Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд дакладу Палецкіса перанесьлі на 30 траўня


Разгляд камітэтам Эўрапарлямэнту па замежных справах справаздачы дакладчыка па Беларусі Юстаса Палецкіса перанесены на 30 траўня.

Пра гэта паведамілі ў брусэльскім офісе эўрадэпутата.

Даклад падрыхтаваны для Эўракамісіі, Рады ЭЗ і Службы зьнешніх дзеяньняў Эўракамісіі.

Раней плянавалася, што справаздача ў першым чытаньні будзе разгледжана 29 траўня. Аднак разгляд перанесьлі на 30 траўня. Палецкіс ня змог прысутнічаць на пасяджэньні камітэту, бо мае шэраг сустрэч у рамках сэсіі Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» («Эўранэст»).

На мінулым тыдні Палецкіс паведаміў БелаПАН, што пасьля абмеркаваньня на пасяджэньні камітэту ў дакумэнт можна будзе ўносіць папраўкі і прапановы. У жніўні камітэт разгледзіць даклад у другім чытаньні, а ў верасьні ён будзе вынесены на абмеркаваньне на пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту.

Даклад быў падрыхтаваны па выніках візыту Палецкіса ў Менск 18–21 сакавіка. Тады ён сустрэўся з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі і праваабаронцы абурыліся, што ў падрыхтаваным дакладзе сказана пра паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе.

Палецкіс сьцьвярджае, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі, разьмешчанай на праваабарончым сайце «Вясна», дзе паведамлялася, што ў 2012 годзе ў Беларусі было зафіксавана ў тры разы менш рэпрэсіяў, арыштаў, затрыманьняў і ператрусаў, чым у 2011 годзе.

Падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце Радыё Свабода 24 траўня Палецкіс прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека» ў справаздачы няўдалая і будзе замененая.
XS
SM
MD
LG