Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сарыюш-Вольскі паставіў пад сумнеў мандат Палецкіса


 Яцэк Сарыюш-Вольскі

Яцэк Сарыюш-Вольскі

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі заявіў, што Юстас Палецкіс, аўтар справаздачы аб сытуацыі ў Беларусі, ня быў афіцыйна пасланы ў Менск Эўрапарлямэнтам.

З такой заявай польскі палітык выступіў у інтэрвію Польскаму радыё.

Ён мяркуе, што Юстас Палецкіс пабываў у Беларусі з уласнай ініцыятывы альбо на запрашэньне мясцовых уладаў.

Яцэк Сарыюш-Вольскі тлумачыць сваю пазыцыю тым, што афіцыйная місія Эўрапарлямэнту патрабуе зацьвярджэньня Канфэрэнцыяй Старшынь Эўрапейскага парлямэнту, але нічога не вядома пра тое, што гэта было зроблена ў выпадку паездкі ў Менск Юстаса Палецкіса.

Паводле Сарыюш-Вольскага, пра паездку таксама не была паінфармаваная дэлегацыя Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі.

«Справаздача Палецкіса выклікае спрэчкі. Будзе дыскусія і будуць папраўкі, якія прывядуць да вяртаньня да першаснай лініі Эўрапарлямэнту.

На цяперашнім этапе прагрэсуючага заняпаду ўсялякіх формаў дэмакратыі, а таксама пры выразным ахаладжэньні адносін беспадстаўна заклікаць да скасаваньня візавых санкцыяў альбо да ўключэньня недэмакратычна абраных дэпутатаў беларускага парлямэнту ў структуры „Эўранэсту“», — падкрэсьліў Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Сёньня ў Эўрапарлямэнце адбываецца абмеркаваньне справаздачы Палецкіса, напісанай ім па выніках візыту ў Менск.

Камісія па замежных справах Эўрапарлямэнту першы разглядае справаздачу 30 траўня. Папраўкі ў яе прымаюцца да 5 чэрвеня. Другі разгляд камісіяй заплянаваны на 8 ліпеня, галасаваньне – на 9 ліпеня. Абмеркаваньне гэтага дакумэнта на пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту чакаецца ў верасьні 2013 года.

Тут можна прачытаць справаздачу Юстаса Палецкіса па-ангельску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG