Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сацыял-дэмакраты працягваюць праз суд даводзіць, што яны ня «банда»


Мікалай Залозны

Мікалай Залозны

У Ленінскім судзе Магілёва пад старшынствам судзьдзі Андрэя Юрчанкі разглядаюцца пазовы Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» аб абароне дзелавой рэпутацыі юрыдычнай асобы і сябра партыі Мікалая Залознага, які бароніць свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

Адказчыкам выступае начальнік жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства «Магілёўаблсельбуд» Павал Шышоў. Адказваючы на пытаньне карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, чаму Мікалая Залознага высяляюць з інтэрнату, спадар Шышоў заявіў, што «он состоит в этой банде „Грамада“». Гэтае выказваньне і сталася нагодаю для суду.

Выказваньне пра «банду», заяўлялі 29 траўня ў судзе пазоўнікі, Павал Шышоў зрабіў наўмысна, каб зьняважыць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада». Партыйцы настойваюць, каб адказчык выступіў з аўдыёабвяржэньнем выказваньня на сайце БелаПАН і публічна выбачыўся перад партыяй.

Павал Шышоў, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, пазоваў апазыцыйнай арганізацыі і ейнага сябра не прызнае. Заяўляе, што Сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада» бандай не называў. Інтэрвію нікому не даваў. Прызнае, аднак, што яму нехта тэлефанаваў і задаваў пытаньні пра Залознага. Спадар Шышоў цьвердзіць, што той, хто званіў, не называў сябе.

Сьведка з боку адказчыка, юрыст жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства «Магілёўаблсельбуд» Віктар Гарбузоў, заяўляў суду, што ён чуў, як спадар Шышоў з кімсьці размаўляў праз тэлефон пра Залознага, але ў гутарцы слова «банда» ня чуў.

На судовым паседжаньні праслухалі аўдыёматэрыял з сайту БелаПАН пад назвай «У Магілёве з інтэрнату высяляюць сацыял-дэмакрата» Мікалая Залознага. У ім голасам, падобным да голасу Паўла Шышова, прамаўляецца фраза «Он состоит в этой банде „Грамада“». Павал Шышоў і пасьля праслухоўваньня працягвае настойваць, што такой фразы не гаварыў — гэта мантаж.

Суд не задаволіў хадайніцтва пазоўнікаў, каб заслухаць тлумачэньні аўтара публікацыі Алеся Асіпцова. Адмоўлена было і ў просьбе праслухаць ягоны рабочы матэрыял, зь якога рабіліся публікацыя. Як заяўлялі пазоўнікі, на стужцы журналіст называе сябе і кажа, што вядзецца запіс гутаркі для публікацыі. Суд адмову аргумэнтаваў тым, што Асіпцоў не заяўляўся на пачатку працэсу як сьведка і прысутнічаў на пасяджэньні.

Суд таксама не задаволіў і хадайніцтва пазоўнікаў аб правядзеньні экспэртызы выказваньня Шышова ў апублікаваным аўдыёматэрыяле і рабочай стужцы Асіпцова. Як даводзілі суду сацыял-дэмакраты, экспэртыза вызначыла б, ці падробленыя запісы.

30 траўня суд працягнецца.
XS
SM
MD
LG