Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Беларусі здала расейцам «фальшывага» вэтэрана


90-гадовага Сяргея Маслава з падмаскоўнага пасёлку Мамантаўка патрабуюць пазбавіць званьня ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны і адпаведных ільготаў.

Такі пазоў у суд накіраваў пракурор Маскоўскай вобласьці — паведамляе сайт Маскоўскай абласной пракуратуры. Да таго ж пракурор патрабуе пазбавіць Маслава юбілейных мэдалёў. Пра ваенныя мэдалі, а ў Маслава ёсьць і яны, размова пакуль не ідзе.

Рашэньне было прынятае на падставе матэрыялаў крымінальнай справы, якія трапілі да расейскіх праваахоўных органаў з Генэральнай пракуратуры Беларусі.

«Дакумэнты былі перададзеныя яшчэ ў сьнежні, — паведаміў Радыё Свабода кіраўнік прэсавай службы Генэральнай пракуратуры Пётар Кузьняцоў. — Іх зьмест — гэта службовая інфармацыя. Канкрэтна па гэтай справе нічога патлумачыць не магу». Не паведаміў Пётар Кузьняцоў і пра тое, колькі такіх запытаў паступае да іх у пракуратуру.

Тым ня меней беларускія гісторыкі пэўныя: няма падставаў і доказаў, каб называць Маслава карнікам. У тыя гады ў здрадзе Радзіме людзей абвінавачвалі тысячамі, накіроўвалі ў лягеры і прысуджалі да расстрэлу. Маслаў адбыў у лягерах 10 гадоў, а пасьля быў нават амніставаны. «Калі ён сапраўды ў карных апэрацыях удзельнічаў, то ў тыя гады за гэта 10 гадоў не давалі», — пераконвае гісторык Ігар Кузьняцоў.

Магчымая віна Маслава толькі ў тым, што ён карыстаўся званьнем удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, прысвойваў сабе ордэны і атрымліваў належныя вэтэранам ільготы.

Справа Маслава — чарговая ў шэрагу выкрыцьцяў «фальшывых» вэтэранаў. Адметны факт: зварот у праваахоўныя органы па Маславу напісала тая ж вэтэранская арганізацыя г. Пушкіна, якая выявіла «фальшывую» генэральшу Аляксандру Грыняеву, дарэчы, з той жа Мамантаўкі, што і Сяргей Маслаў. '

Сумненьні ў сапраўднасьці ўзнагародаў Маслава і ягоных ваенных подзьвігаў узьніклі яшчэ 10 гадоў таму. У выданьні Красная звезда зьявіўся артыкул з падрабязным дасьледаваньнем і доказамі таго, што Маслаў ня мог атрымліваць тыя ордэны і мэдалі, якія носіць.

У Пушкінскай радзе вэтэранаў таксама не хаваюць, што падазрэньні наконт сумнеўнага вэтэранства Маслава былі даўно. Старшыня саюзу вэтэранаў Пушкіна Людміла Кандрашова сказала газэце «Вечерняя Москва», што ўздымаць пытаньне з вэтэранствам Маслава забаранялі ФСБ-шнікі. Аднак цяпер дайшло да позвы ў суд.

«Тое, што ў яго такое званьне, — гэта ўжо пытаньне да адпаведных органаў, — мяркуе гісторык Ігар Кузьняцоў. — Ён жа не хаваў свайго прозьвішча? Гэта савецкая бюракратычная машына так спрацавала. Плацілі яму 30 гадоў — гэта не ягоная віна. Усё гэта было зроблена на падставе пэўных дакумэнтаў».

Сяргей Маслаў нарадзіўся ў 1923 годзе, магчыма, у горадзе Калуга.

Тое, што ў яго такое званьне, — гэта ўжо пытаньне да адпаведных органаў. Ён жа не хаваў свайго прозьвішча? Гэта савецкая бюракратычная машына так спрацавала. Плацілі яму 30 гадоў — гэта не ягоная віна
Ігар Кузьняцоў
Паводле матэрыялаў архіву, лейтэнант Сяргей Маслаў (нар. 1923) у 1942 годзе служыў на Калінінскім фронце ў 11-м кавалерыйскім корпусе як афіцэр штабу сувязі. 22 ліпеня 1942 году трапіў у палон і нібыта паведаміў там месцазнаходжаньне групы афіцэраў штабу корпуса, у выніку чаго іх таксама ўзялі ў палон.

Сьледзтва сьцьвярджае, што ў сьнежні 1942 году Маслаў добраахвотна перайшоў на бок ворага і стаў камандзірам узводу «ўсходняга» вучэбнага палку ў Бабруйску, дзе рыхтаваў салдат да карных акцыяў.

Пазьней стаў камандзірам узводу карнага батальёна «Мітэ», атрымаўшы званьне лейтэнанта вэрмахту. Зь лета 1943 па верасень 1944 г. у складзе карнага батальёна Маслаў праводзіў акцыі супраць францускіх партызанаў, а пасьля — супраць войскаў саюзьнікаў. 9 верасьня 1944 году трапіў у палон да амэрыканцаў.

Маслаў нібыта заяўляў пра сваё жаданьне адмовіцца ад савецкага грамадзянства, аднак у 1945 годзе яго адправілі ў Нямеччыну ў савецкую акупацыйную зону.

«Прысудам вайсковага трыбуналу Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Нямеччыне Сяргей Маслаў быў асуджаны паводле артыкула 58-1 „б“ УК РСФСР з пазбаўленьнем волі ў ВТЛ тэрмінам на 10 гадоў і з пазбаўленьнем вайсковага званьня за супрацоўніцтва зь немцамі ў палоне і спробу здрадзіць радзіме ў амэрыканскім лягеры ваеннапалонных».

У 1955 годзе Маслава амніставалі. А ў 1980-м Адзінцоўскі аддзел вайсковага камісарыяту Маскоўскай вобласьці выдаў яму бестэрміновае пасьведчаньне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

«Пасьля вайны такія справы заводзіліся сотнямі тысяч, — пацьвярджае супрацоўнік Генэральнай пракуратуры Пётар Кузьняцоў. — У мяне ў канцы 80-х гадоў быў выпадак, калі я сам пісаў заключэньне пра чалавека, які застаўся на акупаванай тэрыторыі, не пасьпеў сысьці. Ён быў інжынэрам па водазабесьпячэньні. І немцы, даведаўшыся, канечне, прымусілі яго на сябе працаваць. А пасьля ён быў рэабілітаваны. Натуральна, мы яго рэабілітавалі. Вада ж усім патрэбная».

Выпадкі, калі ўдзельнікі карных батальёнаў пасьля атрымлівалі званьне вэтэранаў вайны, ужо нават адседзеўшы ў савецкіх турмах, здараліся, — кажа гісторык Алесь Пашкевіч. — Найбольш клясычны — выпадак Рыгора Васюры , які камандаваў украінскім падразьдзяленьнем, якое спаліла Хатынь. Ён таксама меў статус вэтэрана, а пасьля ўжо стала вядомая ягоная роля ў гэтых падзеях«.

У «паплечнікаў» Васюры быў такі ж статус. «З усіх куткоў Саюзу іх прыводзілі на суд, з мэдалямі, з ордэнамі, — кажа Пашкевіч. — А Васюру прыгаварылі да сьмяротнага пакараньня».

«Сам факт знаходжаньня ў карных фармаваньнях — яшчэ ня доказ таго, што чалавек карнік. Трэба шукаць доказы, што канкрэтна гэты чалавек рабіў такія злачынствы», — тлумачыць гісторык.

У самога Маслава была зусім іншая вэрсія свайго вайсковага мінулага. Азнаёміцца зь ёю можна ў публікацыі адной з расейскіх газэтаў — паводле яе, ён герой-кавалерыст. А ордэн Чырвонай Зоркі надзеў на яго сам генэрал-лейтэнант Масьленьнікаў, зьняўшы са сваіх грудзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG