Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадзіць ці бегаць?


Хадзьба і бег зьяўляюцца найбольш папулярнай фізычнай актыўнасьцю ў ЗША. Што лепей для здароўя — даўно абмяркоўваецца. Гэтаму прысьвечаны шэраг новых дасьледаваньняў.

Калі, напрыклад, вы хочаце кантраляваць сваю вагу — лепей бегаць. У дасьледаваньні, апублікаваным у мінулым месяцы ў Medicine & Science in Sports & Exercise, дасьледчыкі назіралі за 15 237 хадакамі і 32 215 бегунамі. Удзельнікаў пыталіся пра іх вагу, акружнасьць таліі, дыету, бег альбо хадзьбу на пачатку дасьледаваньня і праз 6 гадоў.

На пачатку дасьледаваньня бегуны былі худзейшыя за тых, хто ходзіць. І на працягу ўсяго дасьледаваньня яны захавалі сваю масу цела і фізычную форму лепей за тых, хто практыкуе хадзьбу.

Розьніца была асабліва заўважная сярод удзельнікаў, старэйшых за 55 гадоў. Бегуны ў гэтым узросьце ня рухаюцца шмат і ўвогуле расходуюць болей калёрый за тыдзень падчас фізычных практыкаваньняў, чым хадакі ў тым самым узросьце.

Чаму бег лепшы для кантраляваньня вагі, чым хадзьба, не зусім ясна. Гэта можа падавацца відавочным таму, што бег больш напружаны чым хадзьба і падчас яго спальваецца болей калёрый за гадзіну. І гэта праўда. Але дасьледчыкі зьвяртаюць увагу на тое, што расход энэргіі і ў бегуноў, і ў хадакоў за тыдзень прыкладна аднолькавы, але пры гэтым бегуны кантралююць сваю вагу лепей у доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Адной з прычынаў можа быць тое, што бег і хадзьба па-рознаму ўплываюць на апэтыт. Пасьля прыкладна аднолькавых затратаў энэргіі валанцёрам бегунам і хадакам прапанавалі швэдзкі стол. Тыя, што хадзілі, былі больш галоднымі і спажывалі на 50 калёрый больш, чым спалілі падчас гадзіннай хадзьбы на бегавой дарожцы. З другога боку бегуны спажывалі ежы на 200 калёрый менш, чым згарэла падчас бегу.

Бегуны пасьля трэніроўкі мелі значна больш высокі ўзровень у крыві гармону, які адказвае за зьніжэньне апэтыту. У хадакоў узровень гэтага гармону ня быў павялічаны.

З другога боку новыя дасьледаваньні паказваюць, што хадзьба можа быць ня менш, а нават і больш каштоўная. Аказалася, што і ў бегуноў, і ў хадакоў у роўнай ступені зьменшыліся рызыка разьвіцьця ўзроставай катаракты ў параўнаньні з тымі людзьмі, якія вядуць сядзячы лад жыцьця.

І, бадай, самае суцяшальнае з новых дасьледаваньняў. Аказваецца, што ў бегуноў рызыка высокага крывянога ціску, нездаровага ўзроўню халестэрыну, цукровага дыябэту і сардэчных захворваньняў меншая, чым у іх аднагодкаў зь сядзячым ладам жыцьця. Але ў хадакоў паказьнікі яшчэ лепшыя. Бегуны, напрыклад, зьніжаюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворваньняў на 4,5 адсоткі, калі яны бегаюць гадзіну ў дзень. Хадакі, якія выдаткоўваюць аднолькавую колькасьць энэргіі ў дзень, зьніжаюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворваньняў больш чым на 9 працэнтаў.

Наколькі расход энэргіі хадакоў адпавядае расходу энэргіі бегуноў? Паводле навукоўца Пола Ўільямса, хадакам трэба гуляць у паўтара раза далей, і гэта займае ўдвая больш часу. З другога боку, людзі, якія пачынаюць хадзіць, часта больш нездаровыя, чым тыя, якія пачынаюць бегаць, і таму карысьці для здароўя ад гэтай актыўнасьці можа быць суразмерна больш.

«Варта нагадаць, што і хадзьба, і бег здаравейшыя, чым не рабіць нічога», кажа доктар Уільямс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG