Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі тры гады таму Лукашэнка даў палітычны прытулак у Беларусі зрынутаму кіргіскаму кіраўніку Курманбеку Бакіеву, здавалася, былі задаволеныя ўсе. Вось нядаўна былы прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева заявіла, што яна дала згоду на ад’езд Бакіева ў Беларусь, зважаючы на просьбу прэзыдэнтаў Расеі, ЗША і Казахстану. То бок вялікія дзяржавы знайшлі краіну, якую не шкада, якой няма чаго траціць з гледзішча міжнароднай рэпутацыі, каб зьняць палітычную напружанасьць у Кіргізстане.

Зь іншага боку, задаволены быў і Лукашэнка. Ён апынуўся на кароткі момант у цэнтры ўвагі ўсясьветных мэдыяў. Да таго ж гэта была псыхалягічная кампэнсацыя за перажыты страх: як лёгка зрынулі паўнаўладнага кіраўніка, ды яшчэ з маўклівай згоды Расеі.

Прайшло тры гады. Здавалася б, палітычная вастрыня тагачаснай падзеі прытупілася, яна стала гісторыяй. Аднак цяпер высьвятляецца, што гэта ня так. Кіргізстан патрабуе ад Беларусі выдаць Бакіева і ягоных паплечнікаў, якія хаваюцца ў Беларусі. Паводле кіргіскіх крыніц, на беларускай тэрыторыі знаходзіцца ня толькі брат Бакіева, але і каля 30 грамадзян Кіргізстану, якіх шукаюць праваахоўныя органы гэтай краіны. Такім чынам, справа Бакіева ператварылася ў палітычную праблему вонкавай палітыкі Беларусі. Яна стала стрэмкай, ранай, якая шчыміць.

Але справа Бакіева псуе ня толькі двухбаковыя беларуска-кіргіскія адносіны. Калі Беларусь і Кіргізстан уваходзяць у шэраг інтэграцыйных аб'яднаньняў (СНД, АДКБ, ЭўрАзЭС), то гэта становіцца праблемай для працэсаў інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Пра што сьведчыць ігнараваньне Лукашэнкам нефармальнага саміту АДКБ у Бішкеку. А з улікам таго, што Кіргізстан хоча далучыцца да Эўразійскага зьвязу ў складзе Беларусі, Расеі і Казахстану, то гэта стварае новую дыпляматычную калізію. Удумайцеся ў сытуацыю: шчыльны саюз імкнуцца пабудаваць краіны, якія ўзаемна адклікалі сваіх амбасадараў. Як вядома, адкліканьне амбасадараў – гэта акт дыпляматычнай вайны.

Больш за тое, справа Бакіева ўжо ператварылася і ў асабістую праблему Лукашэнкі. Ён адмовіўся ехаць у сталіцу Кіргізстану Бішкек на нефармальны саміт АДКБ у апошні момант. Цікава, што яшчэ ў сакавіку Лукашэнка зьбіраўся ляцець на гэтае мерапрыемства. Ён сустракаўся з генэральным сакратаром АДКБ Бардзюжам і абмяркоўваў парадак дня паседжаньня ў Бішкеку. Але раптам перадумаў.

У 2010 годзе, калі Лукашэнка даў палітычны прытулак Бакіеву, то ўсяляк падкрэсьліваў, што той – законны прэзыдэнт, а ўладу ў Кіргізстане захапілі бандыты. І вось цяпер да гэтых «бандытаў» трэба ехаць у госьці. Адно гэта ўжо непрыемна.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Кіргіскія мэдыі паведамлялі, што падчас візыту Лукашэнкі ў Бішкек там адбудуцца акцыі пратэсту. Людзі зьбіраліся патрабаваць выдачы Бакіева, якога ў Кіргізстане лічаць злачынцам. А вось гэта ўжо сур'ёзны ўдар па тым вобразе, які беларускі лідэр шмат гадоў прэзэнтуе.

Справа ў тым, што Лукашэнка лічыць сябе палітыкам вельмі папулярным на постсавецкай прасторы. У 1990-я гады яго сустракалі ў шмат якіх месцах былога СССР натоўпы прыхільнікаў. Бо ён тады стварыў імідж галоўнага інтэгратара, а настальгія па Савецкім Саюзе была вялікая. І вось цяпер мог здарыцца прэцэдэнт. Не ў якой-небудзь Літве ці Польшчы, а ў постсавецкай краіне яго магла сустрэць грамада пратэстоўцаў.

І ён спужаўся. Вырашыў ня ехаць у Бішкек. Але атрымалася вельмі нязграбна. 28 траўня, у аўторак, кіраўнікі краін-чальцоў АДКБ ляцяць у Бішкек на саміт гэтай арганізацыі. А Лукашэнка ў гэты ж самы час ляціць у суседнюю сталіцу – Астану, на паседжаньне Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады, якое, як меркавалася, павінна было пачацца вечарам таго ж дня. Аднак саміт АДКБ у Бішкеку зацягнуўся. І паседжаньне ў Астане пачалося толькі днём 29 траўня, у сераду. І Лукашэнка цэлыя суткі чакаў, пакуль прыляцяць Пуцін і Назарбаеў.

Калі кажуць пра міжнародную ізаляцыю Беларусі, то гаворка найперш ідзе пра напружаныя адносіны з краінамі па-за межамі СНД. Чакаць прыёму кіраўнікамі іншых дзяржаў, сядзець у засадзе Лукашэнку не ў навіну. У сакавіку ён амаль пяць сутак чакаў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, калі яго прыме кіраўнік дзяржавы, але так і не дачакаўся. І вось цяпер высьвятляецца, што нават на постсавецкай прасторы кіраўнік Беларусі – у ізаляцыі.

Вось так праз тры гады справа Бакіева адгукнулася нечаканым рэхам, нават бумэрангам. І нагадала, што за неразумныя рашэньні даводзіцца расплачвацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG