Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэграцыя, пры якой адзін — дамінуе, другі — падпарадкоўваецца


Адметнасьцю сёньняшняга паседжаньня найвышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады ў Астане стаў удзел у ім прэзыдэнтаў Украіны і Кіргізстану. Абедзьве гэтыя краіны не ўваходзяць ні ў Мытны зьвяз, ні ў Адзіную эканамічную прастору, якія стварылі Беларусь, Казахстан і Расея. У Астане лідэры Кіргізстану і Ўкраіны былі прадстаўленыя ў статусе назіральнікаў.

Амаль усё сёньняшняе паседжаньне, як перадаюць з Астаны, прайшло за зачыненымі дзьвярыма. Тое, што дазволілі на пачатку сустрэчы паслухаць і запісаць журналістам, не выходзіла за межы агульных фраз пра дабратворны ўплыў інтэграцыі на эканоміку ўсіх краін. Аднак насамрэч сярод удзельнікаў Мытнага зьвязу нямала супярэчнасьцяў.

У мінулую пятніцу першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Міхневіч публічна выказаў незадаволенасьць дамінаваньнем Расеі ў Адзінай эканамічнай прасторы. Беларускі чыноўнік сказаў, што гэта асабліва яскрава бачна на прыкладзе працэдуры зьмяненьня мыта. Калі такая прапанова гучыць з Масквы, усё вырашаецца цягам трох тыдняў. Калі ж прапануе Менск, то прапанова разглядаецца месяц-два.

Эканамічны зьвяз Беларусі, Казахстану і Расеі не выглядае аб’яднаньнем раўнапраўных партнэраў,— адзначае эканаміст Аляксандар Чубрык:

«А якая магчымая мадэль інтэграцыі паміж Расеяй і, напрыклад, Беларусьсю, і ў пэўнай ступені Казахстанам? Памеры гэтых эканомік нельга супаставіць, параўнаць. Калі мы гаворым пра гандлёвую інтэграцыю паміж, напрыклад, ЗША і Эўразьвязам, то гэта адна рэч. Альбо паміж краінамі Эўразьвязу, якія адносна падобныя паводле сваіх памераў і дзе ніводная краіна ня будзе вельмі моцна цягнуць коўдру на сябе. Там усё ж такі пэўны балянс існуе. Хоць там дамінуюць некаторыя краіны з найбуйнейшай эканомікай. Таму ў Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану і Расеі мадэль інтэграцыі можа быць толькі адна — цэнтар і пэрыфэрыя».

Акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая сказала «Свабодзе», што яе ня дзівіць зацягнутасьць сустрэчы ў Астане:

«Там шмат чаго ёсьць абмяркоўваць: і стварэньне Адзінай эканамічнай прасторы, і функцыянаваньне ў рамках яе, і ўзаемныя прэтэнзіі краін... Там вельмі вялікае кола пытаньняў. Але, як гэта ні дзіўна гучыць, гэта нармальна. Нармальна ў тым сэнсе, што гэта абмяркоўваецца. Па памерах, па структуры, па сваёй арыентаванасьці — гэта абсалютна розныя краіны. Больш за тое, мэты інтэграцыі ў іх былі абсалютна розныя».

Сёньня кіраўнікі трох краін зноў пацьвердзілі свой намер — стварыць да 1 студзеня 2015 году Эўразійскі эканамічны зьвяз. Я спытаўся ў эканаміста Тачыцкай: наколькі гэта рэальна?

«Я коратка адкажу: рэальна. Але ключавое тут слова не „стварыць“, а словы „структура, якая эфэктыўна функцыянуе“. Дакумэнты можна скласьці якія заўгодна. Я, напрыклад, магу сказаць, што я цяпер знаходжуся дзе заўгодна. Але досьвед эўразоны нам паказвае — проста стварыць, проста ўключыць, проста сказаць — гэтага мала».

Аналітык BISS Андрэй Елісееў лічыць: Украіна, нягледзячы на сёньняшні ўдзел яе прэзыдэнта ў інтэграцыйным паседжаньні, ня будзе паўнавартасна ўваходзіць у гэты праект:

«Яна, па ўсім відаць, будзе падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. А адначасова ўваходзіць у дзьве структуры — супярэчыць адно аднаму. Але калі Ўкраіна ня ўвойдзе ў эўразійскае аб’яднаньне, гэта зробіць яго ў вялікай ступені бяззубым. Украіна — настолькі вялікая краіна, у яе такая буйная эканоміка, што Расея вельмі чакала і працягвае чакаць, што Ўкраіна ўвойдзе ў Адзіную эканамічную прастору. Але гэта малаверагодна».

Мытны зьвяз Беларусі, Казахстану і Расеі пачаў функцыянаваць з 2011 году. Са студзеня 2012 году пачалі дзейнічаць базавыя пагадненьні па фармаваньні Адзінай эканамічнай прасторы. У лютым 2012 году запрацавала Эўразійская эканамічная камісія.

Наступнае паседжаньне адбудзецца ў кастрычніку ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG