Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У судзьдзяў завялікі заробак, каб яны ім рызыкавалі»


Як складваюцца кар’еры судзьдзяў, якія трапілі ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША?

У сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу і Эўропы, які дзейнічаў да студзеня 2011 году, сярод 39 фігурантаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам было 4 судзьдзі. Пасьля масавых адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году да сьпісу былі далучаныя яшчэ амаль 120 асобаў, сярод якіх 29 судзьдзяў.

Крымінальныя прысуды былым кандыдатам на прэзыдэнта, чальцам іх выбарчых штабоў і проста грамадзкім актывістам мелі наступствам тое, што ў 2011 годзе колькасьць судзьдзяў у «чорным сьпісе» павялічылася яшчэ на 20 чалавек. Праз год непажаданых у Эўропе судзьдзяў зноў паболела на 20 асобаў. Такім чынам, цяпер у «чорным сьпісе» 73 судзьдзі. Як складаюцца іхнія кар’еры? Ці ўплывае на кар’ерны лёс тое, што судзьдзя стаў неўязным?

Яшчэ ў першы сьпіс «непажаданых» у Эўропе чыноўнікаў трапіў тагачасны судзьдзя Маскоўскага раённага суду Аляксей Рыбакоў. Трапіў за тое, што асудзіў на 5 гадоў зьняволеньня былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Цяпер Аляксей Рыбакоў працуе судзьдзём Вярхоўнага суду — гэта, бадай што, самая адметная кар’ера, якую зрабіў судзьдзя з «чорнага сьпісу».

На другое месца што да кар’ернага ўзьлёту можна паставіць хіба судзьдзю Людмілу Грачову, якая дакладна 2 гады таму ў якасьці шараговай судзьдзі Ленінскага раённага суду Менску судзіла кандыдатаў на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама яшчэ шасьцёх удзельнікаў Плошчы, зь якіх за краты не адправіла толькі аднаго. Цяпер Людміла Грачова займае пасаду намесьніка старшыні Ленінскага раённага суду. Ці дапамагло яе кар’ернаму росту знаходжаньне ў «чорным сьпісе»?

Былы судзьдзя Гары Паганяйла адзначае, што кар’ерны рост некаторых судзьдзяў пачаўся адразу пасьля гучнага палітычнага працэсу. Але ня толькі новай пасадай вызначаецца посьпех таго ці іншага судзьдзі, заўважае Гары Паганяйла:

«Можна ж і не адсачыць некаторыя рэчы. Прыкладам, падвышэньне кляснага чыну, які таксама прысвойвае Лукашэнка. У судзьдзяў ёсьць клясныя чыны, як у чыноўнікаў. Таксама ёсьць узнагароды. Такім чынам, гэта абгрунтавана, калі кажуць, што „чорны сьпіс“ спрыяе кар’еры. Але некаторых з гэтага сьпісу гэта не ўратавала, і іх за правіннасьці звольнілі».

У студзені 2013 году паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі судзьдзя Маскоўскага райсуду Любоў Сімахіна перайшла на працу ў Менскі гарадзкі суд. Любоў Сімахіна вынесла першыя прысуды ўдзельнікам падзеяў 19 сьнежня 2010 году — асудзіла да пакараньняў, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі, расейскіх грамадзян Брэўса і Гапонава.

Паводле таго ж указу Лукашэнкі была вызваленая ад пасады судзьдзі Вольга Комар, якая першай асудзіла да рэальнага зьняволеньня актывіста Плошчы Васіля Парфянкова. «Скончыўся пяцігадовы тэрмін, і я прыняла рашэньне больш судзьдзёй не працаваць», — сказала Вольга Комар карэспандэнту Свабоды і паведаміла, што спрабуе зараз зноў стаць адвакатам, чым ужо займалася да працы судзьдзёй.

Найбольш скандальна склалася кар’ера судзьдзяў Цэнтральнага раённага суду Алены Ільіной, Валера Есьмана і Тацяны Паўлічук, якія таксама фігуруюць у сьпісе неўязных. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, судзьдзі з парушэньнем паўнамоцтваў дапамагалі былому пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру, якога абвінавацілі ў карупцыі. У выніку судзьдзяў адхілілі ад працы. Зь іх да былой працы вярнуўся толькі Валер Есьман, які па-ранейшаму судзіць у Цэнтральным судзе Менску, у тым ліку актывістаў апазыцыі.

Як узьдзейнічаць на судзьдзяў, калі нават знаходжаньне ў «чорным сьпісе» не спрыяе таму, каб яны выносілі прысуды паводле закону, а не загаду?

Праваабаронца Валер Шчукін выказваецца за радыкальныя захады: «Трэба гэтага судзьдзю „заклеіць“ улёткамі: дом, у якім ён жыве, лецішча, на якім ён адпачывае. Аўтамабіль абклеіць улёткамі. Не псаваць, ня драпаць — а абклеіць улёткамі. А ўсё астатняе не дзейнічае. Занадта вялікія ў іх заробкі, каб яны імі рызыкавалі дзеля справядлівага прысуду».

Былая дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова трымаецца думкі, што на сумленьне судзьдзяў лепш паўплывае ня пуга, а пернік: «Найбольш плённыя захады — гэта не забарона, а наадварот — далучэньне. Для звычайных грамадзянаў — праз танныя візы, для чыноўнікаў — праз навучаньне, кантакты, уцягваньне ў каштоўнасьці Эўропы».
XS
SM
MD
LG