будзе абвешчана рашэньне суду, тыя людзі, якія яго абаранялі, апынуцца ў нязручным становішчы. Ён не пасьпеў зьдзейсьніць злачынства, быў своечасова выяўлены, але гэта была, як мы кажам, клясыка — усё было зроблена чыста».

Вакульчык таксама ўдакладніў, што прад’яўленае Гайдукову абвінавачаньне не мянялася, паведамляе Інтэрфакс.

Матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненьні да А.Гайдукова паступілі ў Віцебскі абласны суд.

Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада 2012 г. у Віцебску супрацоўнікамі КДБ. Гайдукоў працаваў на «Нафтане» і быў намесьнікам кіраўніка незарэгістраванай беларускай моладзевай арганізацыі «Саюз маладых інтэлектуалаў».

Паводле КДБ, ён займаўся па заданьні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару і быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка са «зьвесткамі, якія цікавяць замежныя спэцслужбы».

У дачыненьні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт.356 «Здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці», ён быў зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Андрэю Гайдукову пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG